Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728   nshtejner@mail.ru

 Напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны ў фае Палаца Рэспублікі разгарнулася выстава “Беларусь адзіная”.

На выставе ад Мінскай вобласці прадстаўлены работы таленавітых івянецкіх ганчароў Алега Капусты і Уладзіміра Сасноўскага, кераміста Міласлава Раманоўскага, што стварае папулярныя івянецкія свістулькі. Наведвальнікі выставы не абміналі ўвагай і прыгожыя нацыянальныя паясы, якія ракаўчанка Хрысціна Лямбовіч тчэ на ніту.

Вёска Дубіна рыхтуецца да юбілею, які запланаваны на канец жніўня. Краязнаўцы знайшлі першае пісьмовае ўпамінанне пра гэты населены пункт у 1496 годзе.

Да 525-годдзя аргкамітэт падрыхтаваў выданне, дзе сабраны гістарычныя матэрыялы, паданні, успаміны пра вядомых людзей, якія выйшлі з Дубіны, рэдкія фотаздымкі, вершы і многія іншыя матэрыялы. Кніга ўбачыць свет у выдавецтве “Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь”. Называцца зборнік будзе “Вось такая Дубіна”. Складальнікі імкнуліся не забыць нікога і нічога, што стварае багатую гісторыю дадзенага населенага пункта. Адкрые кнігу распрацаваная эмблема вёскі Дубіна.

Баршчавік Сасноўскага – не проста шкодная, але і каварная расліна. На працягу апошніх гадоў яна распаўсюдзілася на вялікай тэрыторыі па ўсіх рэгіёнах Беларусі, і з ёй не перастаюць змагацца, выдаткоўваючы на гэтыя мэты значныя сродкі.

 У бягучым годзе тэндар на выкананне мерапрыемстваў па хімічнай апрацоўцы месцаў, дзе распаўсюджаны баршчавік Сасноўскага, у нашым раёне выйграў аддзел па надзвычайных сітуацыях. З мясцовага бюджэту выдзелены 44 тысячы рублёў. Апрацаваны ўсе плошчы, уключаныя ў план, а гэта 73 гектары. Самая значная папуляцыя расліны-шкодніка знаходзіцца ў Івянецкім і Ракаўскім сельсаветах. Больш за ўсё – у раёне вёскі Суднікі. Планамерная хімічная апрацоўка на працягу апошніх сямі гадоў дае станоўчыя вынікі. Папуляцыя змяншаецца, але не так хутка, як хацелася б, бо ў баршчавіка надзвычай жывучае насенне.

Неўзабаве ў Івянцы з’явіцца яшчэ адна аптэка. Яна вельмі патрэбна гарадскому пасёлку.

Прыватная аптэка пачала будавацца на вуліцы Заслонава, што ідзе да рынку, яшчэ вясной. Зараз у памяшканні вядуцца аддзелачныя работы. Узводзіць дадзены аб’ект мясцовы прадпрымальнік Дзмітрый Міхайлавіч Сацура. Трэба зазначыць, што нейкія перамены адбудуцца і ў аптэцы, размешчанай на першым паверсе шматкватэрнага дома на плошчы Івянца. “Белфармацыя” выкупіла памяшканне, якое да гэтага часу арандавала. Месца вельмі выйгрышнае, але невялікае. Для 5-тысячнага пасялення адной аптэкі яўна недастаткова.

Раённае таварыства інвалідаў дапамагае сваім членам у самых розных жыццёвых сітуацыях.

Вось не так даўно Сяргею Сімакіну з вёскі Подберазь і Івану Мархелю з Сакаўшчыны былі дастаўлены многафункцыянальныя ложкі, што для інвалідаў стала вялікім шчасцем. А Дар’я Троцкая з вёскі Макараўка стала ўладальніцай спецкаляскі для хворых з ДЦП. Жыхары Валожына Любоў Дзяцел і Іван Базык, а таксама івянчане Павел Адамцэвіч і Іван Рудовіч набылі інвалідныя каляскі. Дастаўлялі гэтыя рэчы старшыня праўлення таварыства інвалідаў Віктар Субач разам з работнікамі сацыяльнай службы. Адначасова кожны атрымаў невялікія падарункі ў выглядзе карысных мюсляў.

На пляцоўцы ля Дома культуры ў Івянцы традыцыйна 25 чэрвеня было зладжана Купалле.

 Для гарадскога пасёлка Купалле з’яўляецца адным з брэндавых свят, якога чакаюць жыхары ўсіх узростаў, госці, да якога рыхтуюцца культработнікі. Быў купальскі касцёр, плылі па рацэ вянкі, спявалі і танцавалі дзяўчаты. Працавалі атракцыёны. А яшчэ ў гэты вечар былі адзначаны гаспадары некаторых дамоў, што падтрымліваюць на падворках чысціню і прыгажосць. Граматы ад пасялковага Савета дэпутатаў і невялікія падарункі былі ўручаны Любові Мітрафанаўне Каткевіч і Наталлі Яўгенаўне Івашка, а таксама сям’і Віктара і Надзеі Шымак. У бягучым годзе раўненне ў добраўпарадкаванні івянчане трымаюць на іх.

У нашага РКБА адкрыліся тры новыя зоны абслугоўвання. Праўда, знаходзяцца яны ў суседнім Стаўбцоўскім раёне.

З 1 ліпеня валожынскія бытавікі абслугоўваюць жыхароў аграгарадка Налібокі, вёсак Ніўнае і Хотава ў Стаўбцоўскім раёне ў сувязі з закрыццём у Стоўбцах уласнага камбіната. Будзе арганізаваны выязны гандаль і прыёмка заказаў. Хочацца спадзявацца, што мясцовыя жыхары будуць задаволены работай КУП “Валожынскі камбінат бытавога абслугоўвання”. А новыя кліенты вельмі патрэбны. Па-ранейшаму не на поўную моц працуе пральня. У месяц тут мыюць усяго да 1 тоны бялізны, хаця маглі б і больш. На летні перыяд да пастаянных кліентаў далучыўся аздараўленчы лагер “Усход” з-пад Ракава.