Стаўка рэфінансавання з 21 ліпеня павышаецца да 9,25 працэнта гадавых

Важное Общество

 З 21 ліпеня 2021 года стаўка рэфінансавання складзе 9,25 працэнта гадавых, стаўка па крэдыце авернайт — 10,25 працэнта, стаўка па дэпазіце авернайт — 8,25 працэнта. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

Адпаведныя рашэнні прыняты праўленнем Нацбанка 15 ліпеня па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы.

«Як чакалася, у другім квартале 2021 года прадоўжылася паскарэнне гадавога тэмпу росту спажывецкіх цэн, якое пачалося ў канцы 2020 года. Разам з тым інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў павысілася, што галоўным чынам абумоўлена больш значным праінфляцыйным знешнім фонам. Рост цэн на сусветных рынках тавараў (у тым ліку энергарэсурсаў, будаўнічых матэрыялаў, прадуктаў харчавання) узмацніўся ў выніку пашырэння спажывецкага попыту на фоне цяжкасцей, што захоўваюцца, у вытворчасці і лагістыцы. Пры гэтым аднаўленне эканамічнай актыўнасці ў свеце адбываецца больш хуткімі тэмпамі, чым чакалася большасцю міжнародных экспертаў», — адзначылі ў Нацбанку.

Дадатковым фактарам, які падтрымлівае інтэнсіўны рост спажывецкіх цэн у Беларусі, сталі павышаныя інфляцыйныя чаканні эканамічных агентаў.

У той жа час умацаванне беларускага рубля ў другім квартале 2021 года, а таксама захаванне кантролю за грашовым прапанаваннем абмяжоўвалі інфляцыйныя працэсы ўнутры краіны.

З улікам усяго комплексу знешніх і ўнутраных фактараў па выніках чэрвеня 2021 года спажывецкія цэны выраслі на 9,9 працэнта ў гадавым выражэнні.

«У бліжэйшай перспектыве ў сусветнай эканоміцы інфляцыйны фон захаваецца павышаным. Разам з тым чакаецца, што інфляцыя ў краінах — гандлёвых партнёрах Беларусі стане паступова запавольвацца. Шмат у чым гэтаму будзе садзейнічаць аднаўленне балансу попыту і прапанавання тавараў на сусветных таварных рынках, у тым ліку ў сегменце харчовых тавараў за кошт атрымання новага ўраджаю сельскагаспадарчых культур. У прыватнасці, згодна з прагнозамі Банка Расіі, паступовая нармалізацыя грашова-крэдытнай палітыкі, у тым ліку ўжо прынятыя рашэнні адносна павышэння ключавой стаўкі, дазволяць знізіць інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў у Расійскай Федэрацыі і запаволіць рост спажывецкіх цэн да мэтавага ўзроўню ў другой палове 2022 года», — расказалі ў Нацбанку.

У той жа час высокая інфляцыя, што захоўваецца, у краінах — гандлёвых партнёрах нараўне са значнай няпэўнасцю адносна перспектыў аднаўлення сусветнай эканомікі, тэрмінаў пачатку і хуткасці нармалізацыі грашова-крэдытных палітык у развітых краінах, а таксама ўсё большым адхіленнем інфляцыі ў Беларусі ад мэтавага ўзроўню можа перашкаджаць запаволенню інфляцыйных працэсаў у краіне.

Беручы пад увагу ўсю сукупнасць названых фактараў і неабходнасць абмежавання праінфляцыйных рызык, праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне аб павышэнні стаўкі рэфінансавання на 75 базісных пунктаў.

У гэтых умовах па выніках трэцяга квартала гадавая інфляцыя захаваецца паблізу ўзроўню, які склаўся ў чэрвені бягучага года. Такая дынаміка шмат у чым абумоўлена яе паскарэннем, якое ўжо адбылося. У далейшым інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў стане запавольвацца. У снежні 2021 года гадавы прырост спажывецкіх цэн ацэньваецца каля 9 працэнтаў. Інфляцыя ў гадавым выражэнні наблізіцца да ўзроўню 6 працэнтаў да канца 2022 года.

«У далейшым праўленне Нацыянальнага банка пры прыняцці рашэнняў па грашова-крэдытнай палітыцы па-ранейшаму будзе зыходзіць з неабходнасці падтрымання цэнавай стабільнасці, улічваючы ўвесь комплекс знешніх і ўнутраных умоў, якія ўплываюць на фактычную і чаканую інфляцыю і яе адхіленне ад мэтавага арыенціра, а таксама ацэнку інфляцыйных рызык», — рэзюмавалі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей.