НАШ КІРУНАК – ЗДАРОВАЯ ІНКЛЮЗІЯ

Культура Общество Спорт

На Валожыншчыне прайшоў веламарафон “Інклюзіўны рух да жыцця”, арганізатарамі якога выступілі Валожынскі райвыканкам, раённае прадстаўніцтва дабрачыннай арганізацыі “АДРА”, Брэсцкаяе маладзёжнае аб’яднанне  “Інвалід і асяроддзе”, велаклуб “РаДэя”, “Беларускае таварыства інвалідаў”.

Яшчэ ў пачатку мінулага тыдня ў філіял “Турыстычна-інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр” ТЦСАН, што на вуліцы Набярэжнай, заехалі ўдзельнікі веламарафону з Мінска і Брэста. Спартсмены з інваліднасцю і без яе тут жа распачалі падрыхтоўку да ўдзелу ў заездзе. Затым арганізатары, гаспадары і іх госці пераправілісяў у Івянец, дзе папярэдне быў праведзены першы этап фестывалю “Здаровая інклюзія”. Гасцей віталі старшыня гарпасялковага Савета дэпутатаў Тэрэза Ліпніцкая і артысты-аматары з устаноў культуры раёна. Там жа, у гарадскім пасёлку, адбыўся старт марафону. Маршрут пралягаў праз хутар “Вялае”,  вёску Яцкава, экалагічную сцежку, што ў вёсцы Белакорац.  Усяго на веласіпеды, у тым ліку і тандэмы (калі адзін спартсмен – інвалід, а другі – здаровы валанцёр), селі каля 50 чалавек.

Калектыў і выхаванцы дзённага аддзялення для людзей з інваліднасцю ганарацца пастаянным наведвальнікам аддзялення Валерыем Саевічам, які здолеў праехаць, прычым самастойна, 17 кіламетраў. Захапленне выклікала і язда валанцёра аддзялення Уладзіслава Рэута. Міхаіл Мяцельскі і Ларыса Радзівіла, на жаль, пакуль не маюць адмысловай падрыхтоўкі, каб сесці на веласіпед, аднак яны былі, так бы мовіць, у групе падтрымкі, якая перамяшчалася па ўсім шляху прабегу на аўтамабілях. Дарэчы, транспартам марапрыемства забяспечвалі арганізатары і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

 Завяршылася маштабная іклюзіўнае мерапрыемства ў Валожыне. Тут, на пляцоўцы ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу, адбыўся другі этап фестывалю “Здаровая інклюзія”. Прыхільнікаў актыўнага і здаровага ладу жыцця віталі намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Ігар Шакун, старшыня раённай арганізацыі “Таварыства інвалідаў” Віктар Субач, старшыня аб’яднання “Інвалід і асяроддзе” Іван Шмыга, кіраўнік велаклуба, мастак Валянцін Валдэнка, намеснік кіраўніка рэспубліканскай дабрачыннай арганізацыі “АДРА” Аляксандр Панасенка. Ігар Уладзіміравіч, які таксама з’яўляецца аматарам веласпорту, адзначыў, што на Валожыншчыне вядзецца вялікая работа па стварэнні ўмоў для заняткаў фізічнай культурай і турызмам для ўсіх слаёў насельніцтва. Безбар’ернае асяроддзе, якому надаецца асаблівая ўвага, дазваляе наведваць любыя ўстановы, у тым ліку і аграсядзібы, людзям, што маюць самыя розныя віды інваліднасці.

Пасля непрацяглай але насычанай канцэртнай праграмы з ўдзелам зорак мясцовай эстрады ўдзельнікам фестывалю (жыхары райцэнтра, удзельнікі спартыўнага лагера “Алімпіец” пры ДЮСШ, школьнікі, наведвальнікі аддзяленняў ТЦСАН для інвалідаў і для пажылых людзей ) прадаставілі магчымасць паўдзельнічаць у эстафеце “Экалогія і здароўе”, спаборніцтвах “Велапакатушкі”, прайсці віртуальны курс навучання выратавання сябе і блізкіх падчас пажару. Зацікавіла прысутных і “Дзіцячая выстава здароўя”. Пасля чаго дыджэй  Уладзімір Ціханоўскі запрасіў дзяцей да ўдзелу ў дыскатэцы.

 

Ідэя інклюзіўнага мерапрыемства нарадзілася падчас выпадковай сустрэчы двух неверагодна моцных духам асоб – брэстчаніна  Івана Шмыгі і жыхара Івянца Віктара Субача. Мужчыны маюць інваліднасць, аднак на працягу многіх гадоў дапамагаюць спраўляцца з праблемамі іншым людзям. Можна сказаць, што яны прысвяцілі жыццё стварэнню ў нашай краіне інклюзіўнага грамадства. Як адзначыў госць з Брэста, ён прыемна ўражаны абстаноўкай на Валожыншчыне ў гэтым кірунку. І яму, і яго камандзе вельмі спадабаўся візіт у наш раён. Ён падкрэсліў, што ў людзей з Белавежскай пушчы шмат агульнага з жыхарамі пушчы Налібоцкай і запэўніў прысутных: сяброўства, якое зараз ужо пацверджана шыкоўным фестывалем, будзе працягвацца.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота аўтара і Віктара СУБАЧА