Спартсменка, актывістка і проста прыгажуня

Молодежный курьер Общество

У інструктара-метадыста фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Паліны ЯНКОЎСКАЙ даволі рэдкая спецыялізацыя. Выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры – трэнер па конным спорце.

На жаль, на Валожыншчыне з-за адсутнасці адпаведнай базы малады спецыяліст не можа працаваць па асноўнай прафесіі. Аднак у дзяўчыны, якая з юных гадоў займаецца папулярызацыяй здаровага ладу жыцця, дастаткова навыкаў і здольнасцей, каб унесці свой уклад у развіццё ўстановы, дзе атрымала першае працоўнае месца, і дапамагчы далучыцца да спорту тым, хто даўно збіраецца пераступіць праз “не магу” і заняцца ўдасканальваннем сябе.

Родам прыгажуня і спартсменка з вёскі Данілкі. Яшчэ вучаніцай Багданаўскай школы вызначылася з навучальнай установай, дзе хацела б набыць прафесію. Заўсёды была выключнай баскетбалісткай, футбольнай балельшчыцай, аматаркай лёгкай атлетыкі і гімнастыкі. Таму імкнулася толькі ў БДУФК. Праўда, першапачаткова марыла стаць спецыялістам па лячэбнай фізкультуры. Калі атрымалася так, што на гэту спецыяльнасць не хапіла балаў, паўстала перад даволі складаным выбарам. Ёй прапанавалі альбо барацьбу, альбо канкур. Маці і бабуля досыць эмацыянальна ўпрошвалі не займацца выключна мужчынскай справай, таму аддала перавагу коннаму спорту і не пашкадавала. Хоць з прыгожымі, моцнымі, элегантнымі жывёламі раней не сутыкалася, хутка асвоіла азы і кожны раз на практыцы ў спецыялізаваным цэнтры ў Ратамцы ўдасканальвала сваё майстэрства.

Паліне спадабалася працаваць з дзецьмі. Прычым навучыць іх яна можа многаму: напрыклад, плаванню, баскетболу, футболу, агульнай фізічнай падрыхтоўцы. Добра паказала сябе ў час практыкі ў агульнаадукацыйнай школе, дзе ўпэўнена, як належыць прафесіяналу,  вяла ўрокі.

Сёння Паліна Уладзіміраўна ўнікае ў сутнасць работы ФАЦ, працягвае расці як прафесіянал шляхам праходжання курсаў павышэння кваліфікацыі, працуе з наведвальнікамі трэнажорнай залы, а ў хуткім часе распачне работу з групай маладых жанчын, што імкнуцца з дапамогай фітнесу палепшыць знешні выгляд і здароўе.

Вясёлая, пазітыўная, лёгкая ў зносінах, аптымістка спадзяецца, што жадаючых наведваць заняткі ў райцэнтры будзе дастаткова. Яна гатова асаблівую ўвагу ўдзяліць маладым матулям, што імкнуцца быць у форме. Таму, мілыя дамы, рыхтуйце спартыўную форму і выходзьце на сувязь з Палінай. Усяму, што ўмее, абяцае навучыць і вас.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара