Пётр Міхайлавіч БАЛДОЎСКІ: «Лес люблю і паважаю, як сваю сям’ю…»

Люди и судьбы

У гэтыя ліпеньскія дні Пётр Міхайлавіч Балдоўскі, жыхар вёскі Агароднікі Вішнеўскага сельсавета, адзначыў сваё 70-годдзе. Больш за чатыры дзясяткі гадоў ён аддаў служэнню лесу і яго багаццю, дваццаць сем – на пасадзе ляснічага Вішнеўскага лясніцтва. Заўсёды працаваў сумленна і ад душы. Узнагароджаны нагрудным знакам “Ганаровы лесавод Рэспублікі Беларусь”, медалём “За працоўныя заслугі”, мае ў скарбонцы і Ганаровы прыз Героя Сацыялістычнай працы СССР Пятра Рыгоравіча Анціпава – легендарнай асобы, які без рук і без ног працаваў ляснічым у Ленінградскай вобласці. А некалькі гадоў таму Пятра Міхайлавіча прызналі лепшым ляснічым Беларусі.

Лесам ён жыве, ім дыхае, ад яго бярэ мудрасць і энергію. Кажа: “Я яго люблю і паважаю, як сваю сям’ю”.

Родам П. М. Балдоўскі з вёскі Няровы з простай сялянскай сям’і: бацька – кузнец, маці – швачка. Пётр быў старэйшым, пасля нарадзіліся яшчэ два браты. Бацькі з маленства прывучалі да работы – у ёй бачылі і сэнс жыцця, і магчымасць трывала стаць на ногі. Яшчэ вучылі паважаць людзей. Моладзь яго пакалення вельмі цягнулася да ведаў – у кожнага было жаданне праявіць сябе, паказаць, на што ты здольны, чагосьці дасягнуць. Пасля заканчэння школы разам з сябрам ён паступіў у Мінскае вучылішча электрыкаў і нядоўгі час адпрацаваў на трактарным заводзе. У Валожынскі лясгас прыйшоў у 1972 годзе, які ўзначальваў тады Барыс Мікалаевіч Дзмітрыеў. Яго мой герой называе гаспадаром лесу, і гэтымі словамі сказана ўсё. Накіравалі на работу электрыкам мех- устаноўкі Клім, загадваў якой Альфрэд Юльянавіч Роліч. Калектыў складаўся з 12 леснікоў і 2 майстроў. Менавіта тут ён атрымаў першыя азы лясной справы: як весці пасадку маладзенькіх дрэўцаў, даглядаць за імі, правільна вызначаць высечку. Альфрэд Юльянавіч вучыў адказнасці, не раз падкрэсліваючы, што лес – жывы, з ім трэба абыходзіцца беражліва і паважліва. Пасля П. М. Балдоўскага прызначылі майстрам, памочнікам ляснічага Вішнеўскага лясніцтва, а з 1987 года – ляснічым. На гэтай пасадзе заставаўся да выхаду на заслужаны адпачынак. Паступова набіраўся вопыту і адначасова павышаў прафесійны ўзровень: скончыў Полацкі тэхнікум лясной гаспадаркі, пазней – тэхналагічны інстытут.

Строгі і патрабавальны, але душой хварэючы за справу і людзей, ён паказваў прыклад адносін да даручанага ўчастка работы – любіў, як кажа, “каб усё было зроблена “на канта”, стараўся, каб лясніцтва займала людзіруючыя пазіцыі, а работнікі атрымлівалі добрыя заробкі. Прафесіяналам сваёй справы была бухгалтар Тамара Чаславаўна Жаркевіч, леснікі Вячаслаў Уладзіміравіч Гаспарэвіч, Іван Мікалаевіч Маленкавіч, які пастаянна займаў прызавыя месцы на спаборніцтвах вальшчыкаў лесу.

Лясныя ўгоддзі налічвалі амаль 9 тысяч гектараў, 75 працэнтаў з іх займалі ліставыя пароды – асіна, бяроза, вольха, 25 працэнтаў – сасна і елка. 160 гектараў былі адведзены пад ліпавыя плантацыі – іх высаджвалі спецыяльна для пчолаў, на галоўным карыстанні знаходзіліся і волаты-дубы, узрост якіх налічваў пад 150-200 гадоў: яны пакідаліся як насеннікі. Планаў даводзілася шмат: вясной за два-тры дні высаджвалі па 40-60 гектараў маладзенькага лесу. А колькі сіл трэба прыкласці, каб кволыя саджанцы ўкараніліся: догляд за маладняком, якога налічвалася 500 гектараў, патрабаваў вялікай адказнасці, бо гэта ж насамрэч святая справа – аднаўленне ляснога фонду. У сезон здавалі па 40-60 тон бярозавага соку – падчаплялі бочку да трактара і везлі ў Юрацішкі, каб зарабіць грошы. Збіралі лекавыя травы і нават кару вярбы.

У штодзённых лясных клопатах добра дапамагалі юныя работнікі школьнага лясніцтва, якое ў той час лічылася сапраўдным ноу-хау і належыла менавіта вішнеўскаму ляснічаму. Школьнікі старэйшых класаў не цураліся ніякай работы, бо гэта была магчымасць займець свой уласны рубель. Атрымліваючы веды на практыцы, некаторыя з іх у далейшым выбіралі лясную прафесію: у ліку такіх – Віталій Тарасевіч і сын Пятра Міхайлавіча Балдоўскага Павел. Цяпер, дарэчы, бацька працуе ў сына майстрам.

Увогуле, лясніцтва лічылася кузняй кадраў: навічкі прыходзілі маладымі спецыялістамі, адбывалі практыку, завочна вучыліся і атрымлівалі далейшую пуцёўку ў жыццё. Сярод такіх – два браты Лебядзевічы з Сакаўшчыны. Зараз Іван Пятровіч Лебядзевіч – ляснічы 1-га класа, узначальвае Пяршайскае лясніцтва, а Ігар Пятровіч Лебядзевіч камандуе Вішнеўскім. Уладзімір Уладзіміравіч Маркоўскі працуе ляснічым Багданаўскага лясніцтва.

Шмат было зроблена і па ўмацаванні матэрыяльнай базы: пабудаваны гараж 9х21 метр, арачнік і канюшня для коней, якіх тады мелася ў лясніцтве тры, і самы важны “аб’ект” – на працягу года ўзвялі новую кантору. Важны гістарычны факт: прымаць новабудоўлю прыехаў сам міністр лясной гаспадаркі, а рабяты са школьнага лясніцтва давалі канцэрт. За дапамогу лясгасу ім падарылі камп’ютар.

А колькі яшчэ вялікіх асоб пабывала ў гасцях у вішнеўскага ляснічага! Калісьці сюды завітаў нават Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі мітрапаліт Алексій II: у двары лясніцтва стаіць альтанка, у якой ён адпачываў. Людзі гавораць, што пасля знаходжання ў ёй ім робіцца асабліва лёгка.

Толькі добрымі словамі ўзгадвае П. М. Балдоўскі і ўсіх кіраўнікоў Валожынскага лясгаса, пры якіх яму давялося працаваць. Уладзіміра Якаўлевіча Баршча лічыў дырэктарам ад Бога: ён цікавіўся людзьмі – ляснічымі, рабочымі, іх справамі. Іван Іванавіч Віршыч, аднакурснік, з якім і зараз падтрымлівае сяброўскія адносіны, – талковы гаспадарнік, чулы чалавек, трымаў дысцыпліну і парадак. Раман Лявонцьевіч Матус ведаў цану лесу і яго багацця, стараўся, каб Валожынскі лясгас знаходзіўся на дастойным месцы.

…За штодзённай карпатлівай працай і не заўважыў, як праляцелі сорак гадоў ЛЮБІМАЙ працы. Так-так, менавіта любімай. Бо, як кажа Пётр Міхайлавіч, кожны чалавек павінен быць на сваім месцы – тады хочацца рабіць і імкнуцца наперад, ставіць планы і ажыццяўляць іх, радавацца ад набытку і натхняцца дасягненнямі. Мой герой падкрэслівае, што адносіны да лесу зараз значна змяніліся ў лепшы бок дзякуючы разуменню і падтрымцы кіраўніцтва краіны, Міністэрства лясной гаспадаркі, абласнога аб’яднання. У наш час да лесу ставяцца ашчадна і беражліва – калісьці сюды вывозілі смецце, яны ляжалі “горамі”, і работнікам лясніцтва даводзілася самім прыбіраць і наводзіць парадак. Зараз жа людзі ў лесе не смецяць, а калі і надараецца ўбачыць які пакет з адходамі – то гэта ўжо выключэнне. Кожны павінен зразумець, што лес – насамрэч наша багацце: гэта лёгкія планеты, ён шчодра дзеліцца ягадамі, грыбамі, дае драўніну, дапамагае зняць стрэс і добра адпачыць. І памятаць народную мудрасць: “Ты ў лесе ягады збіраў і забыў, а ён цябе, думкі і сэрца тваё памятае”.

 Алена ЗАЛЕСКАЯ