Віншавалі лідараў жніва

Аграрный сектор и промышленность Главное Ступені поспеху

Час, калі спелы колас напаўняе залатым збожжам бункеры камбайнаў і кузавы шматтонных машын, лічыцца галоўным у працоўным календары хлебаробаў. Ды і простых назіральнікаў не пакіне раўнадушнымі. Здавалася б, зусім нядаўна палі яшчэ зелянелі – а вось ужо і прыспеў час збіраць новы ўраджай 2021 года! Раённы каравай фарміруюць задзейнічаныя на жніве камбайнеры, вадзіцелі, механізатары. А самы важкі ўклад робяць тыя, хто першым намалаціў альбо перавёз тысячу тон самага каштоўнага грузу…
У гэтым фотарэпартажы – урачыстыя моманты ўзнагароджання перадавікоў сёлетняй уборачнай кампаніі. Дзякуючы ім і далей будзе багатым і шчодрым наш з вамі стол. А рупліўцам за іх сілы, вопыт, уменне і жаданне працаваць – Падзячныя лісты за подпісам старшыні райвыканкама, падарункі ад райаб’яднання ГА «Белая Русь», раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і іншых структур.

На верхнім здымку злева направа: прадстаўнік райкама прафсаюза работнікаў АПК Святлана МАРТУНОВІЧ, выконваючы абавязкі начальніка райсельгасхарчу Андрэй ЗАГОРСКІ, вадзіцель КСУП «Валожынскае» Аляксандр РОТАР і камбайнер гэтай гаспадаркі Дзмітрый ЖУРАЎЛЁЎ, а таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына ЖДАНЮК.

Вадзіцель КУП «Сівіца» Ігнат МОЙСА адным з першых перавёз 1000 тон зерня новага ўраджаю. Падзяку і падарунак яму прывёў Андрэй ЗАГОРСКІ.

Пётр ЯЦЫНА шчыруе ў КСУП «Валожынскае» на адвозцы збожжа ад камбайнаў. На рахунку маладога чалавека таксама больш як тысяча тон збажыны. Яго павіншавалі дырэктар гаспадаркі Генрых ПАЛОЙКА, Святлана МАРТУНОВІЧ і прадстаўнік райсельгасхарчу Вольга ПАВІЧ.

Магутны «МАЗ» не падводзіць свайго ўмелага гаспадара – вадзіцеля ААТ «Агра-Дубінское» Анатоля ЗАГОРСКАГА. На гэтым тыдні ён таксама перасягнуў тысячатонны рубеж.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вікенцій АДАМОВІЧ і Андрэй ЗАГОРСКІ з урачыстай місіяй завіталі яшчэ да аднаго перадавіка – вадзіцеля КСУП «Пяршаі-2014» Юрыя МАРКЕВІЧА.

У ліку лідараў сёлетніх перавозак зерня – Вячаслаў БАСАРАНОВІЧ з СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз». Падзяку і падарункі ўручаны рупліўцу кіраўніцтвам райкамаў прафсаюза работнікаў АПК і ГА «БРСМ».

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА.

Дадатковыя здымкі прадастаўлены раённымі камітэтамі прафсаюза работнікаў АПК і ГА «БРСМ.