Наша мэта – роўныя магчымасці для кожнага

Общество

Наталля НЯМКЕВІЧ.

Круглы стол “Роля мясцовага згуртавання ў забеспячэнні інклюзіі” адбыўся на базе раённай бібліятэкі. У абмеркаванні пытанняў парадку дня прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскасці, мясцовай улады, градскіх аб’яднанняў, члены раённага прадстаўніцтва Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, валанцёры і іншыя зацікаўленыя асобы. З дапамогай праграмы Zoom у мерапрыемстве паўдзельнічалі партнёры па праектнай дзейнасці. 

Спікерам мерапрыемства выступіла ўдзельнік-валанцёр міжнародных інклюзіўных праектаў Наталля Нямкевіч. Яна коратка падвяла вынікі праекта “Вучымся кіраваць сваёй будучыняй”, які толькі-толькі завяршыўся на Валожыншчыне. Затым старшыня  раённай арганізацыі БелАДДІМІ Ларыса Шчарбачэвіч расказала пра распаўсюджанне ідэі інклюзіі ў мясцовым згуртаванні. Аповед суправаджаўся прэзентацыяй, дзякуючы якой прысутныя змаглі ўнікнуць у сэнс кожнага праекта, што рэалізоўваліся ў нашым раёне, пачынаючы з 1999 года. Замежныя партнёры ў сваю чаргу падзяліліся вопытам  установы, якую яны прадстаўляюць, у кірунку стварэння інклюзіўнага грамадства. Яны прадставілі прэзентацыю “Практыкі інклюзіі”.

Валанцёры – гарант інклюзіі.

Новы праект “Інклюзіўнае дыялогавае акно” прэзентаваў член грамадскай арганізацыі Аляксей Шчарбачэвіч. Плануецца, што ў выніку майстар-класаў, трэнінгаў, індывідуальных кансультацый і іншых мерапрыемстваў больш за 10 чалавек стануць правайдарамі дадатковай адукацыі, 20 – пройдуць навучанне камп’ютарнай граматнасці, 10 – пазнаёмяцца з новымі адукацыйнымі стандартамі падчас стажыроўкі ў Германіі, пасля чаго ўсе ўдзельнікі збяруцца ў Мінску на вялікі фінальны форум.

Удзельнікі дыскусіі.

Завяршылася сустрэча дыскусіяй. У ходзе яе прысутныя абмеркавалі вынік выбару “болевых” кропак, што сустракаюцца на жыццёвым шляху людзей з інваліднасцю і іх родных (адукацыя і прафесійная падрыхтоўка, працаўладкаванне, безбар’ернае асяроддзе і транспарт, стэрэатыпы і дыскрымінацыя, інш.), змаглі выказаць свае меркаванні адносна зняцця напружання па ім. Як адзначыла Наталля Нямкевіч, наперадзе ў валожынскіх актывістаў зноў вялікая і цікавая работа, якая, на яе думку, у чарговы раз пашырыць магчымасці людзей з інваліднасцю, а тым, хто не мае праблем са здароўем, дазволіць праявіць лепшыя рысы  цывілізаванага чалавека – талерантнасць і міласэрнасць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара