20 жыхароў нашага раёна атрымалі пасведчанне народнага засядацеля Мінскага абласнога суда.

Общество

У судзе Валожынскага раёна адбылася досыць важная падзея: 20 жыхароў нашага раёна атрымалі пасведчанне народнага засядацеля Мінскага абласнога суда.

Мерапрыемства па прыняццю прысягі народнымі засядацелямі праводзілася ў сувязі з назначэннем новага складу засядацеляў на новы тэрмін, каб рашэнні, якія прымаюцца з іх удзелам, мелі сілу закону, як адзначана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Пасведчанне выдаецца тэрмінам на 5 гадоў і ў нейкай ступені пацвярджае, што яго ўладальнік – чалавек высокай маралі і правільнай грамадзянскай пазіцыі, ніколі не прыцягваўся да адказнасці, сваімі паводзінамі служыць прыкладам, вартым да пераймання. Большасць з тых, хто атрымаў асабісты дакумент і прынёс прысягу, не ўпершыню выбіраюцца народнымі засядацелямі, маюць значны працоўны стаж, амаль усе – з вышэйшай адукацыяй, некаторыя – і з юрыдычнай. Гэта людзі – добра вядомыя ў нашым горадзе: Л. П. Алешка, Л. В. Бяляўскі, В. В. Ваньковіч, Л. М. Віткіна, А. Р. Гаўрыс, С. С. Зянько, М. А. Камінскі, Г. І. Бітэль, Т. В. Ляшкевіч, Т. Э. Родзевіч, Ф. Д. Альхова, З. І. Падгайскі, В. П. Ратомская, А. Л. Селязнёў, Г. М. Скурановіч, Г. М. Тарасевіч, Ю. М. Балдоўскі, Л. П. Уэльская, А. М. Карнаух, У. К. Паташ.

Многія судовыя справы па асабліва цяжкіх злачынствах, якія звязаны з замахам на жыццё чалавека, разглядаюць менавіта на абласным узроўні, аднак само пасяджэнне суда праходзіць у тым раёне, дзе было ўчынена злачынства. У гэтым выпадку і неабходна прысутнасць народнага засядацеля, які дапамагае правасуддзю больш аб’ектыўна ацаніць стан спраў. Гэта адзначыў падчас уручэння пасведчанняў намеснік старшыні Мінскага абласнога суда Генадзь Фёдаравіч Кляшчонак. Па яго словах, у звычайнага чалавека, які не ведае знутры парадак разглядання спраў, ніколі не прысутнічаў на судовым засяданні, можа скласціся ўражанне, што народныя засядацелі – гэта нейкая “дэкарацыя”. Аднак, калі сядзіш за сталом побач з суддзёй і пасля разумееш, што неабходна будзе ісці ў дарадчы пакой для вызначэння вінаватасці чалавека і назначэння пакарання, па-іншаму адчуваеш усю адказнасць ускладзеных на народных засядацеляў абавязкаў.

“Мы, прафесіянальныя суддзі, з павагай і ўдзячнасцю ставімся да ўдзелу ў судовым працэсе народных засядацеляў, — адзначыў Г. Ф. Кляшчонак, — бачым іх нераўнадушша і сапраўднае суперажыванне за лёс кожнага падсуднага, бо яны ведаюць чалавека, які трапіў на лаву падсудных, з іншага боку”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

 



Добавить комментарий