НА МАРАФОНСКАЙ ДЫСТАНЦЫІ…

Официально

Каб запрасіць педагогаў да адкрытага дыялога, упершыню на Валожыншчыне, у рамках абласнога, прайшоў раённы педагагічны марафон “Інтэлект. Інавацыі. Поспех”, у якім прынялі ўдзел 530 педагагічных работнікаў. 76 педагогаў з 20 устаноў адукацыі атрымалі магчымасць праявіць сябе, рэалізаваць прафесійныя здольнасці.

Пяць дзён таленавітыя і ініцыятыўныя настаўнікі, выхавацелі, класныя кіраўнікі, сацыяльныя педагогі і псіхолагі, маладыя спецыялісты навучальных і выхаваўчых устаноў раёна дзяліліся вопытам і ідэямі, папаўнялі скарвамі, пазакласнымі мерапрыемствамі.

Стартаваў марафон у гімназіі № 1 райцэнтра і распачаўся Днём настаўніка-прадметніка. У гэты дзень усе жадаючыя змаглі наведаць адкрытыя ўрокі і факультатыўныя заняткі такіх карыфеяў педагагічнага майстэрства раёна, як С. К. Шакун, Ж. А. Бобрык, І. У. Уланчык, В. Л. Шаргародская, Л. У. Хвядчэня, А. А. Макарэвіч, Г. К. Ісмагулава і інш. Затым эстафету перанялі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка”, на базе якога праходзіў Дзень дашкольнага работніка, і Івянецкая сярэдняя школа, яна запрасіла на майстар-класы маладых настаўнікаў. Арганізатары спадзяюцца, што абучаючыя семінары “Сучасны ўрок: якім яму быць” і “Урок – вяршыня майстэрства”, педдыскусія ўдзельнікаў Клуба маладога настаўніка дапамогуць моладзі хутчэй спасцігнуць азы прафесійнага майстэрства. Найлепшымі здабыткамі пазакласнай работы дзяліліся больш вопытныя класныя кіраўнікі, якія выхавалі не адно пакаленне творчых і таленавітых вучняў, у Дзень работніка дадатковай адукацыі, класнага кіраўніка, куратара вучэбнай групы, які праходзіў у сярэдняй школе № 1 райцэнтра. Шмат гаварылася пра новыя падыходы ў арганізацыі работы з сям’ёй і пра спрадвечныя агульначалавечыя каштоўнасці, на якіх неабходна выхоўваць падрастаючае пакаленне. Тут можна было не толькі азнаёміцца з вопытам калег, але і многія ідэі ўзяць на ўзбраенне.

Сваё кола праблем у рамках педмарафона абмеркавалі работнікі спецыяльнай адукацыі, метадычнай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў, а таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна. У якасці лепшых адзначаны майстар-класы па саломапляценню педагога дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Т. А. Курылы, “Арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў па хіміі” настаўніцы СШ № 2 Т. В. Халявінскай, “Педсавет: тэорыя, тэхналогія, практыка” намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 А. І. Клачко, прэзентацыі вопыту работы педагога-псіхолага гімназіі Т. М. Бубневіч, настаўніка-дэфектолага Пяршайскай школы-сада Т. В. Міхайлавай, бібліятэкара Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната Л. Ф. Ціхановіч, аўтарскага курса “Валожыназнаўства” настаўніцы геаграфіі гімназіі № 1 С. В. Федаракі і інш.

Педмарафон даў магчымасць абмяняцца вопытам і стварыць банк даных эфектыўнага педагагічнага і кіраўніцкага вопыту ў раёне. Гэта добры старт на дасягненне якасных вынікаў на працягу наступіўшага вучэбнага года. У апошні, фінальны дзень былі падведзены вынікі і ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі найбольш актыўныя і таленавітыя педработнікі, а таксама навучальныя і выхаваўчыя ўстановы, на базе якіх праходзілі этапы марафона.

Па выніках абласнога педмарафона плануецца надрукаваць спецыялізаваны дапаможнік, у якім будзе раскрыты перадавы вопыт настаўнікаў, паказана, наколькі паспяхова дзейнічае сістэма адукацыі Міншчыны ў рэалізацыі трох “і”: інавацыі, інвестыцыі, ініцыятывы.

Галіна Карымаўна ІСМАГУЛАВА,

настаўніца пачатковых класаў Ракаўскай сярэдняй школы:

– У рамках педмарафона давялося двойчы праводзіць майстар-класы. Першы раз у дзень адкрыцця ў гімназіі я як кіраўнік факультатыва “Творчыя майстэрні” паказала майстар-клас “Свет кветак рукамі дзяцей”, на якім прапанавала розныя тэхналогіі вырабу кветак з паперы. У якасці кансультантаў выступілі выхаванцы майго гуртка, а “навучэнцамі” – педагогі, выхавацелі, кіраўнікі. З цікавасцю назірала за тым, як “прафесіяналы”-школьнікі давалі парады, рабілі слушныя заўвагі дарослым, а тыя, у сваю чаргу, з вучнёўскай стараннасцю імкнуліся авалодаць такімі тэхналогіямі, як арыгамі, тарцаванне, скручванне крэпавай паперы і інш. І ў іх руках з’яўляліся прыгожыя ружы, гіяцынты, крокусы, вяргіні, цюльпаны. Другі раз – у Дзень работніка метадычнай службы ў сярэдняй школе № 2 прапанавала майстар-клас “Аб ролі даследчай дзейнасці ў пачатковай школе”. Думаю, што ўрокі, мерапрыемствы педмарафона ў першую чаргу былі карысныя для маладых настаўнікаў.

Ніна Уладзіміраўна БОБРЫК,

дырэктар сярэдняй школы № 1 райцэнтра:

– Педагагічны марафон праходзіў у раёне ўпершыню, аднак такая форма работы апраўдала сябе, даказала што гэта найлепшая магчымасць абмяняцца вопытам, паказаць свае напрацоўкі і пераняць лепшае ў калег з іншых навучальных устаноў. Наша школа была задзейнічана амаль кожны з пяці марафонскіх дзён. Дзяліліся вопытам, праводзілі майстар-класы на базе іншых школ А. А. Макарэвіч, І. А. Касаногава, Т. А. Дабравольская. Самі прымалі гасцей у Дзень класнага кіраўніка, паказалі 9 мерапрыемстваў на ўсіх ступенях навучання. Сярод лепшых адзначу “Сакратаўскую гутарку” І. С. Жытарук, эстэтгадзіну пра захаванне сямейных традыцый з удзелам бацькоў М. І. Шапуцька і Е. В. Рудовіч, інфармацыйную гадзіну “7 цудаў Беларусі” С. Г. Косік, пасяджэнне клуба “Прававед” Л. І. Еўко і інш.  Асабіста я ўдзельнічала ў інтэрактыўным семінары “Новая якасць адукацыі: праблемы, перспектывы, шляхі дасягнення”, які на высокім узроўні правяла на базе Ракаўскай школы намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Іванаўна Мілюткіна.

Хочацца падзякаваць аддзелу адукацыі за насычаны план мерапрыемстваў гэтага тыдня, рознабаковую падачу, максімальны ахоп усіх бакоў педагагічнай дзейнасці.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий