Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

 

9 ліпеня загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Т. В. Акушка пабывала ў Мінску на навучальным семінары-трэнінгу на тэму “Праблемы камунікацыі і прафілактыкі сіндрома прафесіянальнага выгарання супрацоўнікаў”, які праводзіўся ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі пры падтрымцы Еўрасаюза.

Праводзіла трэнінг дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса Ганна Гарчакова. Былі разгледжаны і прааналізаваны тэрмін “прафесіянальнае выгаранне”, віды камунікацый, прычыны, што прыводзяць супрацоўнікаў да выгарання і іншыя аспекты. Практычная частка трэнінгу дазволіла замацаваць атрыманыя веды.

25 выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця ў гэтыя дні, з 6 па 17 ліпеня, знаходзяцца на аздараўленні ў вёсцы Чэхі Вілейскага раёна на базе адпачынку дабрачыннага аб’яднання “БлагоТвори”.

Не першы год гэта арганізацыя займаецца аздараўленнем івянецкіх выхаванцаў. Яшчэ 4 дзіцяці адпачываюць у вёсцы Пральнікі нашага раёна, дзе размешчаны прыходскі дом міласэрнасці Івянецкай Свята-Ефрасіннеўскай царквы. У дамашніх умовах праводзяць летнія канікулы толькі 5 з 37 выхаванцаў установы.

24 ліпеня ў 15 гадзін у кінатэатры “Юнацтва” адбудзецца творчы вечар нашага земляка Юрыя Міхонскага, чый лёс на працягу ўсяго жыцця звязаны з Валожынам і раёнам.

Пасля вечара, які вясной прайшоў у мінскім Доме літаратараў, і куды Юрый Іосіфавіч запрасіў шмат сяброў, былі выказаны пажаданні, каб аналагічная вечарына прайшла і ў нашым горадзе. Нарэшце гэта здарыцца. На сваёй творчай і жыццёвай справаздачы аўтар жадае бачыць усіх, хто яго памятае, з кім вучыўся і працаваў разам, з кім сябраваў і падтрымлівае адносіны цяпер. У першую чаргу запрашэнні атрымалі яго настаўнікі з некалішняй школы-інтэрната, якую Ю. Міхонскі скончыў у 1978 годзе. Як аказалася, вершы ён піша з 5-га класа, друкавацца пачынаў у нашай раёнцы. За гэты час выдаў некалькі зборнікаў вершаў і паэм, на яго рахунку 5 казак для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. На вершы Ю. Міхонскага напісана каля 50 песень, большасць з якіх у суботні вечар выканаюць зоркі беларускай эстрады.

У Рэспубліканскім фестывалі “Дзень адкрытых дарог”, які прайшоў у Маладзечне і быў прымеркаваны да 85-годдзя Дзяржаўтаінспекцыі, прыняла ўдзел народная арт-група “Журавінка”.

Івянецкія спявачкі за паўгадзіны, што былі адведзены на выступленне, пакарылі гледачоў сваімі галасамі.

Не так даўно ў аграгарадку Доры адкрылася база адпачынку “Малібу”. Размешчана яна ў двухпавярховым будынку былога дзіцячага сада.

Новыя гаспадары выкупілі будынак. Добраўпарадкавалі тэрыторыю, пабудавалі лазню з саўнай, альтанку. Гэта месца набывае ўсё большую папулярнасць, тут праводзяцца вяселлі, юбілеі і іншыя масавыя мерапрыемствы. А ўвогуле, у Дорскім сельсавеце не так і многа месцаў для адпачынку. Ёсць яшчэ аграсядзіба ў самім населеным пункце – “Мядовая хата” і аграсядзіба “Шараі”.

На працягу двух дзён – 2 і 9 ліпеня – праходзіла летняя спартакіяда работнікаў лясгасаў вобласці.

Сярод 21 каманды былі і нашы землякі. У праграме – спаборніцтвы па міні-футболе, лёгкаатлетычным кросе, плаванні, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, настольным тэнісе і гіравым спорце. Прызавых месцаў валожынцы, на жаль, не занялі. Але, як вядома, галоўнае – удзел.

У апошнія дні чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Гісторыя піцейнай справы і цвярозага руху ў Расіі са старадаўніх часоў і да нашых дзён”. Яе генеральным партнёрам было ЗАТ “Пеністыя віны”.

З дакладам “Крупнік – нацыянальны напітак Беларусі, Літвы і Польшчы: гісторыя і міфалогія” выступіў гісторык, публіцыст і культуролаг, гаспадар аграсядзібы “Марцінава Гусь” у нашым раёне Алесь Белы. У адзін з дзён на пляцоўцы школы дамашняга піва- і самагонаварэння ён таксама выступіў з лекцыяй “Традыцыйныя беларускія алкагольныя напіткі: гісторыя і сімвалізм” і прэзентаваў прывезеныя з Беларусі “Зуброўку” і “Старку”.

У мінулыя выхадныя, 9-11 лістапада, 40 членаў прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Агра-Дубінское” правялі ў санаторыі “Нарачанскі бераг” у маляўнічых ваколіцах возера Нарач.

Такія туры выхаднога дня ў гаспадарцы практыкуюцца не ў першы раз. Акрамя проста адпачынку на пляжы, экскурсбюро “Вега-тур” былі арганізаваны экскурсіі ў папулярны ў адпачываючых аптэкарскі сад і на вінакурню ў пасёлак Нарач, дзе адбылася таксама дэгустацыя самаробных він.