Каларыйны сняданак і абільнае піццё

Безопасность и здоровье Общество

У летні перыяд у большасці дзяцей істотна мяняецца лад жыцця. Шмат часу яны праводзяць на свежым паветры, шмат бегаюць, гуляюць, купаюцца. Усё гэта суправаджаецца значнай тратай энергіі, больш інтэнсіўным цячэннем абменных працэсаў. Адзначана таксама, што летам працэсы росту дзіцяці ўзмацняюцца, а гэта патрабуе вялікага паступлення бялку – асноўнага пластычнага матэрыялу для пабудовы клетак і тканак дзіцячага арганізма.

Падчас моцнай спёкі арганізм губляе з потам значную колькасць мінеральных рэчываў і вітамінаў, асабліва вітамінаў С і групы В, што таксама патрабуе павелічэння харчовай каштоўнасці рацыёну.

З іншага боку, у гарачыя дні ў дзяцей, асабліва малодшага ўзросту, нярэдка назіраюцца змены з боку страўнікава-кішачнага тракту: памяншаецца выдзяленне стрававальных сокаў, зніжаецца апетыт. Ва ўмовах перагравання ў арганізме парушаецца кіслотна-шчолачная раўнавага. Усё гэта сведчыць аб неабходнасці ўнясення адпаведных змен у рацыён.

У першую чаргу ў летні час каларыйнасць харчавання дзіцяці павінна быць павялічана на 10-15% за кошт павелічэння харчовых рэчываў. Адначасова трэба змяніць склад рацыёну і рэжым харчавання. Часцей неабходна даваць кісламалочныя напіткі і тварог.

Для павышэння забяспечанасці вітамінамі і мінеральнымі рэчывамі ў рацыён дзіцяці варта як мага шырэй уключаць агародніну, садавіну, сокі, агароднінныя і фруктовыя пюрэ, розную зеляніну.

Улетку пажадана змяніць і час прыёму ежы. Першы сняданак лепш даць крыху раней раніцай, калі тэмпература паветра яшчэ невысокая і апетыт дзіцяці не парушаны. Сняданак павінен быць досыць каларыйны і багаты бялкамі. Абед можа быць перанесены на 15-30 хвілін раней, каб не праводзіць яго ў самы гарачы час дня. Рэкамендуецца ўвесці другі сняданак, які ўключае сокі, садавіну, ягады.

Пэўнай увагі патрабуе пітны рэжым. Заўсёды павінен быць неабходны запас кіпячонай вады, фруктовых або агароднінных адвараў. Асабліва карысны адвар шыпшынніка, багаты вітамінам С. Пітво варта браць з сабой і падчас працяглых прагулак.

Ірына ГРЫКА,

урач-гігіеніст