Прабелы ліквідуем разам

Культура

Зусім нядаўна любімая раёнка адзначала свой 70-гадовы юбілей. Прыемна было ўзгадаць творчы шлях «Іскры», «Працоўнай славы», успомніць людзей, якіх і сам ведаў, пра якіх шмат чуў ад бацькі. У юбілейным нумары ўспаміналіся рэдактары газеты. Пасля першага – Ф. І. Цалко, які працаваў у газеце з моманту заснавання, другім значыцца І. Р. Троман, што прыступіў да рэдактарскіх абавязкаў толькі ў 1947 годзе. А што адбывалася за гэты прамежак часу?
Вядома, гады нямецкай акупацыі пакінулі значны след у нашай гісторыі, многія архіўныя дакументы проста не захаваліся. А гэта значыць, што існуюць «белыя плямы», у тым ліку і ў «біяграфіі» Валожынскай раённай газеты «Іскра». Маючы ў асабістай бібліятэцы кнігі розных гадоў выдання, даведнікі пра часы Вялікай Айчыннай вайны, перачытаўшы іх уважліва, атрымаў магчымасць паведаміць чытачам пра малавядомыя звесткі аднаўлення выдання раённых газет Баранавіцкай вобласці (куды ўваходзілі землі Валожынскага раёна) на акупіраванай тэрыторыі.
Улічваючы няпростыя ўмовы вядзення супраціўлення, камандзір злучэння партызанскіх брыгад і атрадаў Баранавіцкай вобласці генерал-маёр Чарнышоў звярнуўся з асабістай просьбай да генерал-лейтэнанта Панамарэнкі накіраваць у яго распараджэнне групу вопытных журналістаў. З улікам даваеннага вопыту ідэалагічнай работы, на іх планавалася ўскласці выпуск газет. Камандзір Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панамарэнка зразумеў просьбу і адразу адгукнуўся. Першым накіраваў у злучэнне былога рэдактара абласной газеты «Чырвоная змена» Старавойтэнку. У чэрвені 1943 года на партызанскі аэрадром у Налібоцкай пушчы, паблізу невялікай лясной вёскі Печышча, даставілі шрыфты і партатыўную друкарскую машынку, якую па спецзаказу Цэнтральнага штаба падрыхтаваў механік «Палесдруку» Пільціенка. Але гэтага было недастаткова. Наступным рэйсам дастаўляюцца яшчэ 18 партатыўных друкарняў, якія зрабілі ў адным з рамесных вучылішчаў савецкай сталіцы.
Падпольны абкам КП(б)Б падбіраў і зацвярджаў рэдактараў газет і іх намеснікаў. Праўду кажучы, знайсці дастойных на гэтыя пасады з вялікай групы адкамандзіраваных у Баранавіцкае злучэнне журналістаў не заўсёды ўдавалася. Дапамога зноў прыйшла з Масквы. Адтуль у распараджэнне Чарнышова пераправілі карэспандэнта «Правды» Зямцова. У сціслыя тэрміны камплектуюцца штаты 22 раённых газет (па іншых звестках на тэрыторыі вобласці выходзілі 18 раённых газет і адна маладзёжная – «Молодой мститель», выданне падпольнага абкама камсамола). Рэдактарамі Валожынскай раённай газеты «Іскра», якая выдавалася ў 1943-1944 гады, значацца М. К. Чыжыкаў, С. А. Кузняцоў, Н. А. Гайваронскі. У падполлі газета выходзіла тыражом 500-700 экземпляраў.
Акрамя падпольных выданняў, на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці распаўсюджваліся цэнтральныя газеты «Правда», «Известия», «Красная звезда», «Комсомольская правда», «Советская Белоруссия», часопісы, лістоўкі, плакаты. За гады вайны толькі ЦК ЛКСМБ выдаў і пераправіў у Беларусь 63 лістоўкі і 2 плакаты агульным тыражом больш за 3,5 мільёна экземпляраў.
Такім чынам, кіруючыся вышэй прыведзенымі звесткамі, можна сцвярджаць, што ў нашай «Іскры» было яшчэ тры рэдактары, пра якіх раней не ўзгадвалася. Яны ўзначальвалі калектыў у суровыя гады ваеннага ліхалецця.
Васіль ШАКУН, жыхар райцэнтра.
Даведка:
1. Кузняцоў С. А. – рускі, капітан, быў старшым інструктарам палітаддзела 2-ой арміі (г. Каўнас), акружэнец, сакратар Валожынскага падпольнага райкама КП(б)Б, уваходзіў у кіруючы склад злучэння партызанскіх брыгад і атрадаў Баранавіцкай вобласці (1943-1944 г.г.).
2. Крыніцы інфармацыі:
Сукачоў Д. К. «У баях і паходах// У Прынёманскіх лясах». Мн. 1975; Будай Г. «Свінцом і словам», Мн. 1981; Гапееў Е. Д. «Іх подзвігі бессмяротныя// За край родны». Мн. 1975; Чарнышоў В. Е. «На чале народных мас супраць фашысцкіх захопнікаў// У Прынёманскіх лясах». Мн. 1975; Падпольныя партыйныя органы Кампартыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1944): Кароткія звесткі аб арганізацыі, структуры і складзе. Мн. 1975.

Зусім нядаўна любімая раёнка адзначала свой 70-гадовы юбілей. Прыемна было ўзгадаць творчы шлях «Іскры», «Працоўнай славы», успомніць людзей, якіх і сам ведаў, пра якіх шмат чуў ад бацькі. У юбілейным нумары ўспаміналіся рэдактары газеты. Пасля першага – Ф. І. Цалко, які працаваў у газеце з моманту заснавання, другім значыцца І. Р. Троман, што прыступіў да рэдактарскіх абавязкаў толькі ў 1947 годзе. А што адбывалася за гэты прамежак часу? Вядома, гады нямецкай акупацыі пакінулі значны след у нашай гісторыі, многія архіўныя дакументы проста не захаваліся. А гэта значыць, што існуюць «белыя плямы», у тым ліку і ў «біяграфіі» Валожынскай раённай газеты «Іскра». Маючы ў асабістай бібліятэцы кнігі розных гадоў выдання, даведнікі пра часы Вялікай Айчыннай вайны, перачытаўшы іх уважліва, атрымаў магчымасць паведаміць чытачам пра малавядомыя звесткі аднаўлення выдання раённых газет Баранавіцкай вобласці (куды ўваходзілі землі Валожынскага раёна) на акупіраванай тэрыторыі. Улічваючы няпростыя ўмовы вядзення супраціўлення, камандзір злучэння партызанскіх брыгад і атрадаў Баранавіцкай вобласці генерал-маёр Чарнышоў звярнуўся з асабістай просьбай да генерал-лейтэнанта Панамарэнкі накіраваць у яго распараджэнне групу вопытных журналістаў. З улікам даваеннага вопыту ідэалагічнай работы, на іх планавалася ўскласці выпуск газет. Камандзір Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панамарэнка зразумеў просьбу і адразу адгукнуўся. Першым накіраваў у злучэнне былога рэдактара абласной газеты «Чырвоная змена» Старавойтэнку. У чэрвені 1943 года на партызанскі аэрадром у Налібоцкай пушчы, паблізу невялікай лясной вёскі Печышча, даставілі шрыфты і партатыўную друкарскую машынку, якую па спецзаказу Цэнтральнага штаба падрыхтаваў механік «Палесдруку» Пільціенка. Але гэтага было недастаткова. Наступным рэйсам дастаўляюцца яшчэ 18 партатыўных друкарняў, якія зрабілі ў адным з рамесных вучылішчаў савецкай сталіцы. Падпольны абкам КП(б)Б падбіраў і зацвярджаў рэдактараў газет і іх намеснікаў. Праўду кажучы, знайсці дастойных на гэтыя пасады з вялікай групы адкамандзіраваных у Баранавіцкае злучэнне журналістаў не заўсёды ўдавалася. Дапамога зноў прыйшла з Масквы. Адтуль у распараджэнне Чарнышова пераправілі карэспандэнта «Правды» Зямцова. У сціслыя тэрміны камплектуюцца штаты 22 раённых газет (па іншых звестках на тэрыторыі вобласці выходзілі 18 раённых газет і адна маладзёжная – «Молодой мститель», выданне падпольнага абкама камсамола). Рэдактарамі Валожынскай раённай газеты «Іскра», якая выдавалася ў 1943-1944 гады, значацца М. К. Чыжыкаў, С. А. Кузняцоў, Н. А. Гайваронскі. У падполлі газета выходзіла тыражом 500-700 экземпляраў. Акрамя падпольных выданняў, на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці распаўсюджваліся цэнтральныя газеты «Правда», «Известия», «Красная звезда», «Комсомольская правда», «Советская Белоруссия», часопісы, лістоўкі, плакаты. За гады вайны толькі ЦК ЛКСМБ выдаў і пераправіў у Беларусь 63 лістоўкі і 2 плакаты агульным тыражом больш за 3,5 мільёна экземпляраў. Такім чынам, кіруючыся вышэй прыведзенымі звесткамі, можна сцвярджаць, што ў нашай «Іскры» было яшчэ тры рэдактары, пра якіх раней не ўзгадвалася. Яны ўзначальвалі калектыў у суровыя гады ваеннага ліхалецця. Васіль ШАКУН, жыхар райцэнтра.
Даведка:
1. Кузняцоў С. А. – рускі, капітан, быў старшым інструктарам палітаддзела 2-ой арміі (г. Каўнас), акружэнец, сакратар Валожынскага падпольнага райкама КП(б)Б, уваходзіў у кіруючы склад злучэння партызанскіх брыгад і атрадаў Баранавіцкай вобласці (1943-1944 г.г.).
2. Крыніцы інфармацыі:
Сукачоў Д. К. «У баях і паходах// У Прынёманскіх лясах». Мн. 1975; Будай Г. «Свінцом і словам», Мн. 1981; Гапееў Е. Д. «Іх подзвігі бессмяротныя// За край родны». Мн. 1975; Чарнышоў В. Е. «На чале народных мас супраць фашысцкіх захопнікаў// У Прынёманскіх лясах». Мн. 1975; Падпольныя партыйныя органы Кампартыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1944): Кароткія звесткі аб арганізацыі, структуры і складзе. Мн. 1975.



Добавить комментарий