Лукашэнка: «Славянскі базар» стаў адным з сімвалаў станаўлення незалежнай Беларусі

Главное Культура

Фестываль «Славянскі базар у Віцебску» стаў адным з сімвалаў станаўлення незалежнай Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі адкрыцця XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Для беларусаў фестываль стаў адным з сімвалаў станаўлення незалежнай дзяржавы. Так, бывалі вельмі няпростыя часы. Але мы бераглі «Славянскі базар». І насуперак усім цяжкасцям свята жыло», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што разам з фестывалем вырасла цэлае пакаленне беларусаў, ён укараніўся на зямлі, якую па праву можна лічыць калыскай беларускай самабытнасці. «Віцебшчына, якая падарыла нам Шагала, Пэна, Азгура, Быкава і Фрадкіна, стала цэнтрам прыцягнення для творчых людзей у XXI стагоддзі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння фестываль у Віцебску — гэта самы аўтарытэтны міжнародны конкурс прафесійнага вакальнага майстэрства.

«Падкрэслю — конкурс прафесійнага майстэрства, а не шоу-тэхналогій, створаных толькі для іміджу і жадання пацешыць нечае самалюбства. Ён існуе ў імя людзей, дружбы і адзінства, таму што толькі ў адзінстве народаў ёсць сіла, якая пераадольвае любыя перашкоды, — заявіў Прэзідэнт. — І як бы ні курчыліся ў інсінуацыях крытыкі дзяржаўнай і маёй асабістай падтрымкі «Славянскага базару», мы яго адстаялі і ні разу не пашкадавалі, што кожны год праводзім гэты цудоўны фестываль».