Без прыкладу нічому не навучышся. Такі закон жыцця

Аграрный сектор и промышленность Общество

Кіраўнікі абласных сельгасупраўленняў ДВА “Белпалівагаз” з першымі снапамі новага ўраджаю зерневых культур. У цэнтры – намеснік генеральнага дырэктара аб’яднання Уладзімір АДАШКЕВІЧ і дырэктар СГУ “Бабровічы” Юрый БЯЛЯЎСКІ

Напрыканцы мінулага тыдня на базе сельскагаспадарчага ўпраўлення “Бабровічы” ўнітарнага прадпрыемства “Мінскаблгаз” прайшоў рэспубліканскі семінар па падвядзенні вынікаў работы сельгасфіліялаў сістэмы дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белпалівагаз” за першае паўгоддзе бягучага года. У ім прынялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара аб’яднання Уладзімір Адашкевіч, начальнік Галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Наталія Соніч, генеральны дырэктар “Мінскаблгаза” Юрый Кукліцкі, навуковыя супрацоўнікі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў сельгасарганізацый сістэмы “Белпалівагаз”.

СГУ “Бабровічы” было выбрана невыпадкова. За апошнія гады гаспадарка значна рушыла наперад як тэхналагічна, так і ў плане рэканструкцыі і будаўніцтва. Тут укараняюць новы кірунак дзейнасці – мясную жывёлагадоўлю, дзеля чаго набылі абердзіна-ангускую пароду. “Навасёлы” гадуюцца на ферме “Саланая”, і зараз вядзецца актыўная работа па аднаўленні статка: у гаспадарцы плануюць да 2025 года давесці яго да 3000 галоў. Заслугоўвае ўвагі і вопыт па лячэнні мастытаў у кароў, утрыманні маладняку, фарміраванні “племяннога ядра”.

Можна павучыцца і таму, як працаваць з зямлёй: пасля далучэння колішніх угоддзяў КСУП “Сакаўшчына”, якія лічыліся няўдобіцамі і амаль што не прыносілі ўраджаю, пры гаспадарскім падыходзе да кожнага гектара і строгім прытрымліванні севазвароту зараз на полі растуць дружныя пасевы.   

Дырэктар сельгасупраўлення “Бабровічы” Юрый БЯЛЯЎСКІ расказвае пра работу мехмайстэрняў.

Вялікая праца праведзена і на мехмайстэрнях, дзе цяпер рамантуюць не толькі сваю тэхніку: на шынамантаж прыязджаюць з іншых прадпрыемстваў і арганізацый. Таксама створаны пункты тэхнічнага абслугоўвання, склад запасных частак, абменны пункт.

Яшчэ адзін, можна сказаць, з самых важных складальнікаў поспеху – стаўка на моладзь. Штат работнікаў укамплектаваны, а на пасадах спецыялістаў – кваліфікаваныя маладыя кадры. Іх кіраўнік адшуквае, прыцягвае, а часам і “пераманьвае”, разумеючы, што менавіта за такімі – будучыня. Яны не баяцца мяняць, укараняць і нават памыляцца, галоўнае – ідуць наперад і працуюць камандай. Дарэчы, у хуткай будучыні для маладых спецыялістаў у Бабровічах пабудуецца 24-кватэрны жылы дом, які, безумоўна, пасадзейнічае замацаванню на рабочых месцах.

Дзякуючы “малочнаму таксі” цяляты атрымліваюць корм, у якім утрымліваюцца ўсе неабходныя для маленькага арганізма рэчывы.
Вось такая яна сур’ёзная і нават суровая – абердзіна-ангуская парода.
Элітныя гатункі кукурузы і радуюць, і здзіўляюць адначасова.
Аглядавую экскурсію і практычныя навыкі па ўтрыманні маладняку дае намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Канстанцін ПУЧКО.

Месцам наведвання прадстаўнічай дэлегацыі сталі тры фермы – “Саланая”, “Бабровічы”, “Даўбені”, далучаныя палеткі, мехмайстэрня. На кожным з аб’ектаў адказныя работнікі не толькі падрабязна расказвалі пра свой участак і перспектывы яго развіцця, але і паказвалі на практыцы некаторыя моманты, адказвалі на пытанні. Таксама перад прысутнымі выступалі спецыялісты нямецкага вытворцы Westfalia, якія займаюцца абсталяваннем даільных залаў, і прадстаўнікі фірмаў, што пастаўляюць элітнае насенне розных культур.

Пасля практычнай часткі ў мясцовым Доме культуры адбылося пленарнае пасяджэнне, дзе падвялі вынікі работы сельгасупраўленняў сістэмы “Белпалівагаз” за 6 месяцаў. Усяго іх сем: па адным у кожнай вобласці і два ў Мінску. Нашы “Бабровічы” знаходзяцца ў тройцы лідараў па такіх пазіцыях, як вытворчасць малака, сярэднясутачныя прывагі маладняку і жывёлы на адкорме, аднаўленне статка. А па нарыхтоўцы травяных кармоў – і ўвогуле ў перадавіках: па стане на 9 ліпеня гаспадарка назапасіла 13,47 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

Як пасля адзначалі кіраўнікі абласных сельгасупраўленняў, павучыцца і ўзяць на ўзбраенне сапраўды ёсць што. Бачна, тут працуюць сістэмна і планамерна, а не дзеля справаздачнасці. Заўважылі і тое, што спецыялісты – людзі, якія думаюць, з агеньчыкам у вачах, а гэта дарагога каштуе. Іх пачынанні падтрымлівае кіраўнік: разам яны абмяркоўваюць, плануюць, мяркуюць, увасабляюць у жыццё. Таму будучыня бачыцца перспектыўнай, і пастаўленыя мэты абавязкова будуць дасягнуты – гэта падкрэсліў і намеснік генеральнага дырэктара ДВА “Белпалівагаз” Уладзімір Адашкевіч.

Вельмі карыснымі былі рэкамендацыі і парады начальніка Галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Наталіі Соніч, якая падрабязна расказала аб развіцці сельгасгаліны ў рэспубліцы. Яна акцэнтавала ўвагу, што гэты год павінен стаць пераломным для “Бабровічаў”, калі яны жадаюць увайсці ў рэспубліканскую праграму “Племянны статак” з дзяржпадтрымкай.

Цікавымі былі даклады і навуковых супрацоўнікаў Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта аб укараненні сучасных дасягненняў малекулярнай біятэхналогіі ў сельскую гаспадарку, спосабах паляпшэння генетыкі – трансплантацыі эмбрыёнаў.

Напрыканцы досыць насычанага дня адбылася яшчэ адна важная і знакавая падзея – “Зажынкі” сельгас-упраўленняў сістэмы “Белпалівагаз”, у якім прыняў удзел старшыня райвыканкама Яўген Круковіч. Імправізаваная сцэна была ўстаноўлена на мехдвары. Тут гучалі і песні, і добрыя пажаданні, і благаслаўленні. Сёлетняя ўборачная кампанія няпростая: з-за спякотнага надвор’я амаль што разам паспяваюць рапс і зерневыя культуры, таму працаваць аграрыям давядзецца яшчэ больш напружана. Хочацца пажадаць ім плёну ў працы, здароўя і сілы, каб з хлебам былі і працаўнікі залатой нівы, і ўсе людзі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА