«ВЯЛІКАЯ РАЗМОВА»: валожынцы дзеляцца меркаваннямі

Важное Главное Общество

Альфрэд НЕХВЯДОВІЧ, намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы:

–   У “Вялікай размове”  кіраўнік дзяржавы закрануў тэму барацьбы з COVID-19. Сапраўды, у Беларусі, як і ва ўсім свеце, другі год вядзецца непрымірымая вайна з гэтай віруснай інфекцыяй. З улікам таго, што захворванне мала вывучанае, а таму непрадказальнае, лічу, мы досыць паспяхова супрацьстаім яму. У Валожыне гарачая барацьба была разгорнута ў часовым інфекцыйным шпіталі. Зараз яна ідзе на паліклінічным узроўні. Міністэрствам аховы здароўя распрацаваны і дзейнічаюць эфектыўныя схемы амбулаторнага лячэння лёгкага цячэння захворвання, што дазваляе пазбягаць вялікай нагрузкі на стацыянары. Хворыя, што змагаюцца з сімптомамі віруснай інфекцыі дома, не застаюцца сам-насам з праблемай.

У выпадках, якія можна ахарактарызаваць як “сярэдняй цяжкасці” і “цяжкія”, нашы жыхары адпраўляюцца ў Маладзечна ці Вілейку. Пры неабходнасці шпіталь зноў разгорне работу. Такі рацыянальны падыход дае добры вынік. Эканомяцца рэсурсы, медыкі ў час, калі крывая эпідэміі ідзе ўніз, маюць магчымасць паглыбіцца ў свае непасрэдныя абавязкі. Лічу арганізацыю нашай дзейнасці па барацьбе з каранавірусам годнай і паспяховай. Думаю, мае калегі ацанілі падтрымку дзяржавы ў выглядзе належных выплат, арганізацыю работы па забяспечанасці медыкаментамі і сродкамі індывідуальнай аховы.  Хочацца толькі, каб і людзі былі ўдзячнымі за ўсё, што робіцца для захавання іх здароўя, і, па-першае, актыўна выкарыстоўвалі ахоўныя сродкі, выконвалі прафілактычныя патрабаванні і, па-другое, абавязкова прайшлі вакцынацыю, на якую ў рэспубліцы выдаткаваны немалыя грошы.

Софія КАВЯЗА, былы рэдактар раённай газеты “Працоўная слава”:

 –  Шчыра ўдзячна ўсім, хто мае дачыненне да барацьбы з каранавірусам. Я асабіста адчувала і адчуваю клопат пра сябе і з боку медыцыны, і з боку сацыяльнай службы, і з боку дзяржавы ў цэлым. З’яўляюся заўзятым наведвальнікам аддзялення для пажылых людзей ТЦСАН. Да нас пастаянна прыходзяць медыкі, праводзяць прафілактычныя гутаркі, вучаць ахоўваць сябе і блізкіх ад заражэння. У выніку мы не хварэлі масава, а тыя, хто ўсё ж падхапіў вірус, з дапамогай урачоў і медработнікаў паспяхова справіліся з ім. Увогуле людзі, у тым выпадку з іншых раёнаў, Валожынскай райбальніцы спяваюць оды – настолькі тут аператыўна аказваецца дапамога хворым з COVID-19. Хваляць пацыенты і стаўленне да хворых з боку медыкаў і выключныя ўмовы ў так званай «чырвонай зоне», якія адпавядаюць усім патрабаванням. Таму скажу так: нам няма на што наракаць. Шкада толькі, што ёсць тыя, хто не справіўся з захворваннем. Але ж падобная (і значна горшая) карціна і ў іншых краінах. Што зробіш, калі вірус такі каварны? Неабходна нам і самім клапаціцца пра сябе – не дапускаць заражэння.

 

 

Ганна РУБАЦКАЯ, вядучы эканаміст Валожынскага філіяла ДП “Мінаблпаліва”:

 – Пагаджуся з выказваннем Аляксандра Рыгоравіча пра эканоміку.Каб мець вынік, трэба старацца. Нягледзячы на выклікі часу, мы працуем стабільна. За першае паўгоддзе з апераджальнымі тэмпамі ідзе рэалізацыя цвёрдых відаў паліва. Наш філіял аказвае і іншыя паслугі: транспартныя, вытворчасць пілетаў, раздробліванне дроў. Стараемся прасунуць сваю прадукцыю на замежныя рынкі: па-ранейшаму супрацоўнічаем з Германіяй. А на

айчынным рынку нашымі спажыўцамі з’яўляюцца сеткі гіпермаркетаў “BIGZZ”, “Карона”. Увогуле, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг сёлета ў параўнанні з леташнім перыядам вырасла на 120,6 працэнта.

Анатоль КУЛАК, колішні намеснік старшыні райвыканкама:

–  Беларусь, як і іншыя краіны, мае права самастойна вырашаць унутраныя  праблемы, прымаць адказныя рашэнні. Нам чужыя меркаванні і ўяўленні адносна таго, як наладжваць жыццё, не патрэбны. Мы ні да каго не лезем са сваімі парадамі. Дык чаму ж хтосьці, хто нарадзіўся, вырас і жыве далёка ад  мірнай незалежнай краіны, дае сабе права нас судзіць? Не прыпомню, каб мы камусьці пагражалі ці ўмешваліся ў палітыку якой-небудзь дзяржавы. Наадварот, за Рэспублікай Беларусь безліч шыкоўных крокаў у кірунку міратворства. Я б пажадаў кіраўнікам усіх краін сёння, калі накальванне эмоцый дайшло да крытычнай рысы, вытрымліваць нейтралітэт, паважаць сябе і іншых, і спыніць нарэшце шкодную для ўсіх бакоў гульню з санкцыямі.

Уладзімір СЁМІН, падпалкоўнік у адстаўцы, намеснік старшыні савета раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”:

–  Падчас васьмігадзіннай “Вялікай размовы” з кіраўніком Беларусі, якую праслухаў вельмі ўважліва, яшчэ раз упэўніўся ў тым, як важна і асобным людзям, і цэламу народу жыць уласным розумам,  ні ў якім выпадку не дапускаць чужога ўмяшальніцтва ў свае справы. На жаль, ва ўсе часы былі аматары гуляць з такой тонкай рэччу, як мір. А, між іншым, любы аспект міжнароднай палітыкі важны для захавання стабільнасці ў цэлым свеце.

Беларусы, як заўсёды падкрэслівае наш Прэзідэнт, народ неваяўнічы. Толькі гэта не значыць, што мы дазволім ставіць сябе на калені. Як афіцэр пацверджу: беларуская армія скіравана на абарону рубяжоў уласнай краіны. Аднак пры неабходнасці нашы ваенныя здольны даць годны адпор любому, хто пажадае дыктаваць нам, як жыць. Асабіста я параіў бы замежным “добразычліўцам” засяродзіцца на ўласных справах.

 

Вераніка ЗАГОРСКАЯ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:

– Санкцыйная палітыка калектыўнага Захаду і ЗША супраць нашай краіны на справе ператвараецца ў спробы выціскання беларускіх кампаній з сусветных рынкаў. Паразрываныя прамысловыя кантракты, дагаворы па рэалізацыі

айчыннай прадукцыі накіраваны не толькі на падрыў нашага эканамічнага ўкладу, але і на разбурэнне сацыяльнай сферы, дзяржаўных праграм па ўмацаванні здароўя народа, падтрымкі нараджальнасці, шматдзетных сем’яў, моладзі, пажылых людзей. І тыя, хто за мяжой заклікае да санкцый, прыкрываючыся імёнамі беларускіх работнікаў, дзейнічаюць, па меншай меры, цынічна.

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі катэгарычна асудзіла дзеянні ЕС. Былі сабраны больш за 1 мільён подпісаў і запісаны тысячы відэазваротаў супраць санкцый. Мы не павінны ісці на повадзе ў тых, хто сёння сее разлад.

Таццяна ЦІГАНІНА, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:

– Наша эканоміка, як жыццё – неразрыўны ланцужок. І вельмі страшна, калі будзе парвана ў ім хоць адно звяно. Усім зразумела, калі спыніцца хоць адзін завод, асабліва гігант, работу страцяць сотні людзей, цэлыя сем’і, якія працуюць тут дынастыямі. Таму яны заклапочаны, ці будуць мець работу і сродкі да існавання заўтра. Далейшыя наступствы санкцый відавочныя: недапаступленні падаткаў, недахоп у бюджэце – а менавіта адсюль складваюцца адлічэнні ў самыя розныя і запатрабаваныя сферы жыцця, такія, як медыцына, адукацыя і інш. Усё ўзаемазвязана. Спадзяюся, што здаровы розум ва ўсім свеце павінен перамагчы.

 

Над падрыхтоўкай тэматычных палос працавалі Сяргей САДОЎСКІ, Алена Залеская, Валянціна КРАЎНЕВІЧ