Падтрымка ў лячэнні

Безопасность и здоровье Общество

Рэанімацыйнае аддзяленне – самае складанае з усіх структурных падраздзяленняў райбальніцы. Менавіта тут штодзённа медыкі вядуць напружаную барацьбу за жыцці пацыентаў, што знаходзяцца ў крытычным стане.

У рэанімацыі працуюць добрыя спецыялісты, сапраўдныя прафесіяналы, узброеныя трывалымі ведамі, навыкамі і самым каштоўным у гэтай справе – вопытам. Аднак без высокатэхналагічнага абсталявання іх намаганні  ў асабліва складаных сітуацыях сышлі б на нішто. Бо людзям, што трапілі сюды, недастаткова клопату і лякарстваў. Перш-наперш неабходна выключная дыягностыка і своечасовая адэкватная ацэнка іх стану. У гэтай справе персаналу аддзялення дапамагае апаратура, якой з розных бакоў абстаўлена кожнае ложак-месца. Нядаўна рэанімацыйныя палаты і аперацыйная аддзялення папоўніліся чатырма новымі маніторамі прыложкавага наглядання “Стэла В80”, прызначанымі для даследавання жыццёва важных параметраў хворых. Гэтыя цуда-машыны хутка і дакладна выдаюць звесткі адносна тэмпературы цела, насычэння крыві кіслародам, частаты дыхання і сардэчных скарачэнняў, вымяраюць артэрыяльны ціск, вядуць пастаянны маніторынг электракардыяграмы. Уся інфармацыя адлюстроўваецца на дысплеі, захоўваецца ў памяці. У выпадку адключэння кантралюемых параметраў, апаратура падае адпаведны сігнал. Як адзначыў загадчык аддзялення Дзмітрый Старыкевіч, персанал хутка засвоіў навык работы з новым абсталяваннем. У цэлым жа на сённяшні дзень аддзяленне аснашчана нядрэнна. Кожнае ложак-месца абсталявана маніторам, маюцца восем апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (адзін з іх – дзіцячы). Што тычыцца загружанасці, тут асаблівай заканамернасці няма. Часцей за ўсё менш чым 5-6 пацыентаў не бывае. Аднак у дзень нашага наведвання ў аддзяленні знаходзіліся два пацыенты ў звычайнай палаце і адзін у так званай бруднай (каранавіруснай).

Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ