Каштоўнасці, якія нас аб’ядноўваюць

2021 - Год народнага адзінства

Уладзіслаў КІЗІК, вучань 10 класа СШ № 1 г. Валожына

У беларускай мове ёсць прыгожае і непаўторнае слова – талака. Талакой беларусы ўзворвалі поле, убіралі ўраджай, талакой і адпачывалі. Менавіта ў гэтым слове заключаецца менталітэт беларусаў – дзейнічаць разам. Невыпадкова 2021 год у нашай краіне аб’яўлены Годам народнага адзінства.

Жыць адзінай нацыяй – галоўная каштоўнасць любой дзяржавы. А ўсё пачынаецца з адзінства сям’і, яе каштоўнасцей.

Мая сям’я бярэ пачатак з двух родаў: Кізік і Конаўка, якія, у сваю чаргу, з’яўляюцца нашчадкамі Вайткевічаў і Альшэўскіх. Менавіта гэтыя прозвішчы падарылі мне жыццё, перадалі вопыт, навучылі любіць родны край. Вывучаючы радаслоўную, я многае даведваюся з гісторыі Валожыншчыны, многаму вучуся ў сваіх продкаў. Яны не сталі вядомымі, не здзейснілі нічога адметнага – яны проста жылі па справядлівасці і даражылі асабістым гонарам і гонарам свайго роду.

 Мой прапрадзед Альшэўскі Барталамей нарадзіўся ў Пінскім павеце Мінскай губерні ў другой палове XIX стагоддзя. Да канца стагоддзя ён чамусьці перасяліўся ў вёску Букатова Ашмянскага павета Віленскай губерні. Па сямейных паданнях прапрадзед “пацярпеў” з-за адданасці каталіцкай веры. Так можна меркаваць, улічваючы гістарычныя падзеі 1860-х гадоў, але мне здаецца, што патомкі Барталамея хацелі крышачку прыхарошыць жыццё продка. Думаю, Барталамей Альшэўскі проста знайшоў больш выгадныя ўмовы працы, наняўшыся служыць батраком у маёнтак прагрэсіўнага графа Храбтовіча. Тут, у наваколлі мястэчка Вішнева, мой прапрадзед ажаніўся, выгадаваў дванаццаць дзяцей. Усе яны былі дастойнымі свайго бацькі: сумленныя працаўнікі, якія любілі зямлю і марылі пра яе. Толькі ў 1921 годзе сын Барталамея Франц змог набыць надзел зямлі, які ў хуткім часе давялося раздзяліць паміж сынамі.

Мой прадзед Вікенцій – сапраўдны селянін. І ўсё ж ён разумеў, што адукацыя дзяцей – важная і сур’ёзная справа. Адзін з яго сыноў вывучыўся на сталяра; другі – на краўца; трэці, гонар бацькі, стаў ветфельчарам. Тады, у далёкія 1940-1950-я гады, прадзед наўрад ці мог уявіць, што ўсе яго ўнукі (а іх восем чалавек) атрымаюць вышэйшую адукацыю, і праўнукі працягнуць гэту традыцыю. Яны працуюць у розных сферах: адукацыя, праграмаванне, бухгалтэрыя, сувязь. Але іх аб’ядноўвае пачуццё гонару за род, любоў да гэтага месца, адкуль выйшлі іх бацькі.

У свайго дзеда Казіміра Конаўкі я запазычыў цікавасць да гісторыі Беларусі. Мой дзед – вельмі дапытлівы чалавек, які пастаянна займаецца самаадукацыяй. У лютым гэтага года ён адзначыў 90-гадовы юбілей, а яго светламу розуму і цвярозасці думкі можна пазайздросціць. Дзяцінства дзядулі прыйшлося на ваенны час, таму пра школьнае жыццё ён узгадвае з гумарам: “У першы клас пайшоў пры паляках – пачалася Другая сусветная вайна. Праз два гады ізноў пайшоў у першы клас, але ўжо пры саветах – ізноў прагрымела вайна. Трэці раз пайшоў у першы клас ужо пры немцах. Вось такія мае “ўніверсітэты”. Пасля вайны дзед чатырнаццацігадовым падлеткам-мужычком ледзьве-ледзьве скончыў чатыры класы. Не да вучобы было: старэйшы ў сям’і, давялося дапамагаць бацьку па гаспадарцы. Усё жыццё Казімір Аляксандравіч Конаўка працаваў на зямлі, у калгасе. А вечарамі чытаў Біблію, падручнікі дочак, мастацкую літаратуру. Ён – патрыёт любімай Беларусі і ўпэўнены, што кожны чалавек павінен размаўляць і маліцца на роднай мове.

Другога дзеда, на жаль, я не бачыў. Ён памёр за два гады да майго нараджэння. З успамінаў бацькі і бабулі ўяўляю яго так: майстар на ўсе рукі. Аб гісторыі роду Кізік ведаю мала, але ўзмоцнена працую над гэтай пакуль што тайнай. Нядаўна на адным з сайтаў знайшоў дакумент, у якім паведамляецца пра гераічнае мінулае прадзеда па лініі бацькі. Высветлілася, што Кізік Фёдар Якаўлевіч ваяваў у наступальных баях на поўначы горада Варшава ў складзе Другога беларускага фронта. У 1944 годзе быў паранены, узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

Я ганаруся сваімі продкамі. Я люблю сваю сям’ю, бо гэта самая галоўная каштоўнасць, якая ўсіх нас аб’ядноўвае.