Калодзеж, дай вады напіцца…

Общество

У нашым раёне 329 населеных пунктаў не маюць цэнтралізаванага водазабеспячэння. Вада бярэцца з шахтавых калодзежаў. Пры калодзежным водазабеспячэнні выкарыстоўваюцца грунтавыя воды, якія размяшчаюцца ў першым ад паверхні ваданосным гарызонце.

Запасы грунтавых вод утвараюцца на працягу доўгага часу ў выніку фільтрацыі атмасферных ападкаў або за кошт папаўнення з рэк, азёр. Глыбіня залягання вагаецца ў межах ад двух-трох да некалькіх дзясяткаў метраў. У гігіенічным сэнсе іх асноўны недахоп – слабая абароненасць ад паверхневых забруджванняў. Таму вельмі важна выконваць патрабаванні па ўтрыманні і эксплуатацыі шахтавых калодзежаў.

Месца размяшчэння калодзежа павінна быць выдалена на 20 метраў ад аб’ектаў, якія ствараюць небяспеку мікрабіялагічнага і хімічнага забруджвання грунтавых вод (кампоставыя кучы, складаванне гною, адходаў, мінеральных угнаенняў, ядахімікатаў). Забараняецца мыццё транспартных сродкаў, выпойванне жывёлы, мыццё і паласканне бялізны паблізу калодзежа.

Побач з калодзежам абсталюецца лава або іншае прыстасаванне для ўстаноўкі вёдраў ці іншых ёмістасцей. Шахтавы калодзеж абкладваецца па перыметры агалоўкам глінянага замка з гліны або тлустага суглінку глыбінёй 2 метры і шырынёй 1 метр. Над калодзежам будуецца навес – для выключэння траплення атмасферных ападкаў.

Чыстка калодзежа праводзіцца не радзей за раз у год з адначасовым бягучым рамонтам абсталявання і мацавання. Пазачарговая чыстка праводзіцца пры атрыманні вынікаў даследаванняў пітной вады аб яе неадпаведнасці ўстаноўленым гігіенічным нарматывам. Пасля кожнай чысткі або рамонту праводзіцца дэзынфекцыя з выкарыстаннем дазволеных да ўжывання сродкаў дэзынфекцыі ў адпаведнасці з інструкцыямі па іх ужыванні.

Уладальнікі калодзежаў абавязаны прымаць неадкладныя меры па ліквідацыі прычын забруджвання вады ў выпадку, калі пры ацэнцы яе якасці адзначана перавышэнне мікрабіялагічных і (або) хімічных паказчыкаў у параўнанні з гігіенічнымі нарматывамі.

Спецыялістамі РЦГіЭ ў бягучым годзе было адабрана і даследавана 69 проб вады з грамадскіх калодзежаў і 18 проб – з індывідуальных. 3 пробы не адпавядалі гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных, а 19 – па санітарна-хімічных паказчыках, па ўтрыманні нітратаў. Уладальнікам калодзежаў выдадзены рэкамендацыі па правядзенні пазачарговай ачысткі і дэзынфекцыі шахтавых калодзежаў.   

У Валожынскім РЦГіЭ на дагаворнай аснове праводзяцца лабараторныя даследаванні вады з калодзежаў. Інфармацыю па пытаннях, якія цікавяць, можна атрымаць у аддзеле гігіены па тэлефоне: 8-01772 55487.

 Галіна ШАЛАКАВА,

памочнік урача-гігіеніста