ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ-102

Происшествия

ВОСЬ ТАКІ ТОРГ

З заявай аб прапажы паўпрычэпа-рэфрыжэратара ў праваахоўныя органы звярнуўся жыхар г. п. Рудзенск Пухавіцкага раёна. Як высветлілася пазней, куды дзелася яго маёмасць, заяўнік добра ведаў. У ходзе разбіральніцтва ўстаноўлена: ён прадаў сваю тэхніку і нават паспеў атрымаць за яе грошы. Дамова з пакупніком была наступнай: грошы плацяцца толькі за паўпрычэп без рамы, мастоў і іншых дэталей. Пакупнік адганяе тэхніку на сваю сядзібу, а прадавец праз 2-3 тыдні прыязджае і самастойна робіць дэмантаж. Толькі вось прадавец не з’явіўся ні праз некалькі тыдняў, ні праз месяц, ні праз два. Пакупнік сам разабраў набытую тэхніку і ў якасці кампенсацыі пакінуў сабе ўсё, што прадавец планаваў забраць. Калі ж гора-гандляр прыбыў на месца, дзе павінны былі “кватараваць” фрагменты яго тэхнікі, знайшоў толькі раму.

УКРАЛІ ІНСТРУМЕНТЫ – ВІДАЦЬ, ПЛАНУЕЦЦА БУДОЎЛЯ

На рэчы, што належалі брыгадзіру КСУП “Гародзькаўскае” і маёмасць самой сельгасарганізацыі спакусіліся невядомыя, узламаўшы памяшканне на кароўніку ў вёсцы Малое Запруддзе, які апошнім часам не выкарыстоўваецца. Па сведчанні пацярпелага, аматары лёгкай нажывы панеслі  цэлы набор інструментаў, будаўнічую тачку, арматуру, металічныя слупкі, калонкі ад камп’ютара. На месце здарэння аператыўная група зафіксавала сляды ўзлому, адбіткі пальцаў і сляды абутку.

ЗАВІТАЛА Ў ГОСЦІ, УЧЫНІЛА СВАРКУ

Што ці каго не падзялілі сёстры з адной з вёсак Валожыншчыны, пакуль невядома. Аднак  у выніку “буйной размовы” гаспадыня дома, дзе адбывалася сустрэча, выклікала на сваячку міліцыю. Па яе сцвяджэнні, тая ўчыніла грандыёзную сварку, хапала яе за адзенне. У адносінах да скандалісткі складзены адміністрацыйны пратакол. Аднак, паколькі яна выхоўвае непаўналетняе дзіця, у дадзеным  выпадку мера адміністрацыйнага затрымання не прымянялася.

МАК НЕ ЗАЎВАЖЫШ, ЧАКАЙ НЕПРЫЕМНАСЦЕЙ

У ходзе правядзення мерапрыемстваў, што прадугледжаны спецыяльнай праграмай “Мак-2021”, папярэджанні атрымалі пенсіянеры з вёсак Клімы і Радзюкі. У іх агародах супрацоўнікамі міліцыі знойдзены па некалькі кустоў маку, што з’яўляецца недапушчальным.

ЗАЙШЛІ ВЫПІЦЬ І ПАКУРЫЦЬ

8 бутэлек водкі, 5 – алею, 1 – каньяку, некалькі ўпаковак малака, 6 кілаграмаў мяса, некалькі курыц, цыгарэты… Гучыць так, быццам апісваецца візіт  у магазін “Еўраопт”. Толькі гутарка ідзе не пра пакупку. Усё пералічанае зламыснікі вынеслі з магазіна ў вёсцы Проўжалы, папярэдне пашкодзіўшы электраправодку і сарваўшы навясны замок. На месце здарэння аператыўная група знайшла пустую бутэльку ад спіртнога і акурак (відаць, камусьці не цярпелася). Вядзецца следства.

СТРАШНЫЯ ЗНАХОДКІ

Двойчы за тыдзень у аддзяленне дзяжурнай службы РАУС паступілі паведамленні аб знойдзеных трупах. Бліз вёскі Цімкавічы ў лясным масіве жыхар Валожына натыкнуўся на памерлую пенсіянерку. На тэрыторыі СТАА “Данпрод” у тэхнічным калодзежы знойдзены труп супрацоўніка арганізацыі, жыхара вёскі Пяршаі. У абодвух выпадках слядоў гвалтоўнай смерці не заўважана. Вядуцца следчыя дзеянні.

Матэрыял па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Валянціна КРАЎНЕВІЧ