Брудна, Швед і Поляк. Чаму гэтыя словы трапілі на старонкі жыцця яўрэйскай абшчыны міжваеннага Валожына?

Общество

Валожын: старонкі жыцця міжваеннага мястэчка.

У другой палове 20 – канцы 30-х гг. мінулага стагоддзя ў Валожыне сярод месцічаў хадзіла прыпеўка:

Валожын – месца цудна,

Два гатэля – і там Брудна,

Адзін бурмішч – і той Швед,

Адзін Поляк – і той жыд.

Адразу скажу, што ў той час слова «жыд» было літаратурным і не ў якім разе не лічылася абразай у адносінах да людзей яўрэйскай нацыянальнасці.

А справа вось у чым: у прыпеўцы валожынскія самадзейныя паэты вельмі трапна выкарысталі гульню слоў з прозвішчамі канкрэтных людзей. Хаім Брудно трымаў два гатэлі ў горадзе, кіраваў магістратам Уладзіслаў Швед, а Ванд Поляк валодаў шматлікімі прадпрыемствамі і крамамі. Такім чынам, мястэчка ў тыя часы было шматнацыянальным, а значную частку месцічаў складалі яўрэі (прыкладна 2000-2300 чалавек), якія мелі нават сваіх прадстаўнікоў у мясцовым магістраце.

Большасць яўрэяў жылі па перыметры гарадской плошчы і на вуліцах, што прымыкалі да плошчы. На аддаленых вуліцах жылі беларускія сяляне. Яўрэйскія дамы можна было лёгка пазнаць: яны крылі дахі гонтай, а беларусы і палякі – саломай (гаворка, вядома, ідзе пра малазаможных людзей).

Асноўным заняткам валожынскіх яўрэяў быў гандаль і прадпрымальніцтва, але былі сярод іх дробныя прадпрымальнікі і рамеснікі (шаўцы, краўцы, бандары, рымары, цырульнікі, цесляры, муляры), а таксама інтэлігенцыя (правізары, інжынеры, дактары, рахункаводы).

У Валожыне дзейнічалі тры сінагогі (мураваная і дзве драўляныя), хедар – яўрэйская пачатковая школа і вядомая на ўвесь свет іешыва – акадэмія рабінаў. У хедары дзеці з заможных яўрэйскіх сем’яў вывучалі агульнаадукацыйныя прадметы на старажытнаяўрэйскай мове іўрыт, польскую мову і гісторыю Польшчы. Вялікая ўвага надавалася выхаванню. Скончыўшы чатыры класы хедара, яго выпускнікі станавіліся адданымі сіяністамі, што адстойвалі яўрэйскую нацыянальную ідэю, былі прыхільнікамі яўрэйскай культуры і ідэі стварэння ў Палесціне яўрэйскай нацыянальнай дзяржавы. Фінансаваўся хедар яўрэйскай нацыянальна-культурнай арганізацыяй у Рэчы Паспалітай «Тарбут» («Культура»), навучанне было платным.

Пасля заканчэння хедара яўрэйскія дзеці мелі права працягнуць бясплатнае навучанне ў пятым класе польскай агульнаадукацыйнай (паўшэхнай) школы. Дзеці з незаможных сямей маглі вучыцца ў гэтай школе з першага класа, але жадаючых было няшмат па прычыне няведання польскай мовы. Валожынскія яўрэі лепш валодалі беларускай мовай, таму што яна была больш распаўсюджанай у мястэчку, нягледзячы на тое, што польская была дзяржаўнай.

Ітак, галоўным заняткам яўрэяў быў гандаль. У Валожыне яўрэям належалі каля пяці дзясяткаў крамаў і кавярняў, большасць з якіх размяшчалася на гарадской плошчы ці ў яе бліжэйшых ваколіцах. Такую колькасць гандлёвых аб’ектаў патрэбна было забяспечыць таварам, які паступаў пераважна з Вільні. Транспарціроўкай тавараў займаліся яўрэі-балаголы, якія мелі фурманкі і добрых коней. Адным з такіх перавозчыкаў быў Давыд Кляйборн, які жыў з сям’ёй на вуліцы Крывой амаль на ўскрайку Валожына. У сям’і было чацвёра дзяцей, але ў Давыда чамусьці не вяліся коні, пагэтаму сям’я, нягледзячы на запатрабаваны занятак гаспадара, жыла бедна. За некалькі гадоў да пачатку Другой сусветнай вайны валожынскія балаголы прадалі коней, узялі пазыку ў яўрэйскім банку (існаваў у Валожыне сярод іншых пяці і такі) і набылі грузавік. Цяпер балаголы ператварыліся ў грузчыкаў. Каб аўтамабіль не прастойваў, яго здавалі ў арэнду Ванду Поляку для перавозкі дошак з лесапільні на чыгуначную станцыю «Валожын».

Не лепш за балаголаў жылі яўрэі-рамеснікі. У іх ліку былі цесляры, 4-5 кавалёў, пекары, шаўцы, краўцы, слесары, уладальнікі майстэрняў па вырабе і продажы шапак (вайсковых, паліцэйскіх, вучнёўскіх, паштовых, пажарных).

Яўрэйскія кузні мясціліся на вуліцы Еўлашоўскай на невялікай адлегласці адна ад другой. Валожынскія доўгажыхары запомнілі толькі імёны кавалёў: Зарын, Залман, Беніцыліс, Гірша. Залман, акрамя кузьні, меў у лесе смалярню, а жонка Зарына Фейга была вельмі добрай швачкай. Кавалі жылі на вуліцы з пераважна беларускім насельніцтвам і былі вельмі добрымі і спагадлівымі суседзямі. На яўрэйскія святы частавалі сваімі нацыянальнымі стравамі суседзяў-беларусаў, а на хрысціянскія не адмаўляліся ад пачастунку ад беларусаў і палякаў.

Калі рамеснікі жылі паміж сабой прыязна, то сярод яўрэяў-гандляроў і ўладальнікаў прадпрыемстваў панавала сапраўдная эканамічная канкурэнцыя. Так, на цэнтральнай плошчы Валожына стаялі дзве цукерні, дзе гандлявалі кандытарскімі вырабамі і марозівам, а таксама можна было замовіць каву і адпачыць за столікамі. Кошт абслугоўвання ў цукернях Марэцкага і Фрыда быў амаль аднолькавы, асартымент таксама. Каб павялічыць колькасць кліентаў-пакупнікоў Фрыд перад самай вайной пашырыў плошчу цукерні і павялічыў колькасць столікаў, якія ніколі не былі свабоднымі. Так Фрыд прывабліваў да сябе пакупнікоў, ствараючы для іх больш камфортныя ўмовы. Абслугоўвалі кліентаў заўсёды ветліва, ніколі не дазвалялі хамства ці ашуканства. Калі нехта забываўся ва ўстанове кашалеёк ці іншыя рэчы, то ўладальнікі знаходзілі гаспадара і ўсё вярталі. Патрэбна адзначыць, што яўрэі ў выпадку канфліктаў паміж сабой ніколі не звярталіся ў дзяржаўны суд, усе свае праблемы вырашалі ў кагале.

Цікава таксама і тое, што прадпрыемствы аднаго і таго ж профілю былі пабудаваны побач адно з адным. Так, калі рухацца ад плошчы па вуліцы Менскай у бок Мінску, то за мостам цераз Валожынку з левага боку можна было заўважыць шыльду «Mlyn I tartak.Wand Polak», а насупраць, з правага боку вуліцы – такую ж шыльду, толькі гаспадарамі значыліся Рапапорт і Перэльман. Абодва прадпрыемствы працавалі на лакамабілях (паравых рухавіках). На пачатку 30-х Поляк прыдбаў для млына і лесапільні магутную газагенератарную ўстаноўку, якая выкарыстоўвалася ў выпадку псавання лакамабіля. Так прадпрыемства Поляка ніколі не прастойвала. У гэты ж самы час Ванд Поляк адкрыў першую ў Валожыне цеплаэлектрастанцыю, якая працавала на торфе і дровах і забяспечвала электраэнергіяй увесь горад. Акрамя згаданых прадпрыемстваў Поляк трымаў у Валожыне валюш, дзе валялі сукно, майстэрню па хімічнай афарбоўцы тканін і трыер для ачысткі зерня.

З мэтай прывабіць да сябе кліентаў Поляк устанавіў на сваім млыне піцель, які дазваляў рабіць дробны памол. Амаль перад самай вайной сучасную сістэму пітлявання ўстанавіў Рапапорт. Па гэтай прычыне амаль усе гаспадары ехалі малоць да Рапапорта, а яго канкурэнт Поляк быў вымушаны спецыялізавацца толькі на распілоўцы лесу.

Амаль усе валожынскія яўрэі былі пісьменныя да той ступені, якая мела магчымасць весці гандлёвыя справы. Толькі адзінкі мелі сярэднюю ці вышэйшую адукацыю. Так, Гербер у маладосці вучыўся ў іешыве на рабіна, але навучанне не скончыў і гандляваў гарэлкай у арандаванай дзяржаўнай краме. Былы афіцэр Войска Польскага Шпанцэр займаў у магістраце высокааплатную пасаду кантралёра электралічыльнікаў. Выдзяляліся сваёй адукаванасцю фельчар Царт і капельмайстар пажарнага духавога аркестра Ратнер, гаспадар крамы акулярнай оптыкі Бяльковіч, тры браты Раговіны, фатограф і ўладальнік кавярні Ківялевіч і яго сястра (скончыла біялагічны факультэт Кракаўскага ўніверсітэта), сын В. Поляка Муля меў дыплом інжынера і працаваў на прадпрыемствах бацькі, а зяць Поляка быў доктарам і трымаў прыватны рэнтгенкабінет, чаго не было ў дзяржаўнай бальніцы.

Такім было жыццё яўрэйскай абшчыны міжваеннага Валожына.

 

Автор статьи: Аляксандр Чорны

Автор фото: з адкрытых крыніц