Дзень адкрытых дарог

Закон и порядок Общество Официально

Учора ў Маладзечна адбылося рэспубліканскае свята «Дзень адкрытых дарог», у якім прыняла ўдзел дэлегацыя з Валожыншчыны.Да 85-годдзя з дня стварэння Дзяржаўтаінспекцыі прымеркавалі арганізатары рэспубліканскае свята “Дзень адкрытых дарог”, што прайшло ў мінулую суботу ў некалькіх гарадах рэспублікі, у тым ліку і ў Маладзечне.

У гэты дзень на цэнтральнай плошчы горада разгарнулася сапраўднае дарожнае шоу. Тут можна было паназіраць за рэтра-тэхнікай, сучаснымі аўтамабілямі і матацыкламі, што складаюць тэхнічны арсенал сучаснай дзяржаўнай аўтаінспекцыі і выкарыстоўваецца для забеспячэння бяспекі ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Жыхарам Маладзечна, Валожына і іншым гасцям свята прадаставілі магчымасць паназіраць за паказальнымі выступленнямі кінолагаў, дэманстрацыяй вопыту юных інспектараў дарожнага руху і рэгуліроўшчыкаў. Парадавалі прысутных прафесійныя артысты і аматарскія мастацкія калектывы.

У час урачыстай часткі мерапрыемства, у якой прынялі ўдзел кіраўніцтва ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, прадстаўнікі мясцовай улады, ганаровыя госці, адбылося ўручэнне ўзнагарод лепшым прадстаўнікам службы, што стаіць на варце парадку на дарогах краіны. Сярод узнагароджаных – старшы дзяржаўны інспектар аддзялення ДАІ Валожынскага РАУС Вадзім Пасека. За шматгадовую плённую службу Вадзім  Іванавіч атрымаў нагрудны знак “Выдатнік ДАІ”.

Адзін з лепшых супрацоўнікаў райаддзела ўнутраных спраў шчыра лічыць: яго місія не толькі ў тым, каб выяўляць парушальнікаў, але і дапамагаць людзям. Як адзначыў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Акушка, менавіта старшы дзяржаўтаінспектар Пасека, не чакаючы просьбы аб дапамозе, заўсёды са спагадай працягне руку таму, хто сутыкнуўся на дарозе з праблемамі. Аднак ён ніколі не закрые вочы на самыя нязначныя прыкметы таго, што чалавек за рулём можа быць нецвярозым. Яго цвёрдая пазіцыя ў дачыненні да  парушальнікаў, адказнае стаўленне да службовых абавязкаў, уменне працаваць з людзьмі неаднойчы служылі падставай для заахвочвання. У асабістай скарбонцы чалавека ў пагонах – нагрудны знак “За самаадданую службу” ІІ ступені, мноства падзяк рознага ўзроўню.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ