Паштовая справа патрабуе адданасці

Люди и судьбы Общество

Пазітыўны чалавек, сапраўдны энерджайзер, прафесіянал паштовай справы… Такія характарыстыкі ў адрас супрацоўніцы мотадастаўкі Валожынскага ўчастка  паштовай сувязі Галіны УНУКОЎСКАЙ мы пачулі ад кіраўніка арганізацыі Святланы Лугіной. Сама Галіна Мікалаеўна ганарыцца кампліментарнай ацэнкай уласнай працы. Яна ўпэўнена: сакрэт у тым, што калісьці знайшла правільнае прымяненне сваім здольнасцям.

Зусім юнай дзяўчына з Рачанят распачала прафесійную дзейнасць у Мінскай гарадской тэлефоннай сетцы. Гэта зараз сувязь з любым чалавекам, дзе б ён ні знаходзіўся, не выклікае праблем, а раней міжгародняя і міжнародная сувязь ажыццяўляліся праз тэлефаністак.

Пасля замужжа Галіна вярнулася са сталіцы на Валожыншчыну і прыйшла на напрацу ў  службу “07 і 09” (міжгорад і даведка). У той час Белтэлекам і пошта з’яўляліся адзінай арганізацыяй. Вопытны работнік Унукоўская адразу ўпісалася ў каманду, ёй  не прыйшлося нават перанавучанне праходзіць. Няпростую работу па графіку ў дзве змены выконвалі восем тэлефаністак. Нагрузка – адчувальная, асабліва ў святы. На Новы год дзяўчаты літаральна танулі ў званках.

У 90-я гады службу, якой аддадзена 16 гадоў, ліквідавалі, і Галіне прапанавалі насіць пошту. Яна дала згоду. Спачатку працавала, так бы мовіць, класічным паштальёнам, а апошнія гады дастаўляе жыхарам Валожыншчыны адпраўленні, перыёдыку і неабходныя тавары ў якасці супрацоўніка мотадастаўкі. Такім чынам, усё жыццё адпрацаваўшы ў вялікім, дружным калектыве, Г. М. Унукоўская  змагла паспяхова авалодаць некалькімі прафесіямі. Яна ўпэўнена, што чалавек шчаслівы, калі і на на працы, і дома ў яго парадак. Таму бясконца любіць сваю сям’ю, клапоціцца пра кожнага яе члена, з задавальненнем траціць сілы на добраўпарадкаванне дома і прысядзібнага ўчастка, адказна ставіцца да работы, даражыць стаўленнем да сябе з боку калектыву. Чаго яшчэ можна жадаць чалавеку з падобнымі каштоўнасцямі?  Хіба толькі як мага больш удзячных кліентаў, што дадуць магчымасць вышэй падняць паказчыкі, а тыя абавязкова паўплываюць на зарплату аднаго з лепшых паштавікоў Валожыншчыны.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара