ДРАЎЛЯНЫМІ ДЗІВОСАМІ СТРАЧАЕ ДВОР ГАСЦЕЙ

Общество

Тэрыторыю адной з сядзіб у вёсцы Сугвазды клапатлівыя рукі тых, хто тут жыве, ператварылі ў своеасаблівы музей. Экспанатамі тут выступаюць эксклюзіўныя вырабы з дрэва, створаныя гаспадаром і расфарбаваныя гаспадыняй. А пастаянныя наведвальнікі – уся мясцовая дзятва. Ды і дарослыя не праходзяць каля дома, каб не кінуць цікаўны позірк на тое хараство і  падумаць: “Ну майстар і малайчына”…

Участак Антона Пятровіча і Ірыны Сцяпанаўны Лужынскіх па вуліцы Садовай нават цяпер, глыбокай восенню, патанае ў барвах кветак. Пры ўваходзе ў двор сустракаюць гасцей дэкаратыўныя насельнікі мініяцюрнай сажалкі. На перакінутым праз яе мастку, прыхіліўшыся да поручняў, “ловяць рыбу” развясёлыя жабкі, а на берагах каторы ўжо дзень зялёная іх сяброўка вядзе нягучныя дыялогі з гіпсавымі чарапашкамі. Гэтыя фігуркі былі куплены пазней, ужо пасля таго, як дзядзька Антон змайстраваў мост. На тое пайшло даволі шмат часу: трэба было з’ездзіць у лес па неабходны матэрыял, падабраць аднолькавыя па таўшчыні паленцы, ашкурыць іх, высушыць, выгнуць апоры, каб атрымалася дуга, набіць папярэчыны…

Антон Пятровіч 45 гадоў адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы ветурачом, на 4 гады меншы агульны працоўны стаж яго жонкі Ірыны Сцяпанаўны. А вось магчымасць праявіць свае творчыя натуры з’явілася толькі пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Тады і зацвілі на падворку ўсе 27 сартоў лілій, півоні, астры, хрызантэмы, з’явіліся драўляныя эксклюзівы… Кожная дэталь інтэр’ера тэрыторыі прадумана да дробязей: ідэі пеставаліся з дзяцінства.

Як расказаў Антон Пятровіч, першыя навыкі работы з дрэвам ён атрымаў ад суседзяў і роднага дзядзькі.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий