Карысны набытак

Аграрный сектор и промышленность

Наталля СКРАБЕЦ побач з новай машынай.

Вытворчасць – справа жывая. Каб мець прыбытак, неабходна пастаянна клапаціцца пра якасць прадукцыі, аб’ёмы выпушчаных тавараў, пашырэнне рынкаў збыту. Галоўныя крокі на гэтым шляху – падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў і паступовае аднаўленне тэхнічнай базы.

Калі з першым пунктам у ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” заўсёды наглядаецца стабільнасць, то другі, па меркаванні дырэктара Паўла Кухарэнкі, патрабуе абдуманых, добра ўзважаных з пункту гледжання эканомікі дзеянняў. Тэхніка, якой абсталяваны ліцейны цэх прадпрыемства, паступова старэе. Некаторыя з 62 тэрмапластмашын (асабліва тыя, што набываліся яшчэ да 2000 года) з цягам часу пачынаюць даваць збой. Да таго ж з’яўляюцца дастаткова энергазатратнымі. У сувязі з гэтым у пачатку года кіраўніцтва арганізацыі прыняло рашэнне аб набыцці дзвюх новых машын. 15 сакавіка абстляванне было ўпершыню запушчана, і з таго дня, так бы мовіць, старанна адпрацоўвае зрасходаваныя на яго грошы – 111 тысяч рублёў.

Па меркаванні начальніка цэха Сяргея Брынчыкава, акупіцца тэхніка даволі хутка. Галоўнае, каб заказы на пластмасавыя вырабы не змяншаліся. Сёння з гэтым парадак. Геаграфія супрацоўніцтва цэха даволі шырокая – Мінскі трактарны завод, такія гіганты, як  “Атлант”, “Амкадор” і многія іншыя прадпрыемствы. Спадзяванні на павелічэнне аб’ёмаў выпускаемых дэталей звязаны і з уласнай распрацоўкай прадпрыемства – рэмкамплектамі  для даільных установак. На невялічкія, але вельмі неабходныя складальнікі абсталявання малочнатаварных комплексаў у Гомельскім даследчым інстытуце спецыяльна заказвалі  адмысловую рэцэптуру і формы. Зараз вядзецца апрабацыя.

Новай тэхнікай задаволена і адна з лепшых ліцейшчыц РАПТ Наталля Скрабец. Жанчына працуе на прадпрыемстве 7 гадоў. Нядаўна выйшла з дэкрэтнага водпуску. Маладую працаўніцу прыемна ўразіла новая тэхніка, алгарытм працы з якой лёгкі і зразумелы. Машыны могуць штампаваць дэталі ў рэжыме аўтамата (калі закладзена толькі адна прэс-форма) ці як паўаўтамат (калі прэс-формы неабходна мяняць). Браку амаль не даюць, энергіі бяруць мала, а працаваць без перапынку могуць хоць цэлыя суткі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара