АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА КАСТРЫЧНІК 1966 ГОДА

Культура

УСЕНАРОДНАЕ ПРЫЗНАННЕ

У нашым раёне 128 школ усенавуча, дзе працуюць больш за 1000 настаўнікаў і выхавацеляў.

За выдатныя поспехі ў справах народнай асветы настаўнікам Т. С. Віткінай з Валожынскай СШ № 2, Г. М. Курдо з Пяршайскай СШ, М. М. Салаўёвай з Ластаянцаўскай васьмігодкі і В. Я. Ігнатовіч з Маладайноўскай пачатковай школы прысвоена званне Заслужаных настаўнікаў школ БССР.

ВІНШУЕМ!

За дасягнутыя поспехі ў развіцці асветы Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР сваім Указам узнагародзіў:

ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга Галіну Васільеўну Кароль – дырэктара Узбалацкай васьмігадовай школы, ордэнам “Знак Пашаны” Сяргея Пятровіча Янушкевіча – дырэктара Сакаўшчынскай сярэдняй школы, медалём «За Працоўную адзнаку” Мікалая Мікалаевіча Ганчарыка – намесніка дырэктара Пяршайскай СШ.

 

ПЕРАМОЖЦЫ ВЫЗНАЧАНЫ

У гонар Дня работнікаў сельскай гаспадаркі за высокія паказчыкі, дасягнутыя ў сацыялістычным спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, уручыць пераходныя вымпелы:

“Лепшай даярцы раёна” з калгаса “Верны шлях” Юзэфе Антонаўне Багдановіч, якая за 9 месяцаў надаіла на карову па 2400-2600 кілаграмаў малака;

“Лепшай цялятніцы раёна” з саўгаса “Багданаўскі” Яніне Пятроўне Мусік;

“Лепшай свінарцы раёна” з калгаса імя Леніна Ніне Раманаўне Іода;

“Лепшаму механізатару раёна” камбайнеру саўгаса “Ракаўскі” Антону Францавічу Лябецкаму, які за сезон убраў 372 гектары зерневых і намалаціў 335 тон зерня.

 

ВОСЕНЬ ЗАЛАТАЯ

Яшчэ не падведзены вынікі бягучага сельскагаспадарчага года, але можна з упэўненасцю сказаць, што для земляробаў і жывёлаводаў ён быў добрым і паспяховым. У сярэднім з кожнага з 30188 гектараў зерневых і зернебабовых культур атрыманы ўраджай па 10,4 цэнтнера, бульбы – па 115-120 цэнтнераў. Нарыхтавана сіласу больш, чым у мінулым годзе, на 2963 тоны.

Асабліва добры ўраджай яравых зерневых. Ураджайнасць ячменю склала па 15-18 цэнтнераў, аўса – 10-13 цэнтнераў з гектара.

У калгасе “Верны шлях” ураджайнасць зерневых склала па 19 цэнтнераў, “17 верасня” – 14 цэнтнераў, імя М. Горкага, імя Мічурына, імя К. Маркса, імя Чарняхоўскага – 12-13 цэнтнераў з гектара. Першае месца ў раёне па ўраджайнасці бульбы займае калгас імя Чапаева. У гэтым годзе з плошчы 100 гектараў тут сабрана па 220 цэнтнераў.

 

ЛЕПШЫЯ СЯРОД ЖЫВЁЛАВОДАЎ

Па выніках дзевяці месяцаў калгас “17 верасня” выйшаў на першае месца ў раёне па вытворчасці малака на 100 гектараў сельгасугоддзяў.

Радуюць поспехі жывёлаводаў калгаса імя Чапаева, якія занялі першае месца ў раёне па вытворчасці мяса і атрымалі на 100 гектараў сельгасугоддзяў па 91,5 цэнтнера.

 

ШКОЛЬНІКІ-ПОВАРЫ

Вопыт арганізацыі харчавання школьнікаў у Філіпіняцкай васьмігодцы будзе карысны для кожнай навучальнай установы раёна. З дапамогай бацькоў і вучняў у школе абсталявалі спецыяльны пакой, адкрылі буфет. Стол і лаўкі для іх на ўроках працы зрабілі самі старшакласнікі.

Што да прадуктаў харчавання, то многія з іх здабытыя таксама рукамі школьнікаў. Напрыклад, бульба, капуста і іншая агародніна былі вырашчаны вучнямі на прышкольным участку. Хлеб, макароны і іншае дастаўляецца з мясцовага сельскага магазіна. Малако і мяса адпускае школе калгас “Перамога”. Стравы гатуюць вучні пад кіраўніцтвам і з дапамогай прадаўшчыцы буфета Т. Кавалеўскай. Група школьнікаў прыходзіць на заняткі на паўгадзіны раней і становіцца групай маленькіх повараў.

 

АВЕЧКАГАДОЎЛЯ – ВЫГАДНАЯ СПРАВА

З самага пачатку арганізацыі гаспадаркі існуе авечкагадоўчая ферма ў калгасе імя Куйбышава.

Многа год працуе тут чабаном Іван Далінкевіч. Са сваім напарнікам Андрэем Стасяловічам даглядае 258 галоў авечак. Апрача таннага спажыўнага мяса, авечкагадоўля дае магчымасць гаспадарцы атрымліваць воўну – каштоўную сыравіну для прамысловасці. Ад кожнай авечкі настрыгаюць не менш за 2,4 кілаграма воўны.

 

ДРАЎНІННЫ ВУГАЛЬ – У АНГЛІЮ

Далёка за межамі раёна вядома прадукцыя івянецкіх лесахімікаў.

Калектывы смалакурных заводаў, стаўшы на вахту ў гонар 50-годдзя Савецкай улады, дабіваюцца ўсё новых і новых працоўных дасягненняў. Толькі ў верасні калектыў смолзавода “Трокі”, дзе старшым майстрам працуе Фелікс Сцяпанавіч Шунтаў, выканаў больш чым паўтара месячных плана і выпусціў каля 12 тон смалы, 22 тоны драўніннага вугалю. Добра працуюць рабочыя ракаўскага смолзавода, дзе старшым майстрам Барыс Адольфавіч Абрамовіч. Лесахімікі адпраўляюць прадукцыю смалакураў у Англію і Швецыю.

 

БУДЗЕМ З УРАДЖАЕМ!

Добры ўраджай атрымалі сёлета члены калгаса “Радзіма”. Збожжавых выходзіць на круг па 11 цэнтнераў, бульбы – па 140 цэнтнераў з гектара. Па 3,8 цэнтнера насення льну атрымалі з кожнага гектара.

Клопатамі аб будучым ураджаі жывуць цяпер земляробы. Дзень і ноч вядуць зяблівае ворыва механізатары. Яны ўжо паднялі на зябліва каля 1000 гектараў. На перадсвяточнай вахце высокай выпрацоўкі дабіваюцца трактарысты Расціслаў Кароль, Іван Сівы, Эдуард Радына і многія іншыя, якія перавыконваюць зменныя нормы.

 

АДВАЖНЫЯ…

Пажар у вёсцы Чартавічы Сакаўшчынскага сельсавета заўважылі будаўнікі і адразу ж кінуліся да месца здарэння. Чыйсьці ўсхваляваны жаночы голас “У доме дзеці!” прымусіў больш паспяшацца.

Амяльян Юр’евіч Башаркевіч і Аляксандр Ігнацьевіч Тумель, доўга не раздумваючы, кінуліся ў палаючы дом. Некалькі хвілін, што будаўнікі знаходзіліся ў агні, здаліся ім цэлай вечнасцю.

І вось Іру і Сярожу Бацяноў, жывых, выратаваных, нясуць на руках смельчакі. Уздыхамі аблягчэння сустрэлі прысутныя дарослых і дзяцей. Будынак не было магчымасці засцерагчы ад агню. Пажар знішчыў шэсць дамоў з надворнымі пабудовамі.

 

ПА СЛЯДАХ АБЫЯКАВАСЦІ

У рэдакцыю звярнулася група пасажыраў са скаргай на шафёра аўтобуса, які не ўзяў пасажыраў з білетамі, і тым прыйшлося начаваць у горадзе. Пісьмо накіравалі дырэктару аўтабазы. Было гэта яшчэ ў маі, але і да сённяшняга дня рэдакцыя адказу не атрымала.

Калі вам спатрэбілася правесці ў хату электраправодку, устанавіць выключальнік, разетку, лямпу дзённага святла або іншы электрапрыбор – зрабіць гэтага не ўдасца. Ніводная арганізацыя сферы бытавога абслугоўвання не можа аказаць паслугу насельніцтву ў правядзенні пакаёвай электраправодкі: у функцыі электраманцёраў уваходзіць толькі знадворная праводка. Яны правядуць вам правады да дома і развітаюцца: далей дзейнічайце самі на свой страх і рызыку.

Спытайце любога калгасніка сельгасарцелі “Чырвоны сцяг”, колькі ён выпрацаваў працадзён, і ніхто не адкажа на гэта пытанне. І толькі таму, што табель выхадаў на працу і выпрацоўкі тут не вывешваецца ні на цэнтральнай сядзібе, ні ў паляводчых брыгадах. Кіраўнікі сельгасарцелі лічаць вядзенне табеля непатрэбнай справай. Але ж кожнаму цікава бачыць, як ён папрацаваў у тым або іншым месяцы, як працуе сусед, на каго раўняцца.

 

ШКОЛЬНЫ РАДЫЁВУЗЕЛ

Радыёперадачы ў Сакаўшчынскай сярэдняй школе доўжацца 5-10 хвілін.

Перад мікрафонам выступаюць агітатары з ліку настаўнікаў і старшакласнікі. За гэты кароткі час навучэнцы даведваюцца аб многіх падзеях у нашай краіне і за яе межамі. Два разы ў месяц гучыць у школе і радыёгазета “Навіны нашага жыцця”. У праграме перадач гутаркі на выхаваўчыя тэмы, матэрыялы аб рабоце камсамольскай і піянерскай арганізацый, гурткоў. Па радыё перадаюцца і лепшыя нумары школьнай мастацкай самадзейнасці, музычныя прывітанні. Асаблівай цікавасцю ў слухачоў карыстаецца сатырычны аддзел радыёгазеты.

 

НЕ ЗДРАДЖВАЮЦЬ КАМСАМОЛУ

Актыўнымі чытачамі гарпасялковай бібліятэкі з’яўляюцца камсамольцы бальніцы. Так, Нядзвецкая прачытала ў гэтым годзе 64 кнігі, Судакевіч – 58.

Камсамольцы калгаса “Верны шлях” стаяць на працоўнай вахце за далейшае развіццё эканомікі арцелі. Амаль усе члены ВЛКСМ з’яўляюцца тут перадавікамі вытворчасці. Мы па праву ганарымся трактарыстамі Іосіфам Русовічам і Раманам Мешкуць, даяркамі Соф’яй Шчарбінскай і Соф’яй Гуд, свінаркай Алай Супрон, звеннявой па льну Аленай Бруй і іншымі. Сакратар камсамольскай арганізацыі Валожынскага масласырзавода Ганна Акудовіч, даяркі калгаса “Рассвет” камсамолкі Марыя Лялей і Франя Ждановіч за свае працоўныя поспехі атрымалі ўрадавыя ўзнагароды.

 

НА СТАРЦЕ КРОСУ

У ваколіцах Валожына праведзены занальны асенні крос.

У гэтых масавых спаборніцтвах прынялі ўдзел 107 спартсменаў з многіх сельсаветаў раёна. Красмены беглі на 3000-метровую дыстанцыю. Лепшага выніку дабіліся працаўнікі Яршэвіцкага сельсавета. А. Пяшкур прыбег да фінішу за 9 хвілін 36 секунд. Толькі адну секунду прайграў земляку А. Ліхтаровіч, а С. Раманчык заняў трэцяе месца з часам 9 хвілін 38 секунд. Яршэвіцкія красмены занялі першынство і ў агульнакамандным заліку. За імі ідуць каманды Сакаўшчынскага і Дорскага сельсаветаў. У ходзе спаборніцтваў 11 чалавек выканалі нарматыў другога спартыўнага разраду, 61 – трэцяга.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий