Каму і калі належыць «узроставая» даплата да пенсіі — Мінпрацы адказвае на частыя пытанні

Мы говорим Общество

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў сваім Telegram-канале запусціла рубрыку «Пыталіся? Адказваем!», у якой дае тлумачэнні па пытаннях, якія найбольш часта задаюць грамадзяне. Першыя адказы звязаны з нюансамі пенсійнага забеспячэння, паведамляе БЕЛТА.

Першае пытанне звязана з тым, ці павінен пенсіянер, які ўладкоўваецца на работу, паведаміць аб гэтым у свой пенсійны аддзел. У Мінпрацы адказваюць: павінен.

«Больш таго, пенсіянер павінен паведаміць таксама і аб звальненні. Названыя абставіны — працаўладкаванне і звальненне — у шэрагу выпадкаў уплываюць на памер пенсіі, што падлягае выплаце», — адзначылі ў ведамстве.

Напрыклад, пенсіянерам, якія маюць індывідуальны каэфіцыент заработку звыш 1,3, пенсія ў частцы звыш гэтага каэфіцыента ў перыяд работы не выплачваецца. Пры адсутнасці інфармацыі аб рабоце пенсіянера пенсія яму будзе выплачвацца ў завышаным памеры, без падстаў на гэта. Перавышаная сума пенсіі падлягае абавязковаму ўтрыманню, прычым у поўным аб’ёме.

Можа быць іншая сітуацыя: пенсіянер даўно звольніўся, але не паведаміў аб гэтым. Паколькі пенсіянер прадаўжае лічыцца працуючым, пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту яму не будзе ўстаноўлена ўзроставая даплата (па законе яна належыць з 75 гадоў непрацуючым атрымальнікам пенсій у органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне). Недаатрыманая сума пенсіі будзе выплачана пенсіянеру не больш як за 3 гады перад зваротам.

«Аб абавязку паведамляць органу, які выплачвае пенсіі, пра абставіны, якія прыводзяць да змянення памеру пенсіі або спынення яе выплаты, пенсіянер інфармуецца (пад яго асабісты подпіс) пры звароце за назначэннем пенсіі або за яе пераразлікам. Таксама інфармацыя аб неабходнасці паведаміць пра падобныя абставіны змешчана ў пенсійным пасведчанні», — нагадалі ў Мінпрацы.

Другое пытанне датычыцца таго, з якога канкрэтна перыяду пачынае налічвацца так званая «ўзроставая» даплата да пенсіі непрацуючым атрымальнікам. Яна ўстанаўліваецца аўтаматычна (без звароту ў пенсійны орган) і пачынае выплачвацца з месяца, што ідзе за месяцам, у якiм пенсiянер дасягнуў 75-гадовага ўзросту.

Памер даплаты людзям ва ўзросце ад 75 да 79 гадоў складае 75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (з 1 мая бягучага года — Br51,24). З 80 гадоў памер «узроставай» даплаты павялічваецца да 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (з 1 мая — Br68,32). Сума змяняецца чатыры разы на год у сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня, 1 лістапада).

У Мінпрацы і сацабароны звярнулі ўвагу, што даплата не ўстанаўліваецца: асобам, якія атрымліваюць пенсіі па лініі сілавых ведамстваў; працуючым пенсіянерам; асобам, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэннi i пражываюць у дзяржаўных стацыянарных арганізацыях сацыяльнага абслугоўвання; знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі; пражываюць за межамі рэспублікі.