ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Закон и порядок Происшествия

І ЗНОЎ ІНТЭРНЭТ-ЗЛАЧЫНЦЫ

Няўважлівасць і даверлівасць многіх грамадзян не-не ды і прыводзіць іх да сур’ёзных страт. Напрыклад, толькі на мінулым тыдні зніклі грашовыя сродкі з карт-рахункаў дзвюх жыхарак Валожына. Адна з іх “засвяціла” свае  рэквізіты на несапраўдным сайце Інтэрнэт-банкінга, у выніку чаго пазбавілася значнай сумы. Другая пасля перамоў у Вайберы з ілжэсупрацоўнікам банка таксама “падарыла” грошы невядома каму. У першым выпадку пошукі злачынцаў  пакуль не далі станоўчага выніку, вядзецца следства. Што тычыцца другога, падазроны затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

КРЫМІНАЛЬНЫ РЭЙД

Да дармавых грошай часам імкнуцца не тролькі дарослыя, але і падлеткі. Нядаўна на тэрыторыі аздараўленчага лагера “Палачанка” двое непаўналетніх здзейснілі крымінальны рэйд па пакоях шасці дзяўчынак, калі тыя адсутнічалі. Агульная сума грошай, што зніклі з сумак і кашалькоў пацярпелых, склала 147 рублёў. Справай займаецца раённы аддзел Следчага камітэта.

СПРЫТНЫЯ ЗЛАДЗЕІ

У жыхара вёскі Забрэззе прапаў бензатрымер. Устаноўлена: злодзей трапіў у памяшканне, дзе захоўвалася нятанная рэч, праз незапёртае гарышча. Такі спрыт, дарэчы, не ўпершыню, прадэманстраваў мясцовы жыхар. Мужчына 1973 года нараджэння не аднойчы прыцягваўся да адказнасці за маёмасныя злачынсты. Зараз ён, даўшы падпіску аб нявыедзе, у чарговы раз чакае вырашэння свайго лёсу, які сам жа пастаянна ўскладняе.

Яшчэ адзін  аматар завалодаць чужой маёмасцю наслядзіў на дачным участку ў Чабаях, прыхапіўшы пры гэтым абсталяванне для зварачнага апарата. Адносна выпадку вядзецца следства.

АСЦЕРАГАЙЦЕСЯ МАКУ

У ходзе спецаперацыі “Мак-2021” супрацоўнікамі міліцыі на ўчастках жыхарак вёскі Філіпіняты і Яхімоўшчына знойдзены насаджэнні маку. Вага выдаленых з глебы і знішчаных кустоў склала 1,45 кг – у першым выпадку і 250 г – у другім. Абедзвюм пенсіянеркам, якія патлумачылі  няўважлівасцю наяўнасць на іх агародах забароненых для вырошчвання  грамадзянамі раслін, вынесена папярэджанне.

ПРЫГОДЫ З ФЛЁРАМ РАМАНТЫКІ

Калі ў дзяжурную часць РАУС паступіла паведамленне ад аднаго з кіраўнікоў сельгасарганізацый аб спробе ўгону трактара, на месца адразу ж выехала аператыўная група. Высветлілася, што за злачыннымі дзеяннямі вінаватага ў гучнай гісторыі (ён жа супрацоўнік гаспадаркі) маецца рамантычная падаплёка. У 23.00 малады мужчына прыйшоў на тэрыторыю МТФ, каб спаткацца са сваёй знаёмай. Заўважыўшы трактар, пара вырашыла пакатацца, тым больш, што ключ запальвання быў на месцы. Гора-кавалеру не ўдалося пахваліцца навыкамі ў кіраванні тэхнікай – праехаўшы некалькі метраў, ён не здолеў ні вярнуцца назад, ні нават заглушыць трактар. Спалохаўшыся, мужчына і жанчына пакінулі месца дзеяння. Зараз адносна іх прыгод вядзецца разбіральніцтва.

БЕЗ МІЛІЦЫІ МІРЫЦЦА  НЕ СПРАБАВАЛІ?

Па-ранейшаму няма спакою праваахоўнікам ад сямейных пар, што прывыклі гучна і эмацыянальна высвятляць адносіны. Вось і на гэты раз жанчына з Валожына  патэлефанавала па нумары “102” з просьбай заклікаць да парадку раз’юшанага мужа, які не проста сварыцца, а сыпле пагрозамі. Аднак сустрэлі людзей у форме муж і жонка ў добрым настроі. За кароткі час тэмпераментная сям’я паспела памірыцца, таму пісаць заявы адзін на аднаго ніхто не пажадаў. У выніку давялося паслухаць прафілактычную гутарку ўчастковага інспектара.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках

падрыхтавала

Валянціна КРАЎНЕВІЧ