Лагерная змена падарыла ўражанні

Закон и порядок Молодежный курьер

У легендарным фільме “Афіцэры” прагучаў выраз “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”.

Як вядома, фраза тычылася спецыялістаў ваеннай справы. Здаўна лічыцца, што пачынаць спасцігаць складаную прафесію лепш у дзяцінстве. Толькі ў гэтым выпадку юнак ці дзяўчына момант паступлення ў адпаведную навучальную ўстанову сустрэне, будучы ўзброеным ведамі, адэкватным стаўленнем да дысцыпліны і статута, а таксама належнай матывацыяй.

Першыя ўрокі мужнасці пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў і прафесійных ваеннаслужачых воінскай часці 30695 юныя грамадзяне Валожыншчыны па традыцыі могуць атрымаць падчас змены ў летнім лагеры “Патрыёт”, якім у бягучым годзе кіраваў Арцём Барысавіч Балабан. Страявую падрыхтоўку, знаёмства са зброяй выхаванцам дапамаглі арганізаваць армейцы. Не засталіся ў баку і прадстаўнікі іншых структур, якія прынята называць сілавымі. Заняткі з выратавальнікамі далі магчымасць паглыбіцца ў задачы службы, што абараняе насельніцтва краіны падчас тэхнагенных ці прыродных надзвычайных сітуацый.

Незабыўныя ўражанні ў сарака гадаванцаў лагера выклікала экскурсія ў музей РАУС. Тут гутарка вялася пра такія пагрозы, як крадзеж, бандытызм, махлярства і разбой. Менавіта ад падобнага негатыву абараняюць Радзіму і свой народ супрацоўнікі органаў унутраных спраў.

Юных наведвальнікаў сустрэў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандр Чаховіч. Ён падрабязна расказаў пра станаўленне валожынскай міліцыі. Дзякуючы экспанатам, што захоўваюцца ў музеі (створаны да 80-годдзя Валожынскага РАУС), можна даволі яскрава ўявіць асобныя старонкі цікавай гісторыі. Аляксандр Аляксандравіч адзначыў, што ў экспазіцыі няма ніводнага муляжа – толькі сапраўдныя рэчы і дакументы.    

Асаблівую цікаўнасць у выхаванцаў лагера выклікаў матацыкл “МТ-10-36 2Днепр”, на якім некалькі дзесяцігоддзяў таму неслі службу ўчастковыя інспектары міліцыі. Падчас азнаямляльнай экскурсіі па памяшканнях аддзела, моладзі прадаставілі магчымасць зазірнуць у ізалятар часовага ўтрымання. Дадзеная лакацыія выклікала ў падлеткаў неадназначныя эмоцыі. Хоць знешне ўсё выглядае акуратна, гэта тое месца, куды, як кажуць, лепш не трапляць.

Завяршылася сустрэча  ў актавай зале райаддзела, дзе Аляксандр Аляксандравіч адказаў на пытанні, што ўзніклі ў экскурсантаў на працягу гадзін, праведзеных у гасцях у праваахоўнікаў.

Наш кар.