Перыёдыку заказвалі? Чытайце!

Общество

Правядзенне падпісной кампаніі для калектыву валожынскага ўчастка паштовай сувязі Маладзечанскага РУПС Мінскага філіяла РУП “Белпошта” – пара гарачая. Супрацоўнікі арганізацыі імкнуцца не проста аднавіць папярэднюю падпіску, але і павялічыць колькасць экзэмпляраў.

Зараз кожны з нас стараецца лічыць грошы і без вялікай ахвоты выдзяляе штосьці з сямейнага бюджэту на нематэрыяльныя рэчы, тым не менш большасць жыхароў раёна не ўяўляюць свайго жыцця без таго, каб хаця б некалькі разоў у тыдзень не дастаць з паштовай скрынкі любімую газету ці часопіс. У некаторых аматараў друкаваных СМІ такіх выданняў некалькі.

Як паведаміла начальнік участка Святлана  Лугіна, сярод газет на тэрыторыі Валожыншчыны безумоўны лідар наша “Працоўная слава”. Затым ідуць такія грамадска-палітычныя газеты, як “СБ. Беларусь сегодня”, “Мінская праўда”, “Сельская газета” і іншыя. Сярод людзей пенсіённага ўзросту ўжо шмат гадоў застаюцца папулярнымі газеты “Друг пенсионера”, “Народный доктор”, “Советчица”, часопіс “Я на пенсии”. Маладыя жанчыны любяць чытаць часопісы “Кудесница”, “Домашний”, Цветок”, “Домашние цветы”, а іх равеснікі-мужчыны часта не супраць падпісацца на газету  “Паляўнічы і рыбалоў”, часопіс “За рулём”. Клапатлівыя бацькі, якія старанна прывучаюць дзяцей да чытання, не шкадуюць грошай на арганізацыю дастаўкі сваім нашчадкам часопісаў “Непоседа”, “Рюкзачок” і “Детской газеты”. На шчасце ў каталозе можна выбраць выданне на любы ўзрост і густ. Паштальёны з вопытам добра разумеюць псіхалогію падпісчыкаў. Таму нават тым, хто сумняваецца, абавязкова дадуць слушную параду.

Усяго на трэці квартал бягучага года жыхары Валожыншчыны выпісалі 12160 экзэмпляраў.

Адно з лепшых аддзяленняў паштовай сувязі ў раёне – Бабровіцкае. Тут штодня прымае наведвальнікаў Ларыса ТУР. Маладая і энергічная жанчына ва ўстанове, за дзейнасць якой нясе адказнасць два гады, і загадчык, і аператар, і паштальён. Мясцовыя жыхары, кожны па сваёй патрэбе, імкнуцца трапіць у памяшканне пошты ў першай палавіне дня – ведаюць, пасля абеду Ларыса Вітальеўна накіруецца па звыклым маршруце (прыкладна 8 кіламетраў), каб даставіць па адрасах паштовыя адпраўленні і перыёдыку. У сярэднім ёй даводзіцца завітаць у 70 двароў. Самыя напружаныя дні – аўторак і пятніца. Менавіта так выходзіць раённая газета, якую па сцвярджэнні паштальёнаў, чытаюць усе, нават тыя, хто яе не выпісвае.

З гэтым меркаваннем згодна і жыхарка Бабровічаў Валянціна Рубацкая. Мы пазнаёміліся з былой даяркай, калі тая завітала ў аддзяленне, каб набыць машынку для закатвання хатняй кансервацыі. Валянціна Дзмітрыеўна  ад душы пахваліла бабровіцкую паштовую работніцу за выключнае абслугоўванне, адзначыла добры асартымент прадуктаў, што прапаноўваюцца пакупнікам. Не забыла шаноўны ветэран сельскагаспадарчай галіны і нашу газету. Па яе словах, дарослае насельніцтва вёскі ў сваёй большасці – адданыя прыхільнікі менавіта нашага выдання.

Дарэчы, нам, тым, хто стварае раёнку, надзвычай прыемны гэты і іншыя водгукі нашых чытачоў. Шчырае дзякуй вам, дарагія сябры, за вернасць. Нізкі паклон уважлівым чытачам, якія знаходзяць час на зваротную сувязь з карэспандэнтамі. Мы заўсёды гатовы выслухаць вашы парады, крытыку, пажаданні. Заставайцеся з намі!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара