Прыклад, калі няварты актыў ператвараецца ў актыў прыбытковы

Важное Общество Официально

Генеральны дырэктар кандытарскай фабрыкі “Слодыч” Аляксандр НЯЧАЙ, прэм’ер-міністр Беларусі Раман ГАЛОЎЧАНКА, старшыня райвыканкама Яўген КРУКОВІЧ у вытворчым цэху.

У чацвер прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман ГАЛОЎЧАНКА наведаў Івянецкі філіял адкрытага акцыянернага таварыства “Кандытарская фабрыка “Слодыч”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, канцэрна “Белдзяржхарчпрам”, фабрыкі і раённай улады.

Падрабязна пра адно з галоўных прамысловых прадпрыемстваў гарпасёлка расказаў генеральны дырэктар ААТ “Кандытарская фабрыка “Слодыч” Аляксандр Нячай. Як вядома, колішні брэнд Івянца ў апошнія гады знаходзіўся ў заняпадзе. Смеласць адрадзіць тут вытворчасць узяў на сябе “Слодыч”. Канвеер быў запушчаны з 1 чэрвеня, да работы прыступіў 91 чалавек.

На сённяшні дзень сюды прыходзяць працаўладкоўвацца, і гэта радуе: калектыў ужо складае 100 работнікаў. І яшчэ адна прыемная акалічнасць – запыт на салодкую прадукцыю перавышае вытворчыя магчымасці: івянецкія цукеркі паступілі ў продаж у 50 магазінаў сеткі “Еўрагандаль”. Ёсць заказы і ад іншых гандляроў.

 

 

Кіраўнік урада пабываў у цэхах, пацікавіўся вытворчасцю салодкай прадукцыі і нават пакаштаваў цукеркі, якія толькі-толькі сыходзілі з канвеера. Ён расказаў, што візіт быў запланаваны невыпадкова. “Тут можна пабачыць адзін з дастаткова станоўчых прыкладаў, як прадпрыемства фактычна са стадыі ліквідацыі пасля банкруцтва адраджаецца да жыцця, – адзначыў прэм’ер-міністр. – Многія баяцца слова банкруцтва – яно асацыіруецца  са спыненнем дзейнасці, звальненнем работнікаў. Аднак часта бывае так, што гэта амаль адзіны спосаб рэаніміраваць вытворчасць. Самае галоўнае, каб стратэгія ўласніка, які адказвае за галіну і накіраванне, не заканчвалася фазай ліквідацыі. Ліквідацыя – магчымасць “ачысціцца” ад прынятых раней няправільных рашэнняў. Такое адбылося і тут: колішнія ўласнікі, напэўна, мелі сваю стратэгію развіцця, але па розных прычынах іх бізнес не атрымаўся. Адпаведна, прадпрыемства не магло абслугоўваць даўгі – адышло ў працэдуру санацыі з наступнай ліквідацыяй. І тут вельмі важна, што прадпрыемства падхапіў больш моцны канкурэнт у асобе дзяржаўнага вытворцы ААТ “Слодыч” і за дастаткова невялікія грошы пасля працэдуры банкруцтва ў кароткія тэрміны змог не толькі адрадзіць лінейку прадукцыі, але і дасягнуць унушальных паказчыкаў, калі, па словах дырэктара, запыт перавышае вытворчыя магчымасці”.

 Раман Галоўчанка падкрэсліў, што гэта станоўчы прыклад, калі няварты актыў ва ўмелых руках і пры ўдачным збегу абставін ператвараецца ў актыў прыбытковы. “Безумоўна, пытанняў яшчэ на івянецкім філіяле шмат: яно доўгі час заставалася без буйных інвестыцый, трэба наводзіць паўсюдна парадак, займацца добраўпарадкаваннем, але самае галоўнае, што яно атрымала новае жыццё – сюды пачалі вяртацца людзі. Для гарадскога пасёлка гэта вялікая падзея, – адзначыў кіраўнік урада. – У планах “Слодыча” далучэнне яшчэ аднаго збяднелага прадпрыемства – маладзечанскай кандытарскай фабрыкі “Конфа”. Таму мы абмяркуем, як выкарыстоўваць такі вопыт, бо, не сакрэт: у кожным раёне ёсць падобныя аб’екты, якія па розных прычынах апынуліся не ў самым лепшым стане – замест таго, каб расцягваць іх на металалом, неабходна зрабіць усё магчымае, каб яны пачалі зарабляць грошы”.

 Яшчэ адной тэмай візіту высокага госця да нас стала развіццё раёна – падрабязна аб тым, куды будзем крочыць у бліжэйшыя пяць гадоў, дакладвалі старшыня райвыканкама і кіраўнікі ўсіх структурных падраздзяленняў па сваіх кірунках. Бо, як падкрэсліў Раман Галоўчанка, прыярытэт, што быў агучаны і прыняты на Усебеларускім народным сходзе, – развіццё рэгіёнаў. “Гэта ключавы аспект дынамічнага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, – адзначыў ён. – Мы шмат зрабілі на рэспубліканскіх прадпрыемствах па горадзе Мінску, па абласных цэнтрах, зараз працуем па рэгіёнах”.

 Як расказаў старшыня райвыканкама Яўген Круковіч, на бліжэйшую пяцігодку вызначаны тры асноўныя аспекты: развіццё аграпрамысловага комплексу, дзе будуць задзейнічаны найноўшыя тэхналогіі, набыццё сучаснай тэхнікі і выхад на інтэнсіўнае земляробства – гатункі і перспектывы размнажэння. Другі кірунак – развіццё турызму, а менавіта аграэкатурызму. У раёне створаны 60 аграсядзіб, якія карыстаюцца попытам. За апошнія гады іх наведалі 78 тысяч турыстаў, з іх 20 тысяч – замежных. Трэці аспект – развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Ёсць пляцоўкі для інвестыцыйных праектаў з поўнай інфраструктурай – гэта прывабная прапанова для стварэння ўласнай вытворчасці ці гандлёвага аб’екта.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА