Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

 

Лета – гарачая пара не толькі ў сэнсе тэмпературнага рэжыму. Яно гарачае асабліва для выпускнікоў, якія менавіта ў гэтыя спякотныя дні здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне, а цяпер вызначаюцца са сваім далейшым лёсам. Для паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы многія юнакі і дзяўчаты звяртаюцца за мэтавымі накіраваннямі. Накіраванні аблягчаюць паступленне, але ў далейшым патрабуюць і абавязковай адпрацоўкі ад маладых спецыялістаў.

Як высветлілася, у райбальніцы няма пэўнай квоты на мэтавыя накіраванні. Але з бягучага года з’явіліся і некаторыя змяненні. Напрыклад, непасрэдна ў бальніцы выдаюць накіраванні толькі ў медыцынскія каледжы: Маладзечанскі, Барысаўскі і Слуцкі. А дагавор на льготнае паступленне ў ВНУ падпісваецца непасрэдна з галоўным упраўленнем па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама. І размяркоўвацца такія спецыялісты будуць па ўсёй вобласці. Прыярытэт, зразумела, будзе таму рэгіёну, адкуль родам і дзе заканчвалі навучальную ўстанову. Па даных на 14 ліпеня, выдадзены ўжо 6 мэтавых накіраванняў на паступленне ў Маладзечанскі дзяржаўны каледж. І 7 выпускнікоў нашага раёна звярнуліся па мэтавыя накіраванні ва ўніверсітэты. Лічбы гэтыя неканчатковыя. Падача дакументаў яшчэ не пачалася.

Сёлета для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па педагагічных спецыяльнасцях ва ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама былі 12 мэтавых месцаў і 1 месца ў Беларускі ўніверсітэт фізічнай культуры. Так бы мовіць, план мэтавага набору ўжо закрылі.

5 мэтавых накіраванняў выдадзены на спецыяльнасць “пачатковая адукацыя”, па 2 – “матэматыка і інфарматыка” і “руская мова і літаратура”. Раней не было мэтавых месцаў на такія спецыяльнасці, як “сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога” і “псіхалогія” (па аднаму накіраванню). А ў лінгва-гуманітарны каледж пры Лінгвістычным універсітэце на адно месца выдадзены два накіраванні на спецыяльнасць “англійская мова”. Пераможа той, хто набярэ больш балаў на ЦТ. Упершыню два мэтавыя месцы для валожынскіх выпускнікоў выдзелены ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы. Пасля заканчэння ВНУ выпускнік абавязаны адпрацаваць у нашым раёне 5 гадоў, пасля каледжа – 3 гады.

Больш за 1,5 тоны мёду атрымалі ў лясгасе ад 131 пчоласям’і падчас першага адпампоўвання духмянай прадукцыі.

Традыцыйна лясгасаўскія пчолы для здабычы мёду качавалі па палетках раёна і нават за межамі. Усе ведаюць, што мёд, які прадае гэта прадпрыемства, вызначаецца якасцю. У пачатку жніўня пачнецца другое адпампоўванне лекавай сыравіны.

Да самых маленькіх і аддаленых населеных пунктаў дабіраюцца культработнікі, ладзячы святы канкрэтных вёсак, абуджаючы іх звонкімі песнямі, прыпеўкамі. А як патрэбны вяскоўцам цёплыя словы, якія адрасуюць імяніннікам, юбілярам, дбайным гаспадарам, добрым сем’ям.

11 ліпеня з дапамогай работнікаў Багданаўскага цэнтра культуры свята святкавала вёска Зарэчная. 17 ліпеня шумна было ў вёсцы Калеснікоўшчына, свята якой падрыхтавалі работнікі Вішнеўскага СДК. Да канца месяца запланаваны таксама святы вёсак Сасноўцы, Пярэжары і Бакшты, што рыхтуюць калектывы Пугачоўскага СДК, Ракаўскага цэнтра народнай творчасці і Дорскага СДК.

Шмат якіх гасцей пабачыла аграсядзіба “Налібоцкія васількі”, а вось у здымачную пляцоўку дэтэктыўна-прыгодніцкай шматсерыйнай стужкі ператварылася ўпершыню. Зразумела, змянілася і сама шыльда.

13 ліпеня падворак запаланілі людзі і розная апаратура. Здымкі сюжэта вяліся каля чатырох гадзін. У цэнтры яго быў егер, ролю якога выконваў даволі вядомы акцёр другога плана Сяргей Власаў. Увогуле на яго рахунку 160 роляў у фільмах і папулярных серыялах. Новая стужка, у якой здымаюцца расійскія, беларускія і ўкраінскія артысты, звязана з паляваннем і будзе называцца “Смак помсты”. Развітаўшыся з гаспадарамі Васілём і Марыяй Шакунамі, здымачная група рушыла ў прыдарожнае кафэ “Ля Лукамор’я”, дзе былі запланаваны здымкі. Таксама па сюжэце працавалі артысты ў Румскім лясніцтве. Здымкі вяліся на адным з балот.

Сапраўднае свята падарылі работнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра 13 бацькам сваіх выхаванцаў: яны арганізавалі выезд на экалагічную сцяжыну ў Белакорац.

Спецыяліст ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” Ларыса Кулак вельмі цікава расказала і пра сцяжыну, і пра насельнікаў пушчы. Былі падрыхтаваны культурна-забаўляльная праграма і вясёлыя спартыўныя гульні, вядомыя кожнаму з дзіцячых часоў. І, сапраўды, дарослыя людзі весяліліся, як дзеці, выкінуўшы з галавы на некалькі гадзін усе свае праблемы. Завяршылі праграму шашлыкі ад прафесіянальнага повара і аднаго з бацькоў Давіда Сванідзэ. Гэта паездка дала бацькам новыя сілы і пераканала, што яны не засталіся адзін на адзін са сваімі праблемамі.