Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

 

Маладыя спецыялісты папоўнілі калектыў медыцынскіх работнікаў раёна.

У Валожыне і Івянцы прыступілі да работы ўрачы агульнай практыкі Антон Уладзіміравіч Лушчыцкі і Анастасія Дзмітрыеўна Гаспарэвіч, якія скончылі Беларускі дзяржаўны і Гродзенскі медуніверсітэты. Маладыя медыкі вучыліся па мэтавых накіраваннях, што абавязуе іх адпрацаваць па месцы размеркавання мінімум 5 гадоў, абое праходзілі ў Валожынскай райбальніцы інтэрнатуру. Хочацца спадзявацца, што на роднай зямлі яны затрымаюцца надоўга. Таксама сярод маладых спецыялістаў 6 сярэдніх медыцынскіх работнікаў: 2 памочнікі ўрача, 3 медсястры і 1 фельчар-лабарант, а яшчэ – інжынер праграмнага забеспячэння з вышэйшай адукацыяй, якога вельмі чакалі ў калектыве.

30 ліпеня адбыўся аўкцыён па продажы нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці раёна.

На будынак былога вучэбна-вытворчага камбіната ў Івянцы былі два прэтэндэнты. Зараз у яго новы гаспадар.

Працягваецца планавае аздараўленне школьнікаў раёна ў дзённых і стацыянарна-аздараўленчых летніках.

Адразу 60 чалавек 4 жніўня адправіліся на аздараўленне ў стацыянарныя лагеры Міншчыны. Па 30 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных школ заехалі ў лагер “Дружба”, што размешчаны ў пасёлку Энергетыкаў Дзяржынскага раёна, і лагер “Нёман” на Стаўбцоўшчыне. Змены тут працягваюцца 18  дзён, па 21 жніўня. У гэтых групах 14 дзяцей, якія знаходзяцца на розных формах устройства ў сем’ях, 2 дзіцяці-інваліды, 17 – з мнагадзетных сем’яў. Дарэчы, пуцёўкі для дзяцей-інвалідаў і дзяцей-сірот аплачваюцца з раённага бюджэту. Яшчэ трое школьнікаў заехалі на чацвёртую змену ў аздараўленчы лагер “Фатон” ля Ракава. Па даных на 5 жніўня ў раёне працавалі летнікі на базе 11 устаноў адукацыі, якія аб’ядналі 266 дзяцей. У некаторых гэта была ўжо другая змена. Сярод лагераў на базе школ 5 – лагеры працы і адпачынку, якія наведваюць старшакласнікі. На змену такому лагеру ў Гародзькаўскай СШ з 11 жніўня пачынае працаваць аздараўленчы лагер, куды атрымалі пуцёўкі 40 вучняў розных школ.

Напрыканцы ліпеня ў вёсцы Аўцюкі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці прайшоў Х юбілейны Рэспубліканскі фестываль народнага гумару.

Сумесна з калектывам “Копыльскія пацехі” ў ім прынялі ўдзел некалькі прадстаўнікоў народнага калектыву “Дубінскія фанабэры” з нашага раёна. Кіраўнік Валерый Мазура выдатна ўпісаўся ў агульную праграму выступлення, выконваючы ролю Млынара. Вольга Дзедуль і Дзмітрый Завацкі прымералі на сябе ролі Бабы з Дзедам. Агульны калектыў удзельнічаў ва ўсіх намінацыях. В. Дзедуль і Д. Завацкі занялі 3-е месца ў намінацыі “Прыпеўкі”. Акрамя традыцыйных фестывальных сувеніраў, яны прывезлі дадому электрачайнік, які атрымалі ў якасці ўзнагароды.

У летнія дні хапае адпачываючых у гасціннай аграсядзібе “Домік на Іслачы”. Фішка гэтай сядзібы – актыўны экатурызм, сплавы на байдарках і іншых прыстасаваннях.

Адначасова з актыўным адпачынкам гаспадары Дзмітрый і Таццяна Шчогалевы вядуць у гэтыя дні будаўніцтва карчмы. Ужо сабраны зруб, будаўнікі зараз працуюць на даху. Карчма адначасова зможа ўмясціць каля 18 чалавек. Увесці яе ў дзеянне мяркуюць восенню. Там запланаваны душ і туалет, што дасць магчымасць наведвальнікам памыцца пасля сплаву і падмацавацца стравамі нацыянальнай кухні. Карчма будзе жыць як бы сваім жыццём: акрамя народных беларускіх страў, гаспадыня бачыць, што тут будзе жывая музыка, плануюць запрашаць музык, якія валодаюць нацыянальнымі інструментамі і выконваюць народныя песні, будуць давацца майстар-класы з нацыянальным ухілам. Проста ўпэўнена, што ў чарговай фішкі гэтай аграсядзібы знойдецца шмат прыхільнікаў.

Выстава “Лета ў слоіку” прыцягвае ўвагу наведвальнікаў раённай бібліятэкі.

Тут змешчаны кнігі, брашуры, перыядычныя выданні са шматлікім рэцэптамі нарыхтовак на зіму. Хтосьці з гаспадынь захоўвае вернасць сямейным традыцыям, а ёсць такія, хто любіць новыя рэцэпты закатак: салаты, баршчоў, супавых заправак, леча, аджык і інш.