Яшчэ не ўсё паспела

Люди и судьбы

З лёгкім адценнем зайздрасці прыхіляюся перад людзьмі, якім характэрна адметнасць ва ўсім. Жывуць па сваім, уласнай рукой напісаным сцэнарыі, не залежаць ад чужой думкі. Наконт любой падзеі маюць пэўнае меркаванне. Займаюцца любімай справай, нават калі яна не зразумелая  іншым і не прыносіць прыбытку.  А яшчэ для іх не існуе праблемы ўзросту, бо душа ў чалавека з няўрымслівай натурай заўсёды  маладая. Усё гэта пра нашу сённяшнюю гераіню – ураджэнку вёскі Навасёлкі, пазней – валожынку, а ў апошнія гады – жыхарку Вішнева Марыю ТРАПАШКА, якая  днямі адзначыла 80-годдзе.

Марыя Іосіфаўна – вядомы на Валожыншчыне музыкант і педагог. Шмат гадоў плённа працавала ва ўстановах культуры і адукацыі. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак працягвае творчую самарэалізацыю – піша музыку і вершы, спявае і іграе на аргане падчас набажэнстваў у касцёле Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі, актыўнічае на Фэйсбуку, выдала некалькі зборнікаў са сваімі музычнымі і літаратурнымі набыткамі. Пры гэтым абаяльная жанчына застаецца пяшчотнай матуляй, цешчай, бубуляй і прабабуляй.

Усе мы  родам з дзяцінства  

Улічваючы яе таленты, можна было б дапусціць, што вырасла сярод моцна адукаваных людзей. На самай справе, продкі – звычайныя сяляне. Для іх бясконцая праца на зямлі стала сродкам самавызначэння. І дзяцей – сына і дачку – рыхтавалі да падобнай будучыні.  Матуля і бацька былі цудоўнымі людзьмі, непазбаўленымі творчага пачатку і жыццёвай мудрасці. Маці, вельмі музыкальная ад прыроды, тонка адчувала кожны гук і ад душы абуралася, калі хтосьці “галёкаў” неўпапад. Яна апантана любіла жывых істот і дзяцей вучыла міласэрна ставіцца нават да розных жучкоў-павучкоў, часта паўтарала: “Усе хочуць жыць, яны – таксама…” Жанчына, відавочна, мела добрую інтуіцыю – без вывучэння біялогіі адчувала ўзаемасувязь звёнаў у прыродным ланцужку. Бацька таксама славіўся адметнасцю. Ён не выгаворваў літару “р”, але па-майстэрску будаваў гутарку так, што абыходзіўся без яе. Літаральна кожнае слова тут жа падмяняў адпаведным сінонімам ці цэлым выразам. Пра тое, як  Юзюк Гаўрыс трапна гуляе са словамі, каб пазбегнуць “цяжкай” літары, у наваколлі хадзілі легенды.

У палоне стэрэатыпаў

І ўсё ж, што значыць знаходзіцца ў палоне стэрэатыпаў, Марыя Іосіфаўна ведае з дзяцінства. Вучыцца дзецям не забаранялі, наадварот, хвалілі за добрыя адзнакі, аднак стаўку на іх адукацыю не рабілі. Таму, калі Марыйка скончыла 7 класаў Навасёлкаўскай школы і пажадала працягваць вучобу ў Вішневе, бацька ў катэгарычнай форме сказаў сваё “не!”. У выніку яна некалькі гадоў займалася хатняй гаспадаркай, вучылася шыць, вязаць, вышываць. Сітуацыя задавольвала ўсіх, акрамя самой дзяўчынкі. Ёй, энергічнай, кемлівай, паўсядзённасць здавалася невыноснай, вабіла музыка, хацелася па-сапраўднаму паглыбіцца ў чароўны свет гарманічных гукаў, асвоіць музычны інструмент, дзяліцца талентам з людзьмі. Яны з братам рабілі спробы ўласнымі рукамі змайстраваць балалайку, а з дапамогай умельца-суседа – нават цымбалікі. Дзіўна, але штосьці з гэтага выходзіла. Нязграбныя з выгляду самаробкі гучалі. Але адораная дзяўчына з адчаем усведамляла: не тое.

 У кожнага бывае шанц

Вядома, што калі чалавек моцна да чагосьці імкнецца, жыццё абавязкова дашле яму шанц. Вось так атрымалася і ў яе. Старшыня калгаса шукаў музыканта ў клуб. У гэты час у Валожыне наладзілі курсы для акампаніятараў, так бы мовіць, калгасных баяністаў. Кіраўнік гаспадаркі ведаў пра здольнасці дзяўчыны і менавіта ёй прапанаваў узяцца за справу. Ах, як ёй гэтага хацелася! Вучоба, выкладчыкі, інструмент, работа… Але дома ідэю ўспрынялі без энтузіязму. Было ўсё – спрэчкі, крыўдныя словы, слёзы. Аднак прыроджаная мудрасць падказвала юнай асобе: “Другой магчымасці можа і не быць. Не здавайся!” Не здалася.

Вучыцца было цяжка. Нотная грамата для тых, хто “з нуля”, аказалася складанай. А штодзённыя паездкі ў Валожын сталі сапраўдным выпрабаваннем. Да таго ж уласнага інструмента не мела, а гэта запавольвала яго асваенне. Вытрымаўшы ўсе баталіі з бацькамі і ўрэшце атрымаўшы іх падтрымку, яна не магла збочыць з абранай дарогі. Кіраўнік калгаса купіў ёй, цяпер ужо штатнаму акампаніятару, баян. Яна зайграла! Нарэшце складаны інструмент ажыў у руках. Ды яшчэ як! Самым прыемным быў момант, калі ўпершыню выкананне дачкі пачуў бацька. Гэты знаходлівы і востры на язык мужчына быццам знямеў. Вось жа табе! Трэба верыць у сваіх дзяцей! З той пары ўсе канчаткова ўсвядомілі: Марыя – музыкант. Яна стала працаваць акампаніятарам у клубе і рыхтавацца да паступлення ў Маладзечанскае музвучылішча. Была магчымасць трапіць адразу на другі курс, каб не адно але. Не мела пасведчання аб заканчэнні музычнай школы. І ўсё ж літаральна ў апошнюю хвіліну дабілася праслухоўвання, і яе прынялі!

Музыка ў душыяе гучыць

З той пары нават паўсядзённасць гэтай жанчыны напоўнена музыкай. Спачатку працавала ў клубах, затым перайшла ў адукацыю. Працавала настаўнікам у Сакаўшчынскай, Кражынскай, Шчаўканаўскай, Румскай, Няроўскай школах, у СШ № 1, у школе-інтэрнаце. Майстэрства Марыі Трапашка як музычнага кіраўніка і яе выхаванцаў-выканаўцаў ацэнена на шматлікіх фестывалях і конкурсах. У тым ліку на рэспубліканскім конкурсе “Магутны Божа” ў Магілёве.  Члены журы і гледачы кожны раз прыходзілі ў захаплення ад шматгалосся юных спевакоў. “Дзеці без музыкальнай падрыхтоўкі спяваюць, быццам анёлы”, – такія каментарыі часта гучалі ў іх адрас,  у тым ліку і ў прэсе. Дарэчы, валожынцы, што былі вучнямі настаўніка Марыі Трапашка, успамінаюць яе ўрокі спеваў, як вельмі сур’ёзны і важны прадмет, параўноўвачы яго з фізікай і матэматыкай.

Адукаваная і таленавітая

Недавучыўшыся ў дзяцінстве, яна ў гэтым кірунку ўзяла ад жыцця ўсё, што змагла. Пасля таго, як атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю, зразумела: павінна ісці далей. Шэсць гадоў з’яўлялася студэнткай-завочніцай філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Менавіта ў той час рэалізавала сваю прагу да чытання. Многія творы, што былі ў спісе абавязковых, засталіся любімымі на ўсё жыццё. А асабістае знаёмства са многімі вядомымі пісьменнікамі – у той час выкладчыкамі дапамагло сфарміраваць адмысловы літаратурны густ. Філалагічная адукацыя пашырыла гарызонты, зрабіла таленавітага педагога яшчэ больш запатрабаваным. Шмат гадоў сумяшчала выкладанне музыкі і спеваў з урокамі беларускай і рускай мовы і літаратуры. 

 Яна іграе на фартэпіяна, электрамузыкальным інструменце, аргане. Апошні – яе вялікая любоў і сродак умацавання ўзаемаадносін з верай. Продкі былі католікамі, толькі вучоба ў савецкай школе і гады працы ў той жа сістэме не спрыялі фарміраванню рэлігійнага светапогляду. Аднак яе заўсёды цягнула ў касцёл. Ужо ў свядомыя гады пачала наведваць богаслужэнні, нарэшце стала касцельным арганістам. Арган пад яе рукамі не проста гучыць, –  спявае, натхняе вернікаў на шчырую малітву. Голас Марыі Іосіфаўны нельга назваць вялікім, затое валодае яна ім прафесійна і, як кажуць спецыялісты, дастае з яго ўсё магчымае.

 Хто ведае, якіх вышынь дасягнула б гэта жанчына, калі б у ранняй маладосці не давялося марнаваць час і сілы на непатрэбныя перашкоды на шляху адукацыі. У адным яна ўпэўнена, ніколі б не стала кіраўніком ці публічнай асобай. “Маё прызванне – вучыць іншых і ствараць музыку”, – сама акрэсліла свае магчымасці.  Так, перад намі таленавіты, але, на жаль, не прызнаны афіцыйна кампазітар. А ў яе партфоліа больш за сотню песень рэлігійнай і свецкай тэматыкі. Многія, як кажуць, пайшлі ў народ – гучаць у розных касцёлах, нават на набажэнствах, што транслююцца па тэлебачанні, некаторыя даступныя ў Інтэрнэце, а іншыя спявае для родных і блізкіх.

Самадастатковасць – аснова жыцця

 Двойчы ўдава, Марыя Іосіфаўна ўжо ў паважаныя гады з’ехала ў сельскую мясцовасць і ніводнага разу пра гэта не пашкадавала. У Вішневе, дзе, здаецца, само паветра пранізана духам даўніны і духоўнасці, ёй добра. Дом, сад, агарод, любімыя жывёлы, а яшчэ камп’ютар і інструмент, за якім і нараджаюцца калі шчымлівыя, а калі жыццярадасныя мелодыі. Перад сном – томік дарагіх сэрцу Ніла Гілевіча ці Рыгора Барадуліна. А затым возьме ды і занатуе ўласны радок, што народзіцца ў думках, а мо перакладзе штосьці з рускай ці ўкраінскай мовы на беларускую. Па просьбе жыхароў наваколля яна заўсёды гатова адпець дарагіх ім сваякоў, што пайшлі з жыцця. Гэты абавязак усклала на сябе сама і, незважаючы на дрэннае самаадчуванне (што калі-нікалі бывае) ці іншыя праблемы, нясе яго з годнасцю. Раней, калі была маладзейшай і здароўе мела – дай Божа, часта адчувала стому, незадаволенасць. У той час і сама б не паверыла, што ў паважаным узросце знойдзе сілы для столькіх спраў. Ёй цікава ўсё творчае, прыгожае, вытанчанае. Скардзіцца, абмяркоўваць жыцці іншых людзей, даваць нікому не патрэбныя парады – гэта не пра яе. Яна нават са сваімі дачкой, зяцем, сынам, нявесткай, 2 унукамі і 2 унучкамі, якія падарылі чатырох праўнучак, здолела наладзіць лёгкія, не пабаюся гэтага слова, элегантныя сяброўскія адносіны. Самадастатковаць – асноўнае слова, што напісала ў яе характарыстыку само жыццё.

Яе ЛёС – яе тварэнне

Ні дня без радка. Гэта крэда расійскага пісьменніка з беларускімі каранямі Юрыя Алешы можна прымяніць і да нашай зямлячкі. Штодня з пад яе рукі выходзяць радкі нот і тэкстаў.  Нядаўна пераклала на родную мову некалькі твораў Амара Хаяма. Вось той, што лічыць найбольш блізкім для сабе:

Так-так, жыццё – імгненне.

Таму цані яго,

у ім бяры натхненне.

Яно так пойдзе, як ты павядзеш.

Заўсёды памятай, яно –

                                     тваё тварэнне!

Падумай: чорны хлеб у радасць

                                   быць нам можа,

А чорная душа – не дай ты, Божа!

Пагадзіцеся, атрымалася прыгожа. Я думаю таму, што перакладчык праз сэрца прапусціла сказанае персідскім мудрацом. Яна і сама сапраўдны філосаф, бо даўно навучылася ў любым імгненні знаходзіць падставу для  радасці, зараджаць аптымізмам тых, хто побач, і пастаянна нагадваць сабе: “Я яшчэ не ўсё паспела!”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара