Кіно па-ранейшаму важнейшае з мастацтваў

Культура

І. У. ШАКУН, К. В. ПАНАМАРОВА, Т. І. ДАРАШКЕВІЧ

На мінулым тыдні ў Валожыне на базе кінатэатра “Юнацтва” праведзены рэспубліканскі семінар-нарада “Арганізацыя работы па выкананні дзяржаўнага сацыяльнага стандарту па абслугоўванні насельніцтва аграгарадкоў у кірунку дэманстрацыі кінафільмаў”. Шаноўных гасцей – намесніка начальніка аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Кацярыну Панамарову, галоўнага спецыяліста таго ж аддзела Ганну Нікіціну, генеральнага дырэктара камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Мінаблкінавідэапракат” Таццяну Дарашкевіч, генеральных дырэктараў унітарных прадпрыемстваў “Кінавідэапракат” з усіх абласцей краіны і горада Мінска сустракалі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун і дырэктар Валожынскага філіяла КУП “Мінаблкінавідэапракат” Людміла Махніцкая.

 Перад пачаткам нарады госці змаглі пазнаёміцца з выставай, што падрыхтавалі супрацоўнікі кінасеткі Валожыншчыны пры падтрымцы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Затым прысутным прадаставілі шанц ацаніць тэхнічныя магчымасці глядзельнай залы “Юнацтва” падчас дэманстрацыі фільма “Калі ласка ў Валожынскі край!”.

Махніцкая Л.А.

Дзелавую частку мерапрыемства распачала Л. А. Махніцкая. У дакладзе “Сістэма арганізацыі кінавідэаабслугоўвання насельніцтва Валожынскага раёна” Людміла Аляксандраўна падзялілася шматгадовым вопытам работы ў забеспячэнні высокага ўзроўню аказання паслуг розным катэгорыям грамадзян праз прадастаўленне магчымасці прагляду мастацкага, дакументальнага і анімацыйнага кіно. Прагучалі гістарычныя звесткі адносна стварэння сістэмы кінавідэапракату на Валожыншчыне.

Першы кінатэатр, які насіў назву “Радзіма”, адчыніў дзверы для аматараў кіно яшчэ ў пасляваенны перыяд. Затым у 1972 годзе знаўцы кінематографа атрымалі магчымасць знаёміцца з кінанавінкамі ў больш зручных умовах – распачаў работу, так бы мовіць, першы варыянт кінатэатра “Юнацтва”. Паступова ўзнікла неабходнасць рэканструкцыі і капітальнага рамонту ўстановы. І вось у 2008 годзе памаладзеўшы звонку і знутры кінатэатр зноў запрасіў у сваю ўтульную залу гледачоў.     

 Як адзначыла Людміла Аляксандраўна, за апошняе дзесяцігоддзе ўстановай назапашаны вялікі вопыт па рабоце з гарадскім і сельскім насельніцтвам. Спецыялісты пры планаванні работы ўлічваюць патрэбы дзяцей, моладзі, дарослых і пажылых людзей, плённа супрацоўнічаюць з установамі адукацыі і культуры, прадпрыемствамі і арганізацыямі. Сёння ў Валожыне ўлічваюць, што кіно – не толькі забава, а магутны сродак у кірунку фарміравання здаровага ладу жыцця, прафілактыкі негатыўных сацыяльных з’яў, таму большасць сеансаў ператвараюцца ў цікавыя мерапрыемствы, у якіх прымаюць удзел зацікаўленыя асобы, адбываецца розыгрыш прызоў, прысутным прадастаўляецца магчымасць задаць пытанні кінадзеячам. На жаль, за перыяд пандэміі кінаўстанова знізіла паказчыкі, аднак зараз зноў назіраецца рост, што сведчыць аб тым, што цікавасць да кінапрадукту ў людзей не страчана, яна толькі патрабуе больш сучасных падыходаў, на пошукі якіх калектыў валожынскага філіяла не шкадуе часу і сіл.

І. Л. Жданюк

Ля мікрафона пабывалі таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Жданюк, якая падняла пытанне  ідэалагічнага суправаджэння дзейнасці па арганізацыі кінапаказаў, 

Іваноўская В.А.

і галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Вольга Іваноўская з паведамленнем на тэму “Кінавідэалекторый – неадрыўная частка вучэбна-выхаваўчага працэсу”.  Пасля чаго прысутныя заслухалі справаздачы дырэктараў камунальных унітарных прадпрыемстваў з Брэста і Гродна. Каментавалі выступленні калег, задавалі пытанні Г. У. Нікіціна і К. В. Панамарова. Падвёў вынік сустрэчы І. У. Шакун. Ігар Уладзіміравіч адзначыў, што кіно па-ранейшаму адно з самых галоўных мастацтваў. А вось для таго, каб людзі атрымлівалі ад яго асалоду не дома ля манітораў камп’ютараў ці “ўтыкнуўшыся” ў мабільны тэлефон, а прыйшлі ў кінатэатр, неабходна, каб установа зарэкамендавала сябе шматфункцыянальным культурным цэнтрам. Менавіта ў гэтым кірунку сёння будуюцца планы кіраўніцтва раёна і калектыву філіяла.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара