ЗОЛАТА СЯМЕЙНАГА ЖЫЦЦЯ

Люди и судьбы

Міхаіл і Зінаіда ПАШКОЎСКІЯ з вёскі Дубіна Баярская сёлета адсвяткавалі залатое вяселле. Паўвека ідуць па жыцці поплеч гэтыя цудоўныя, душэўныя людзі. Нягледзячы на жыццёвыя нягоды, яны здолелі зберагчы цяпло сваіх сэрцаў, дзе 50 гадоў таму зарадзілася іскра кахання.

Заліхвацкаму хлопцу з Дубіны не аднойчы даводзілася бачыць крыху маладзейшую прыгажуню з Дайнавы, абое хадзілі ў клуб у суседнюю вёску Узбалаць. Менавіта там Міхаіл Уладзіміравіч упершыню запрасіў на танец Зінаіду Вікенцьеўну, а пасля прапанаваў праводзіць да дому. З гэтага моманту і распачалася іх сумесная гісторыя. Недзе праз паўтара-два гады заляцанняў маладыя людзі згулялі вяселле. Дзяўчына перабралася жыць да мужа. Неўзабаве нашы героі сталі бацькамі: нарадзіўся першы сынок, а праз пяць гадоў яшчэ адзін.

Працоўную дзейнасць Зінаіда Вікенцьеўна, якая, дарэчы, адсвяткавала сёлета і свой асабісты юбілей – 70-годдзе, пачала на маслазаводзе, затым была школа прадаўцоў і праца па спецыяльнасці. Калі пасля вяселля перабралася жыць у Дубіну, уладкавалася ў мясцовую школу поварам, а пасля ў калгас “Зара” (цяпер ААТ “Агра-Дубінское”) – даяркай. Пад яе наглядам было 50 галоў кароў. Фізічна цяжкая праца патрабывала шмат сіл і часу. Ужо на заслужаным адпачынку па запрашэнні старшыні гаспадаркі яшчэ шмат гадоў дапамагала з праполкай цукровых буракоў, а падчас уборачнай – на сушылцы.

Міхаіл Уладзіміравіч жа ўсё жыццё прысвяціў прафесіі вадзіцеля. Спачатку ён 12 гадоў шчыраваў на ЗІЛе ў аўтабазе. Быў узнагароджаны граматамі “Лепшы ў прафесіі”, “300 тысяч кіламетраў без дарожна-транспартных здарэнняў, парушэнняў працоўнай дысцыпліны і Правіл дарожнага руху”, а таксама значком “За працу без аварый”. Пазней уладкаваўся на мясцовае сельгаспрадпрыемства, дзе быў у распараджэнні заатэхніка: займаўся перавозкай скаціны.

Сёння дзверы прасторнага дома Пашкоўскіх гасцінна адчынены для блізкіх і родных. Міхаіл Уладзіміравіч і Зінаіда Вікенцьеўна з нецярпеннем чакаюць дарагіх крывінак: двух унукаў, унучку і… праўнучку, якіх яны заўсёды атуляюць цяплом, пяшчотай  і вучаць жыццёвай мудрасці. Гэта для іх – самыя шчаслівыя хвіліны. Сем’і дзяцей жывуць у Заслаўі, таму не вельмі часта радуюць сваімі прыездамі. Бабуля з дзядулем стараюцца прызапасіць для іх дамашніх прысмакаў. Яны вядуць вялікую гаспадарку, усё лета завіхаюцца ў агародзе і садзе: адной цыбулі-сеянкі высаджваюць па 3-4 кілаграмы, пад 300 банак агародніны і садавіны закатваюць.

Паўвека побач у горы і радасці, у нястачах і дабрабыце прайшло для мужа і жонкі на адным дыханні на дваіх, як кажуць, душа ў душу. І па сённяшні дзень яны не страцілі цеплыні адносін і павагі: падтрымліваюць, падбадзёрваюць адзін аднаго. Ніколі не дзеляць работу на мужчынскую і жаночую, а стараюцца дапамагчы, чым можна: яна поліць грады, ён – баразну, ён – косіць, яна – траву абрывае, разам бульбу для свіней вараць, кансерваваннем займаюцца і гэтак ва ўсім.

У кожнага з нашых герояў ёсць і свае захапленні. Зінаіда Вікенцьеўна вельмі любіць кветкі, таму з ранняй вясны да позняй восені на яе падворку цвітуць півоні, лілеі, ружы, вяргіні і інш. Міхаіл Уладзіміравіч аддае перавагу рыбалцы, толькі часу на гэты занятак, на жаль, не стае. У доўгія зімовыя вечары абое шмат чытаюць. Выпісваюць газеты, часопісы, старэйшы сын прывозіць цікавыя кнігі. Любімы аўтар жанчыны – Іван Шамякін.

На пытанне “У чым сакрэт іх сямейнага шчасця”, гавораць, што ў першую чаргу гэта павага адзін да аднаго, уменне саступаць і вырашаць праблемы разам.

Шчаслівая сямейная пара, якая пражыла ў любові і згодзе такі доўгі тэрмін, у Дзень горада Валожына была ўзнагароджана дыпломам старшыні райвыканкама “За захаванне сямейных каштоўнасцей”. 50 гадоў разам – лепшы доказ узаемнай любові, шчырай, праўдзівай, трывалай і праверанай часам. І калі глядзіш на Міхаіла Уладзіміравіча і Зінаіду Вікенцьеўну, на свае вочы бачыш, што сапраўднае каханне існуе…

Анжэла РАДЫНА