Моладзь працу паважае

Молодежный курьер

У рамках Тыдня моладзі, які супаў з перыядам арганізацыі работ па другаснай занятасці непаўналетніх, у Валожыне прайшоў Дзень працы. Падрыхтавалі і правялі мерапрыемства з удзелам членаў працоўнай брыгады  гімназіі № 1 г. Валожына супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама пры падтрымцы некаторых арганізацый райцэнтра.

 З раніцы ў гімназіі адбылася сустрэча юнакоў і дзяўчат, каму аддзел занятасці прадаставіў магчымасць заробку падчас фарбавання агароджы вакол установы адукацыі, з намеснікам начальніка ўпраўлення Марынай Іода і спецыялістам аддзела занятасці Святланай Няфёдавай. Дырэктар гімназіі Алена Клачко пахваліла вучняў-дзевяцікласнікаў (некаторыя працуюць другі год) за іх якасную работу і пажадала ў далейшым жыцці дабівацца поспеху і павагі ад людзей праз метанакіраванасць і намаганні. Свае пажаданні юным працаўнікам выказалі і госці, а таксама іх непасрэдны кіраўнік педагог-арганізатар Ілона Макарэвіч. Марына Аляксандраўна перадала гімназістам спецыяльна падрыхтаваныя пакеты з прафарыентацыйнай літаратурай, расказала пра цэнтр занятасці і як ён можа дапамагчы маладым людзям, у якіх, напрыклад, паступленне ў ВУЗ ці СУЗ не адбылося з першага разу.

 

Намеснік дырэктара ДЛГУ “Валожынскі лясгас” Сяргей Мікеня прыбыў у гімназію не з пустымі рукамі. Ён прывёз шэсць туй. Сяргей Мікалаевіч адзначыў, што арганізацыя, якую ён прадстаўляе, аб’ядноўвае 380 чалавек. Працуюць яны па больш чым 20 спецыяльнасцях, аднак кожны прафесіянал лесу самым пачэсным абавязкам лічыць пасадку дрэў. Пад яго кіраўніцтвам хлопцы і дзяўчаты ў той жа дзень высадзілі зялёны падарунак на тэрыторыі ўстановы адукацыі.

У першы ў сваім жыцці Дзень працы вучні сумесна з прадстаўнікамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з мэтай пашырэння кругагляду адносна прафесій, што існуюць на прадпрыемствах райцэнтра, пабывалі ў райаграпрамтэхніцы, на вытворчым участку Маладзечанскага малочнага камбіната, завіталі ў арт-кафэ “Мы разам” на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара