Юныя выратавальнікі дастойна прадставілі раён

Общество

Напрыканцы чэрвеня на беразе Плешчаніцкага вадасховішча прайшлі 17-ы палявы лагер «Юны выратавальнік» і злёт юных выратавальнікаў Мінскай вобласці. Удзел прынялі 24 каманды, у тым ліку і з нашага раёна. У яе ўвайшлі хлопчыкі і дзяўчынкі з сярэдняй школы № 2 г. Валожына.

Першым конкурсам, які прайшлі ўдзельнікі злёту, стала прадстаўленне палатачных гарадкоў. Журы ацаніла ўпляценне ў афармленне нацыянальнага каларыту, інтэрпрэтацыю тэм бяспекі, творчасць і фантазію дзяцей.

Другім – і самым складаным – конкурсам сталі зводна-палявыя вучэнні. Яны складаліся з чатырох этапаў. На першым маладыя людзі сутыкнуліся з «хімічнай аварыяй». Ацэньваліся правільнасць накладання бандажа і эвакуацыя пацярпелага з небяспечнай зоны. На другім этапе тушылі «лясны пажар». На трэцім арганізатары падрыхтавалі паласу перашкод: удзельнікі каманд ліквідавалі наступствы “абвалу” і знайшлі “пацярпелага” ў задымленай зоне. І на чацвёртым этапе ўдзельнікі вучэнняў адпрацавалі навыкі аказання дапамогі тым, хто церпіць бедства на вадзе. У гэтым конкурсе каманда нашага раёна заслужана заняла 3-е месца.

Наступным конкурсам стаў «Агляд строю і песні». Далей па праграме ішло праходжанне турыстычнай паласы. У пачатку маршруту камандзе неабходна было транспартаваць дзве пакрышкі ў пазначаную зону, затым прайсці па вяроўках праз умоўны абрыў і пераадолець пры дапамозе дошак «балота». Тут наша каманда заняла другое месца. У спаборніцтвах па валейболе яна стала трэцяй.

У гэты ж дзень юныя выратавальнікі на хуткасць разводзілі вогнішчы. Тры запалкі, галлё і адзін ліст паперы – усё, што было ў распараджэнні кожнай каманды, але гэта не перашкодзіла выканаць пастаўленую задачу. Таксама ўдзельнікі прадэманстравалі навыкі ў хуткай устаноўцы палаткі.

Напрыканцы злёту прайшлі цырымонія закрыцця і ўзнагароджанне пераможцаў. Наша каманда годна прадставіла Валожыншчыну, паказала добрыя вынікі. Віншуем з заслужанымі ўзнагародамі і жадаем далейшых поспехаў!

Інфармацыя і здымкі

прадастаўлены РАНС