Успомнілі Настаўніка і Творцу

Культура

У сярэдзіне кастрычніка ў вёсцы Вішнева адбылася сустрэча-ўспамін “Сваё любіў да самазабыцця…”

Яна прысвячалася слаўнаму земляку, беларускаму паэту і перакладчыку, былому настаўніку Вішнеўскай сярэдняй школы Пятру Іванавічу Біталю, які 20 гадоў таму пакінуў гэты свет.

Ладзілася мерапрыемства па ініцыятыве народнага літаратурна-мастацкага  аб’яднання “Рунь” Валожынскага РЦК, сумесна з Вішнеўскім СДК і мясцовай бібліятэкай. На сустрэчу-ўспамін прыехалі дачка, сын, унучка П. І. Біталя з мужам, а таксама вядомы краязнавец і пісьменнік з г. Маладзечна Міхась Казлоўскі.

Напачатку прынялі ўдзел у богаслужэнні, якое правёў у Вішнеўскай царкве Св. Касьмы і Даміяна айцец Аляксандр, усклалі кветкі на магілы Пятра Іванавіча, яго вернай і адданай спадарожніцы жыцця – Ніны Пятроўны, а таксама вядомай беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло.

Працягвалася мерапрыемства па ўшанаванню памяці слаўнага земляка ў Вішнеўскай сельскай бібліятэцы. У шчырай сяброўскай абстаноўцы ліліся цёплыя, сардэчныя, удзячныя ўспаміны пра роднага, блізкага чалавека, пра Настаўніка, чыталіся яго паэтычныя радкі і прысвечаныя яму вершы валожынскіх паэтаў. І здавалася, што Пятро Іванавіч не толькі прыязна глядзеў з партрэта, асветленага агеньчыкам свечкі, але і сам нябачна прысутнічаў сярод нас…

Валянціна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ,

кіраўнік народнага

літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК.

 



Добавить комментарий