Эстафета адзінства

2021 - Год народнага адзінства Общество

У мінулую сераду валожынцы далучыліся да абласной акцыі “Эстафета адзінства” ў рамках краязнаўчай экспедыцыі “Турыстычная мазаіка Міншчыны”. З-за дажджу гасцей сустракалі ў раённым Цэнтры культуры.

Арганізатарам акцыі з’яўляецца Мінская абласная арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” па ініцыятыве Салігорскай раённай арганізацыі і непасрэднай падтрымцы ўпраўлення па адукацыі Салігорскага райвыканкама. Яна прымеркавана да Года народнага адзінства і праводзіцца з мэтай згуртавання грамадства, папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, павышэння нацыянальнай самасвядомасці, патрыятычнага выхавання моладзі.

Акцыя стартавала з Салігорскага раёна. Падчас яе правядзення ўдзельнікі краязнаўчай экспедыцыі наведваюць усе 22 раёны сталічнай вобласці, дзе знаёмяцца з пяццю найбольш значнымі культурна-гістарычнымі і прыроднымі аб’ектамі, сустракаюцца з прадстаўнікамі арганізацыі. Адметнасцю мерапрыемства з’яўляецца перадача “Вымпела адзінства”.

Звяртаючыся да прысутных з прывітальным словам, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Алена Клачко сказала, што галоўная каштоўнасць любой краіны – быць адзінай нацыяй. “Нас аб’ядноўвае імкненне жыць і працаваць у любімай, незалежнай, квітнеючай Беларусі, – падкрэсліла Алена Іванаўна. – Сённяшняе мерапрыемства – не проста візіт і экскурсія, а вялікая краязнаўчая экспедыцыя, якая дае магчымасць больш даведацца пра гісторыка-культурныя каштоўнасці, пазнаёміцца з людзьмі, абмяняцца думкамі – адчуць той дух яднання, які заўсёды быў уласцівы беларусам”.

Дэлегацыю пачаставалі валожынскім караваем, пасля ўсе разам усклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны, што ў гарадскім скверы на плошчы Свабоды ў Валожыне. Далейшы маршрут ляжаў да арт-аб’екта ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Я люблю Валожын”.   

Як адзначалі ўдзельнікі акцыі, у кожным рэгіёне ёсць на што паглядзець і ёсць што паказаць. “Кожны раён унікальны, – адзначыла старшыня Салігорскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ларыса Жук. – І наша эстафета адзінства – гэта пробнае пяро: мы напісалі і думаем, што рабіць далей. Спадзяюся, хутка намалюецца наступны этап, бо падчас візітаў стараліся наведаць не толькі славутыя мясціны, але і прамысловыя гіганты. Учора паглядзелі “БЕЛДЖЫ” ў Барысаве і зразумелі, што зорныя войны ўжо ў нас у жыцці – там такія іскры ляцяць, столькі ўражанняў. Здаецца, нямала пражыў і шмат пабачыў, але яшчэ ёсць чаму здзіўляцца”.

Усе месцы, якія наведае краязнаўчая экспедыцыя падчас свайго маршруту, будуць нанесены на інтэрактыўную карту славутасцей Міншчыны.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара