Золата шлюбу – золата кахання

Люди и судьбы

Жыццё пражыць – не поле перайсці. Гэты выраз ведае кожны, але мала хто задумваецца пра яго глыбінны сэнс. Ён жа пра тое, што ні матэрыяльныя рэчы, ні пачуцці не даюцца проста так – усё патрэбна заслужыць. І за любоў неабходна плаціць такой жа любоўю. Вось тады толькі стане магчымым шчасце поруч з чалавекам, якога і праз гады назавеш сваім.  А каб склаўся падобны тандэм, кожнаму неабходна да сёмага поту працаваць… над сабой любімым, а не ламаць адзін аднаго, даводзячы справу да разводу.

Нядаўна я пазнаёмілася з людзьмі, якія прайшлі доўгі сумесны шлях і захавалі шчырыя пачуцці. Гэта жыхары Валожына Галіна Аляксееўна і Васілій Аляксандравіч РУБАЦКІЯ. Пра тое, што любячая пара разам ужо паўстагоддзя, мне падказалі чытачы раёнкі. Засталося толькі дамовіцца з будучымі героямі аб сустрэчы. Муж і жонка моцна здзівіліся званку з рэдакцыі. Навошта пра нас пісаць? Мы звычайныя людзі. Нічым не вызначыліся. З вопыту ведаю, калі субяседнік гаворыць нешта падобнае – будзе добрая гісторыя. З цяжкасцю, але ўгаварыла. У выніку ад сустрэчы на верандзе іх утульнага дома па вуліцы Мічурына атрымала шчырае задавальненне.

У  час нетаропкай гутаркі даведалася наступнае. Муж і жонка Рубацкія нарадзіліся і выраслі на Валожыншыне. Ён – з Носавічаў, яна – з Ганчыц. Маецца факт, які аб’ядноўвае біяграфіі абодвух: бацька Васіля Аляксандравіча і матуля Галіны Аляксееўны былі старшынямі сельвыканкамаў.

Яшчэ ў родных сем’ях, дзе панавалі цёплыя, трывалыя адносіны і культ працы, і юнак, і дзяўчына вызначыліся з жыццёвымі каштоўнасцямі. Кожны з іх імкнуўся годна паказваць сябе, заслужыць людскую павагу. Марылі яны і пра  ўласныя сем’і, дзе будуць панаваць каханне, дружба, адчуванне абароненасці і дабрабыт.

 Да самай важнай у іх лёсах сустрэчы кожны здолеў праявіць сябе ў досыць адказных жыццёвых момантах. Малады чалавек адразу пасля школы пайшоў трактарыстам у калгас, пасля чаго працаваў слесарам у сельгастэхніцы. Там ад ваенкамата атрымаў накіраванне на курсы вадзіцеляў пры ДТСААФ. Наступнай старонкай яго жыцця стала армія. Служыў у авіяпалку, з якога бацькі атрымалі падзяку за выхаванне сына і фотаздымак Васілія на фоне Сцяга палка, што ў савецкі час лічылася вялікім гонарам. Пасля службы малады чалавек меў намер пайсці ў  міліцыю, але маці чамусьці адгаварыла. Здаецца, само жыццё прывяло яго ў аўтабазу № 14, дзе стаў высакакласным вадзіцелем аўтобуса і шчыра адпрацаваў 38 гадоў. Дзякуючы прафесіі, аб’ездзіў амаль увесь Савецкі Саюз – вазіў экскурсіі. За добрую працу адзначаны  Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР. Дарэчы, яго бацька быў кавалерам ордэна “Знак гонару”.

Галіна Аляксееўна скончыла будаўнічае вучылішча. За выдатную вучобу атрымала накіраванне ў інстытут, аднак паступаць адмовілася. Лічыла патрэбным як мага хутчэй зарабляць свае грошы. Паспытала сябе на будоўлі, а пасля трапіла ў аўтабазу, дзе ў той час працавалі бацькі. Спачатку была кандуктарам, затым – касірам.

Пазнаёміліся будучыя муж і жонка, канешне ж, на рабоце. Абодвух любіў і паважаў дырэктар. Данііл Іванавіч Шыян літаральна жыў інтарэсамі калектыву. Добра адчуваў яго псіхалагічны стан. І на гэты раз інтуіцыя не падвяла вопытнага кіраўніка. Дзесьці год маладыя людзі сустракаліся, а пасля згулялі вяселле. 

Шмат і аддана працавалі. Пабудавалі жыллё, а пакуль доўжылася будоўля, здымалі кватэру без выгод. Сёння ў іх ёсць усё для шчаслівага жыцця. Сыны сталі добрымі спецыялістамі, стварылі сем’і, падарылі любячым бабулі і дзядулі ўнукаў.

Галіна Аляксееўна і Васілій Аляксандравіч, нягледзячы на гады, што трохі змянілі іх знешнасць, не самым лепшым чынам паўплывалі на здароўе, па-ранейшаму – любячая пара. Ад таго, як двое дарослых людзей, трымаючыся за рукі, расказваюць пра сумеснае жыццё, захоплівае дух. А позіркі! Любячыя, лагодныя – вось так і не зводзіла б з іх вачэй.  Словы мужа: “Усё жыццё любіў толькі яе адну” ці жонкі: “Я ўдзячна лёсу за тое, што падарыў мне яго” літаральна выклікаюць замілаванне. Вось вам і адказ на вечнае пытанне: “Што такое каханне?”.  Яно не ў драмах ці трагедыях, а ў існаванні двух простых людзей, якія найвялікшымі прыярытэтамі вызначылі шчырасць, вернасць, клопат пра дзяцей і бязмежную самаахвярнасць.

У гэтай сям’і існуе прыгожая традыцыя, што ахоплівае ўжо некалькі пакаленняў мужчын: бацька спачатку сам займаецца пчалярствам, затым перадае ўменні сынам, тыя – сваім сынам і гэтак далей. Сёння сапраўдныя памочнікі Васілія Аляксандравіча – сыны Аляксандр і Аляксей. Аднак  дваім старэйшым унукам дзядуля ўжо падарыў па вулею, такі ж падарунак збіраецца зрабіць і самаму малодшаму.

Бабулін жа клопат – пачастункі. Хоць у дружным коле сваякоў з кухняй сябруюць усе, аднак прысмакі, прыгатаваныя рукамі Галіны Аляксееўны, прызнаны недасягальнымі. А яна з радасцю і любоўю кожны раз рыхтуецца да свят – Новага года, Калядаў, Вялікадня, днёў нараджэння членаў іх сям’і – і заўсёды выкладваецца “па поўнай”.

 Што яшчэ можна сказаць пра прыгожых людзей, якія ўмеюць жыць, любіць і працаваць? Застаецца толькі пажаданне. Шаноўныя, жывіце доўга-доўга, будзьце годным прыкладам для кожнага, хто рашаецца на ўступленне ў шлюб. Няхай ваш утульны дом абыходзяць нягоды, а ў яго сонечных пакоях пануюць лад і згода.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара