Прафесія для цярплівых

Безопасность и здоровье Общество

Вольга РУСАКЕВІЧ працуе загадчыкам лабараторыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Шлях Вольгі Віктараўны ў прафесію аказаўся няпростым і нават у нейкай ступені нестандартным. Спачатку выпускніца СШ № 2 г. Валожына скончыла Мінскае медвучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць фельчара-акушэра. Некалькі месяцаў была загадчыкам ФАПа ў Мінцях, пасля чаго па прычыне дэкрэтнага водпуску спыніла працоўную дзейнасць у сельскай медустанове, а аднавіла яе ўжо ў РЦГіЭ, дзе пачала лабарантам. Амаль адразу паступіла на біяфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога прайшла інтэрнатуру і здала экзамены ў медуніверсітэце. Вынікам стаў дыплом урача-лабаранта. Гэта дазволіла працавітаму, эрудзіраванаму спецыялісту заняць адказную пасаду і годна кіраваць работай падраздзялення, у складзе якога дзве структуры – санітарна-гігіенічная і мікрабіялагічная лабараторыі.

У падначаленні ў Вольгі Віктараўны – калектыў з 10 чалавек. Іх сіламі праводзяцца даследаванні харчовых прадуктаў, вады, фактараў навакольнага асяроддзя. Спецыялісты ўзброены не толькі неабходнымі ведамі і вопытам. У іх распараджэнні сучасная тэхніка і належныя рэактывы, што дазваляе выявіць увесь спектр паказчыкаў (каля 100), унесеных у вобласць акрэдытацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі технічных рэгламентаў Еўразійскага Саюза.

Сапраўдны прафесіянал, В. В. Русакевіч не толькі ажыццяўляе кіраўніцтва па бадай самым адказным кірунку дзейнасці РЦГіЭ, але, пры неабходнасці, можа на высокім узроўні выканаць работу любога са сваіх супрацоўнікаў ці падказаць, як найлепшым чынам справіцца з пастаўленымі задачамі.

У Вольгі Віктараўны даволі дарослыя дзеці. На жаль, ні сын-студэнт, ні дачка-школьніца, хоць і ганарацца прафесіяналізмам роднага чалавека, для сябе медыцыну не выбралі. Толькі іх матуля не засмучаецца. Яна ўпэўнена: кожны павінен займацца любімай справай. Ёй, мікрабіёлагу па прызванні, цікава працаваць з мікраскопам, з прыборамі, высвятляць узровень шуму, вібрацыі, асвятлення, інфрачырвонага ці электрамагнітнага выпраменьвання, даследаваць клінічны матэрыял, што паступае з райбальніцы. Безумоўна, такая работа патрабуе выключнай засяроджанасці, цярплівасці і дакладнасці. Без гэтых якасцей у любой лабараторыі рабіць няма чаго, а ў медыцынскай – тым больш.

Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ