На шляху творчасці

Культура Молодежный курьер Общество

Педагогі ўстаноў, што працуюць на ніве развіцця творчых здольнасцей юных жыхароў раёна, сваёй місіяй бачаць фарміраванне ў вучняў мастацкага і музыкальнага густу, эстэтычнага светаўспрымання. Яны ўпэўнены: сёння, як ніколі, далучэнне да творчасці праз прызму класічнай адукацыі і лепшых традыцый нацыянальнай культуры можа дапамагчы дзецям і моладзі зарыентавацца ў складаных сацыяльна-культурных умовах нестабільнага свету.

У раёне на ніве дадатковай мастацкай адукацыі ў сферы культуры працуюць Валожынская, Івянецкая імя Канстанціна Паплаўскага, Ракаўская і Вішнеўская дзіцячыя музычныя школы і два самастойныя філіялы – Дорскі і Гародзькаўскі. У мінулым вучэбным годзе ў іх выкладалі 94 настаўнікі, заняткі з якімі наведвалі каля 788 навучэнцаў. У сярэднім па раёне музычнай і эстэтычнай адукацыяй ахоплены каля 45% дзяцей школьнага ўзросту.

Апошнія гады ў школах мастацтваў дзяўчынкі і хлопчыкі могуць развіць свае здольнасці па наступных кірунках: музычны (фартэпіяна, скрыпка, баян, акардэон, цымбалы, саксафон, труба, гітара, харавое мастацтва), мастацкі і дэкаратыўна-прыкладны (малюнак, жывапіс, саломапляценне, мяккая цацка, гліна, фларыстыка), харэаграфія.

Галоўныя паказчыкі прадукцыйнасці работы школ – удзел у творчых конкурсах, прафарыентацыйная работа (паступленне выпускнікоў школ у профільныя навучальныя ўстановы), пазаўрочная творчая дзейнасць (удзел у канцэртах, фестывалях, выставах).

У бягучым годзе ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у фармаце анлайн на тэрыторыі раёна прайшлі:

– адкрыты фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі імя М. Грушвіцкага ў Ракаўскай ДШМ;

– пленэр юных мастакоў імя Ф. Рушчыца “Зямля і неба Фердынанда” ў Багданаве.

    Таксама анлайн паўдзельнічалі юныя творцы Валожыншчыны і ў шматлікіх рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

Асноўныя дасягненні:

Народны ансамбль “Арс Лонга” (Ракаўская ДШМ) – міжнародны анлайн конкурс “Сусветныя артыстычныя гульні ў Іспаніі” (дыплом ІІ ступені); міжнародны конкурс у Расіі “Шлях наверх” (дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі “Інструментальнае выканальніцтва”).

Хор “Іслачанка” (Ракаўская ДШМ) – міжнародны анлайн фестываль у Грэцыі  “Сусветныя харавыя фестывалі”; лаўрэат I ступені XXI конкурсу польскай эстраднай песні “MALWY”; лаўрэат ІІ спупені ІV адкрытага творчага фестывалю-конкурсу “Талісман удачы”. Хор з’яўляецца ўдзельнікам міжнароднага маладзёжнага харавога аб’яднання “Камертон”.

Дзіцячы ансамбль “Менестрэлі” (Ракаўская ДШМ) – міжнародны фестываль  у Лондане “Залаты час талентаў” (перамога ў трох намінацыях); сольны канцэрт на пляцоўцы “Ре:паблік” у Мінску.

Дуэт цымбалістаў Дорскага філіяла – конкурс выканальніцкага майстэрства “Белавежская зорка” ў Брэсце (дыплом ІІ ступені).

Выхаванка Валожынскай ДШМ Паліна Далбаносава – конкурс музыкальнай творчасці ў Астраўцы, намінацыя “Вакал”, дыплом за ІІІ месца.

Выхаванцы Валожынскай ДШМ: Кіра Стасяловіч (фартэпіяна) – дыплом І ступені; трыа саксафаністаў – дыплом І ступені і званне лаўрэатаў; квартэт скрыпачоў – дыплом І ступені і званне дыпламантаў у Інтэрнэт-праекце “Пакары вяршыню” ў Іўі.

Ансамбль старадаўняй музыкі “Рарог” Івянецкай ДШМ таксама мае значную колькасць узнагарод. Пра гэта чытайце ў бліжэйшым нумары газеты.

Міжнародныя конкурсы, у якіх прынялі ўдзел юныя мастакі:

– міжнародны конкурс у Польшчы “Караван мастацтваў”;

– сёмы міжнародны конкурс дзіцячай творчасці “Казкі свету” ў Калінінградзе;

– другі міжнародны фестываль-конкурс нацыянальных сучасных мастацтваў “Планета дружбы”;

– міжнародны конкурс мастацкай творчасці “Казкі народаў свету” ў Маскве.

 Работа навучэнкі Дорскага філіяла Валянціны Кулік унесена ў спецыяльную кнігу “Казкі Амана”.

 На міжнародным конкурсе мастацтваў у Маскве “Крыштальная ліра” нашы канкурсанты атрымалі дыпломы лаурэатаў ІІ ступені, а выцінанка Вольгі Харлінскай заслужыла дыплом лаўрэата І ступені.

 З конкурсу “Па слядах Фердынанда Рушчыца”, што праходзіў у Рудамінскай гімназіі імя Ф. Рушчыца ў Вільнюскім раёне, выхаванцы Івянецкай ДШМ і Дорскага філіяла прывезлі тры дыпломы.

 Дыпломамі адзначаны работы хлопчыкаў і дзяўчынак, што паўдзельнічалі ў адкрытым рэспубліканскім конкурсе дзіцячага малюнка “Спадчына” ў Івацэвічах, мастацкім конкурсе “Намалюй свет” у Астраўцы, адкрытым фестывалі дзіцячай творчасці “Вясёлы Жу-Жа” ў Гальшанах, аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачамі дзяцей”. Выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў прынялі актыўны ўдзел у конкурсе сацыяльнай рэкламы “Мы розныя, але мы роўныя”, што праводзіўся ў рамках праекта “Вучымся кіраваць сваёй будучыняй”.

 

Старонку падрыхтавала

Валянціна КРАЎНЕВІЧ