Падарункі гораду – падарункі гараджанам

Кругозор Мы говорим Общество

Нядаўна валожынцы весела і дружна адзначылі Свята роднага горада. Па традыцыі, да ўрачыстасці жыхары райцэнтра рыхтуюцца  загадзя. Цэнтральная плошча, вуліцы, скверы, двары прыводзяцца ў парадак. Раённыя службы, што нясуць адказнасць за няпростую справу, абавязкова знаходзяць сродкі, каб правесці асноўныя рамонты і азеляніць наш утульны, з незвычайным ландшафтам і мноствам гістарычных месцаў старажытны населены пункт. Вось і на гэты раз камунальнікі пры ўдзеле арганізацый-партнёраў зрабілі яго жыхарам шыкоўныя падарункі: замянілі агароджу на вуліцы Шчарбіны і правялі рамонт праезнай часткі дарогі па вуліцы Савецкай.

Цяпер 350-метровая агароджа, што пачынаецца за будынкам пошты і цягнецца да павароту на вуліцу Кастрычніцкую, мае па-сапраўднаму  сучасны, элегантны выгляд. На канструкцыю з металаштыкетніку зрасходавана звыш 40 тысяч рублёў. Выдаткаваны грошы на рэканструкцыю дадзенага аб’екта згодна з праграмай “Утрыманне і цякучы рамонт аб’ектаў добраўпарадкавання на 2021 год”.  Усе элементы агароджы вырабіла адна з мінскіх арганізацый, якая выйграла тэндар, а вось дэмантаж старой агароджы і мантаж новай правяла брыгада будаўнікоў жылкамунгаса пад кіраўніцтвам прараба Арвідаса Швянчоніса.

Што тычыцца вуліцы Савецкай, тут, што і казаць, дарожнае пакрыццё даўно патрабавала рамонту. І вось прыкладна за месяц да святочнай даты работы былі распачаты. Першым пунктам у плане значылася фрэзераванне старога пакрыцця. Для гэтага кіраўніцтва жылкамунгаса правяло таргі, якія выйграла сталічная фірма. Затым па дагаворы субпадраду за справу ўзяліся дарожнікі з ДРБУ № 167. У сціслы тэрмін (прыкладна два тыдні) яны адрамантавалі 9750 квадратных метраў адной са старэйшых вуліц горада. Як паведаміў намеснік дырэктара ЖКГ па будаўніцтве Іван Венславовіч, для таго, каб надаць вуліцы эстэтычны выгляд і зрабіць праезд па ёй камфортным, зрасходавана каля 230 тысяч рублёў. На жаль, з-за затрымак з пастаўкамі бітуму дарожнікі пакуль не дарабілі невялічкі (прыкладна 150 метраў) участак ля гарадскога рынку. Аднак у хуткім часе гэты недахоп будзе выпраўлены.

Наталля ЛОЎЧАЯ, дырэктар краязнаўчага музея:

– Так  атрымалася, што перад Святам горада я была ў ад’ездзе. Вяртанне дадому само па сабе прыемны момант, а тут яшчэ і сапраўдны сюрпрыз – новы выгляд Савецкай. Лічу, вельмі добра, што ў такі шыкоўны стан прывялі менавіта гэту вуліцу.  Яна здаўна – асноўная ў Валожыне. Калісьці называлася Віленскай і была моцна вузейшая. Зараз жа – амаль праспект. Падчас Свята горада, калі быў перакрыты праезд для аўтатранспарту, я нават прайшлася па праезнай частцы. Нягледзячы на абцасы, атрымала задавальненне. Яшчэ б – такое пакрыццё! Спадзяюся, работа ў кірунку добраўпарадкавання вуліц горада будзе працягвацца.

Надзея ГАРАШЭВІЧ, пенсіянерка:

 –  Усё маё жыццё звязана з вуліцай Савецкай. Тут прайшло дзяцінства і, хоць доўгі час жыла і працавала ў Мінску, зараз – зноў жыхарка Валожына. І адрас мой застаўся нязменным. Тое, што зроблена з праезнай часткай, – проста сон. Прыгажосць і зручнасць. Інакш не скажаш. Я, канешне, часцей хаджу пешшу, а вось знаёмыя аўтамабілісты не могуць нарадавацца, настолькі добра зараз іх жалезным коням. Хачу ад імя жыхароў горада сказаць дзякуй  і прадстаўнікам улады за такое правільнае рашэнне, і непасрэдна рабочым за іх намаганні, за якімі мы мелі магчымасць назіраць. Хлопцы так стараліся, так клапаціліся, каб паспець да святочнага дня, што гэта не можа не выклікаць павагу і пачуццё ўдзячнасці.

Віктар і Галіна САДОЎСКІЯ, муж і жонка з Валожына:

 –  Валожын прыгажэе. І ад гэтага на душы становіцца радасна. Калі стары горад выглядае такім памаладзеўшым, і нам трэба трымацца на ўзроўні. Агароджа тут у нас з’явілася проста люба-дорага глянуць. Галоўнае, каб нікому ў галаву не прыйшло яе ламаць, а то ж, на жаль, аматараў хапае. Хочацца пахваліць і  таго, хто вуліцу Савецкую вырашыў адрамантаваць. Здаецца, яна аж яшчэ шырэйшай стала. Што значыць навюткае пакрыццё! Спадзяёмся, работы па навядзенні парадку не спыняцца. Цэнтр, канешне, ёсць цэнтр. Тут павінна быць выключна прыгожа, але ж і іншыя куткі горада патрабуюць клопату і ўвагі. Хаця, мы ўпэўнены: галоўнае, каб людзі самі не забруджвалі населены пункт, дзе жывуць, дзе жыць нашым нашчадкам.

Вольга ГОЛАВА, жыхарка райцэнтра:

– Я штодня праходжу ці праязджаю па вуліцы Шчарбіны. Зараз тут так прыгожа! Асабліва люблю крочыць пад каштанамі і любавацца на кветкавыя кампазіцыі, якія насупраць. А апошнім часам радуе таксама і выгляд агароджы. Трывалая і надзейная, яна тут без сумнення патрэбна. На жаль, тыя, што былі дагэтуль, нядобрасумленныя грамадзяне часта ламалі. Што гэта за забава, не разумею, аднак факт застаецца фактам: каму ўтульнасць, якая радуе вока, а каму спакуса, каб учыніць шкоду. Вельмі спадзяюся, на новую, відаць, нятанную, ні ў каго не падымуцца ні ногі, ні рукі.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

фота  аўтара