Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Региональные новости

Летнія канікулы – самы спрыяльны час для рамонтных работ. Нічога не перашкаджае праводзіць іх асабліва ў школах. Былі б толькі грошы…

У Пугачоўскім ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа за чэрвень ужо адрамантавалі мяккі дах. Пакуль што самыя значныя работы вядуцца ў сярэдняй школе № 2 райцэнтра. На другім паверсе рамантуюцца санвузлы. А ўвогуле, прыводзіцца ў парадак цэнтральны ўваход у школьны будынак. Ганак будзе зроблены з керамагранітнай пліткі. Установяць парэнчы, каб было зручна падымацца людзям з абмежаванымі магчымасцямі і старэйшаму пакаленню. Зімой былі праблемы з тэмпературным рэжымам у Ракаўскай сярэдняй школе. На 2022 год запланаваны значны рамонт у гэтай навучальнай установе з прыцягненнем інвестараў. А пакуль што ідзе рамонт цеплатрасы з укладкай Р-труб.

Штомесяц праводзяцца пасяджэнні назіральнай камісіі райвыканкама. А раз у квартал арганізуюцца выязныя пасяджэнні ў канкрэтных працоўных калектывах.

Апошняе адбылося ў чэрвені ў КСУП “Пяршаі-2014”, куды быў запрошаны непрацуючы кантынгент з аграгарадка Пяршаі і навакольных населеных пунктаў, а таксама асобы, якія маюць судзімасці. На гэты раз іх было 6 чалавек. Мэта работы камісіі – дапамога ў сацыялізацыі, інфармацыя аб свабодных працоўных месцах. Члены камісіі, прадстаўнікі зацікаўленых службаў настроены, каб людзі знайшлі рабочае месца, працавалі, атрымлівалі заробак. Сярод прысутных былі такія, хто мае жаданне нешта змяніць у жыцці. На жаль, дастаткова і тых, хто не адзін раз бывае на пасяджэннях назіральнай камісіі, але ў сваім жыцці нічога не мяняе…

Кінатэатр “Юнацтва” і яго выязныя відэаўстаноўкі надзвычай запатрабаваны падчас летніх канікулаў. За першы летні месяц было абслужана 1725 гледачоў у горадзе і на вёсцы.

 1046 юных гледачоў наведалі кінасеансы непасрэдна ў Валожыне і Івянцы, а 739 былі абслужаны ў сваіх навучальных установах, дзе ў гэты час працавалі летнікі з дзённым знаходжаннем. У горадзе прапаноўваліся 10 кінастужак, на вёсцы – 7. У гэтым месяцы асноўныя гледачы –  хлопчыкі і дзяўчынкі, што праходзяць аздараўленне ў ваенна-патрыятычным лагеры “Патрыёт”, а таксама ў летніках на базе Сівіцкай, Пугачоўскай і Багданаўскай школ. Два разы на тыдзень – у чацвер і нядзелю – у кінатэатры “Юнацтва” арганізаваны дзіцячыя сеансы.

Два выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з 2 ліпеня праходзяць аздараўленне ў санаторыі “Прыморскі” ў Ждановічах.

Пашанцавала інваліду першай групы, калясачніку Дзмітрыю Канановічу і інваліду другой групы Дзмітрыю Алешку. Яны між сабой у добрых адносінах і будуць дапамагаць адзін аднаму падчас атрымання працэдур. Знаходзяцца валожынцы ў здраўніцы па бясплатных пуцёўках.

На турбазе “Юнацтва” ў Бярэзінскім раёне з 30 чэрвеня па 2 ліпеня праходзіў абласны турыстычны злёт педагагічных работнікаў. У ім прынялі ўдзел каманды 19 раёнаў.

У камандзе нашага раёна былі 15 прадстаўнікоў ад усіх навучальных устаноў. Прымалі актыўны ўдзел у конкурсах і спаборніцтвах на веладарожцы, арганізацыі быту, у спартыўным арыентаванні. Нават у спаборніцтвах на байдарках. Першае месца заняла моцная каманда Слуцкага раёна.

За кошт райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі 15 членаў прафсаюза, цяперашніх работнікаў і ветэранаў працы пабывалі на экскурсіі ў Мінску.

У праграме была аглядавая экскурсія па сталіцы, наведванне Чырвонага касцёла і Свята-Елісавецінскага манастыра. Незабыўнае ўражанне пакінуў філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, дзе атрымалі самыя поўныя звесткі пра краіну і яе дасягненні. Завяршылася экскурсія знаёмствам з Нацыянальнай бібліятэкай, з аглядавай пляцоўкі паглядзелі на прыгожую сталіцу з вышыні птушынага палёту.

Члены аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра – вялікія аматары падарожжаў.

У апошні дзень чэрвеня яны наведалі знакаміты БелАЗ і горад Жодзіна, пабывалі ў рабочым цэху, сфатаграфаваліся на фоне магутных машын. Затым пабывалі ў музеі самалётаў пад адкрытым небам у аэрапорце “Мінск-2”.Там выстаўлены самалёты, якія эксплуатаваліся ў розныя гады “Белавія”. Асабліва ўсіх уразіў грузавы “Руслан”. Завяршылі той дзень прагулкай па Раўбічах.