“Летні патруль” дзейнічае

Безопасность и здоровье Общество

Раённыя аддзел па надзвычайных сітуацыях, арганізацыі Таварыства выратавання на водах  і БРСМ, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, цэнтральная раённая бальніца правялі ў зоне адпачынку “Сакаўшчына” сумесную акцыю “Летні патруль” з мэтай прыцягнення ўвагі адпачываючых да праблемы выканання правіл паводзін на вадзе.

Старшыня раённай арганізацыі ТВВОД Іван Сухадолец засяродзіў увагу прысутных на тым, што сёлета ў рэспубліцы ўжо загінулі на вадзе больш за 220 чалавек. Ён заўважыў, што, нягледзячы на даступнасць інфармацыі, спецыяльныя стэнды ў месцах, абсталяваных для купання, адпачываючыя ігнаруюць правілы. Іван Мікалаевіч агучыў сітуацыі, якія пастаянна прыходзіцца яму назіраць на Сакаўшчынскім вадасховішчы. З боку бацькоў няма належнага кантролю за дзецьмі. Малыя знаходзяцца ў вадзе, а дарослыя глядзяць за імі з берага, у той час як павінны быць не далей за адлегласць выцягнутай рукі, каб у любую хвіліну аказаць дапамогу. Большыя дзяўчынкі, а асабліва хлопчыкі, якія знаходзяцца без нагляду, выкарыстоўваюць плот, што адгароджвае тэрыторыю для купання малых і тых, хто не ўмее плаваць, для скачкоў і нырання, што пагражае вельмі сур’ёзнымі траўмамі шыйнага аддзела пазваночніка і інш. Многія матулі паступаюць безадказна, калі плывуць з дзецьмі на ўсемагчымых надзіманых аксесуарах, якія, між іншым, не праходзяць сертыфікацыю, на вялікую глыбіню, што ўяўляе павышаную небяспеку.

Перад пачаткам аперацыі па выратаванні тапельца – манекена Гошы.

Затым Іван Сухадолец прапанаваў правесці эксперымент па выратаванні тапельца – манекена Гошы. Гэта быў цікавы вопыт для тых, хто пажадаў прыняць удзел у зымітаванай сітуацыі.

Урач Вольга МАРАЧ вучыць, як правільна аказаць першую медыцынскую дапамогу.

Што далей рабіць з чалавекам, якога выратавалі, і калі ён не падае прыкмет жыцця, расказала і прадэманстравала на манекене Максіме ўрач Вольга Марач. Сярод адпачываючых знайшлося шмат жадаючых навучыцца практычным дзеянням па аказанні першай дапамогі.

Першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Уладзімір Ціханоўскі правёў пазнавальную віктарыну. За правільныя адказы на пытанні, што датычыліся адпачынку на вадзе, удзельнікі атрымлівалі невялікія салодкія пачастункі.

Колькі радасці выклікала ў дзяцей магчымасць пааблівацца з пажарнага рукава
Воднае шоу ўсім прыйшлося даспадобы

Затым ініцыятыву перанялі прадстаўнікі РАНС. У дзяцей была магчымасць пасядзець у пажарнай машыне, прымераць на сябе абмундзіраванне, пааблівацца з пажарнага рукава. На заканчэнне ж адбылося сапраўднае воднае шоу. Малыя і дарослыя з задавальненнем бегалі і скакалі пад струменямі халаднаватай вады са створаных фантанаў.

На працягу ўсяго мерапрыемства валанцёры і старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Антаніна Трацэўская прапаноўвалі жадаючым чыстую пітную ваду. У той спякотны дзень многія з задавальненнем скарысталіся такой магчымасцю.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара