Галоўчанка: цікавасць да падарожжаў па Беларусі неабходна падтрымліваць і стымуляваць

Культура Общество

Цяжкасці тургаліны з-за пандэміі — гэта акно магчымасцей для развіцця ўнутранага турызму. Цікавасць да падарожжаў па краіне неабходна падтрымліваць і стымуляваць. Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка сёння ў час выязнога турызму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Раман Галоўчанка наведаў Навагрудскі раён. Асноўнай тэмай стала развіццё ўнутранага турызму і выкананне дзяржпраграмы «Беларусь гасцінная» на 2021-2025 гады.

«Гэта сфера ў Беларусі не атрымала належнага развіцця. Невысокі ўклад турызму ў эканоміку. Зразумела, што тургаліна зведвае цяжкасці, звязаныя з эпідэміялагічнымі абмежаваннямі. Але разам з негатывам трэба бачыць пазітыў — гэта тое самае акно магчымасцей, каб задзейнічаць рэзервы ўнутранага турызму», — адзначыў Раман Галоўчанка. Ён падкрэсліў, што ў гэтым плане важна ўзаемадзеянне з энтузіястамі, грамадскімі аб’яднаннямі, людзьмі, якія шчыра хочуць паказваць хараство Беларусі гасцям краіны і суайчыннікам.

Цяпер цікавасць да падарожжаў па краіне вырасла. Але гэту цікавасць неабходна стымуляваць і падтрымліваць. «Складанае пытанне — узровень сэрвісу. Датычыцца гэта гасцінічнага бізнесу, прыдарожнага сэрвісу, грамадскага харчавання, транспарту», — звярнуў увагу Раман Галоўчанка. Па праграме «Беларусь гасцінная» на развіццё інфраструктуры на пяцігодку прадугледжана звыш Br400 млн. Пакуль тэмпы асваення ў рэгіёнах невысокія.

Зрэшты, падкрэсліў прэм’ер-міністр, не заўсёды пытанне датычыцца інфраструктуры. Беларусь — краіна ўнікальных прыродных аб’ектаў. Многія хочуць адпачыць менавіта тут, далёка ад цывілізацыі. «Развіццё гэтага сегмента турызму не патрабуе вялікіх укладанняў. Патрэбны энтузіясты, арганізацыйная работа, якаснае правядзенне і суправаджэнне тураў», — сказаў прэм’ер-міністр.

Сёння Раман Галоўчанка азнаёміўся з турыстычным патэнцыялам Навагрудчыны, асноўнымі аб’ектамі, сярод якіх дом-музей Адама Міцкевіча, музей яўрэйскага супраціўлення, Навагрудскі замак, іх вопытам па прыцягненні турыстаў.