Няма каштоўней працы хлебароба…

Аграрный сектор и промышленность

Камбайнеры Аляксандр ГРЫШЧЫК і Вадзім ЗАНЯМОНЕЦ

Жніво ў раёне – у самым разгары. Па стане на раніцу 9 жніўня, убраны 8824 гектары, што складае 39 працэнтаў да задання. Намалочаны 26342 тоны збожжа пры сярэднераённай ураджайнасці 29,9 цэнтнера з гектара. Штодзень на поле выязджаюць больш за 80 камбайнаў, у агульнай і насамрэч святой справе – уборцы хлеба – задзейнічаны звыш  дзвюх тысяч чалавек.

У такую гарачую пару на дапамогу вяскоўцам прыходзяць людзі розных прафесій: гараджане, вайскоўцы, дарожнікі, настаўнікі і школьнікі, шэфы, прадпрыемствы і арганізацыі. Дапамагаюць аграрыям і тэхнікай – пагрузчыкамі, трактарамі, МАЗамі.

У КСУП “Сакаўшчына-Агра” на ўборцы з ліку прыцягнутых працуюць 9 чалавек. Гэта работнікі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”, райаграпрамтэхнікі, жылкамунгаса і мясцовай вайсковай часці. Нягледзячы на тое, што ў сваёй штодзённай рабоце яны заняты зусім у іншай сферы дзейнасці, у адзін голас сцвярджаюць: “Няма каштоўней працы хлебароба!” Безумоўна ж, матэрыяльны бок тут адыгрывае немалаважную ролю, аднак зароблены ў гэты час рубель пахне потам і соллю – ён даецца цяжкай працай.

Камбайнера Ігара КРАМЯНЕЦКАГА радуе кожны спелы колас.

Як зазначыў галоўны інжынер гаспадаркі Генадзь Раманькоў, стаўку ў падборы механізатарскіх кадраў зрабілі на моладзь – і не памыліліся. Бо ўсе стараюцца ад душы, разумеюць, што кожны дзень на жніве – на вагу золата. Кіраўніцтва задаволена работай камбайнера Ігара Крамянецкага (заказнік “Налібоцкі”, які шчыруе ў пары з Сяргеем Трахімовічам. Добрыя вынікі паказвае і камбайнавы экіпаж у складзе Вадзіма Занямонца (вайсковая часць) і Аляксандра Грышчыка.

Механізатар Андрэй ЮРКЕВІЧ

Андрэй Юркевіч – адзін з лепшых маладых механізатараў сельгаспрадпрыемства, зараз заняты не менш важнай справай – нарыхтоўкай кармоў. Ён працуе на падборцы зялёнай масы са здрабняльнікам і, па стане на 1 жніўня, на яго рахунку 11 тысяч 316 тон. Дарэчы, гэта самы вышэйшы паказчык па раёне.

Повар Таццяна ПАПОВА.

Цэняць у КСУП “Сакаўшчына-Агра” і повара Таццяну Папову. У стравах, якія яна рыхтуе, як кажуць, усе калорыі на месцы. Цяпер двойчы на дзень харчуюцца 37 работнікаў збожжавай нівы: яны атрымліваюць паўнацэнны абед і вячэру.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА