У добры шлях, ліцэісты!

Молодежный курьер Общество

Куратар Алена Канстанцінаўна КУЦУК і майстар вытворчага навучання Мікалай Антонавіч КАМІНСКІ выводзяць сваю групу ў імправізаваную залу.

 

Выконваючая абавязкі дырэктара Марына Міхайлаўна ВІРШЫЧ уручае грамату Таццяне ВАРАНЕЦ

Сёлета ўстанову адукацыі закончылі 57 юнакоў і дзяўчат. Пад бурныя апладысменты бацькоў і гасцей свята яны разам з куратарамі і майстрамі вытворчага навучання выйшлі ў імправізаваную залу. Ганаровую місію ўручэння дакумента аб адукацыі ажыццявіла выконваючая абавязкі дырэктара Марына Віршыч. Навучэнцы чатырох груп па чарзе падымаліся на сцэну. У гэтыя хвалюючыя хвіліны кожны прысутны адчуваў гонар за моладзь, што ў бліжэйшы час прыступіць да сваіх прафесіянальных абавязкаў на першых працоўных месцах. Маладыя спецыялісты атрымалі размеркаванне на швейныя фірмы і фабрыкі “Юнона”, “Eliz” і “Людміла”, ільнокамбінат, ААТ “Агра-Дубінское”, КСУП “Пяршаі-2014”, СГУ “Бабровічы” і іншыя гаспадаркі раёна і вобласці.

Двайное свята ў матулі двух выдатных выпускнікоў Франца і Івана ПУПА. У гэты дзень юнакі атрымалі не толькі дыпломы, але і былі ўзнагароджаны граматамі за актыўны ўдзел у творчым жыцці ліцэя, годныя паводзіны, мэтанакіраванасць, ад прэзідыума раённай арганізацыі ТВВОД – за актыўны ўдзел у рабоце па прадухіленні гібелі людзей на водах, у дадатак Франц стаў пераможцам у намінацыі “Спартсмен года”. Сама ж Наталля Міхайлаўна адзначана падзячным лістом за дастойнае выхаванне сыноў.

Марына Міхайлаўна таксама ўручыла дваццаці васьмі маладым людзям граматы за выдатныя поспехі ў вучобе, дастойныя паводзіны, актыўны ўдзел у творчым жыцці ліцэя, дабрыню, спагадлівасць, неабыякавыя адносіны да тых, хто побач, мэтанакіраванасць. Падзячныя лісты ад адміністрацыі і педагагічнага калектыву ўстановы за дастойнае выхаванне сваіх сыноў і дачок атрымалі бацькі 17 выпускнікоў. Узнагароджванне за дасягненні ў спорце правяла кіраўнік фізічнага выхавання Ганна Івашкевіч. 9 юнакоў і дзяўчат атрымалі з яе рук дыпломы пераможцаў у намінацыі “Спартсмен года”.

Таццяна Мікалаеўна САКАЛОВА з сынам Яраславам.

Падчас урачыстасці Дыплом I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымаў навучэнец Уладзіслаў Таўгень за перамогу ў Рэспубліканскім конкурсе “ТэхнаЁлка”. Дыпломамі I і II ступеняў Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама былі ўзнагароджаны выкладчык Таццяна Шумская і майстар вытворчага навучання Анатоль Карповіч.    

Шмат добрых слоў віншаванняў і настаўленняў прагучала ў адрас выпускнікоў ад выкладчыкаў, бацькоў, малодшых навучэнцаў ліцэя. Музычныя нумары падарылі ім выхавацель Марына Яцкевіч, першакурснік Мікіта Салано Пірагоў.

Майстар вытворчага навучання Алена Юр’еўна КАРПОВІЧ з выпускной групай робяць здымак на памяць.

Ад імя ўсіх выпускнікоў выступіла Ганна Лашук. Яна выказала шчырыя словы ўдзячнасці работнікам ліцэя, якія на працягу трох гадоў з дня ў дзень думалі і клапаціліся пра іх, бацькам за самаадданую, усеабдымную, безумоўную любоў. Вельмі кранальна і пранікнёна прагучала песня “Маміны рукі” ў выкананні Таццяны Варанец.

На заканчэнне мерапрыемства па традыцыі прадстаўнікі выпускных груп прынялі ўдзел у пасадцы туй на Алеі выпускнікоў. Пройдуць гады, павялічыцца колькасць дрэўцаў, як і колькасць маладых людзей, якім установа адукацыі дала пуцёўку ў дарослае жыццё, а ў ліцэі будуць радавацца сустрэчам з былымі навучэнцамі і гасцінна расчыняць дзверы для новых. Хутка пачнецца чарговая ўступная кампанія. У Валожынскім сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі чакаюць кожнага юнака і дзяўчыну, што пасля заканчэння дзевяці класаў школы вырашаць менавіта тут набываць далейшую адукацыю.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара