Еднасць – у нашай натуры: жыхары раёна разважаюць на тэму нацыянальнага адзінства

2021 - Год народнага адзінства Общество

Алена ПЕТРАШКЕВІЧ, дырэктар Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця:

– Апошні год быў няпростым. Пандэмія, рознагалоссі ў краіне, эканамічная нестабільнасць узнялі і да таго высокі ўзровень адказнасці кіраўніка. Неабходна было не толькі выконваць штодзённыя абавязкі, але і захаваць спакойную, здаровую абстаноўку ў доме-інтэрнаце. Бо рабяты ў нас знаходзяцца кругласутачна, і ў асноўным іх светапогляд залежыць ад работнікаў нашага дома. Мы для іх з’яўляемся сям’ёй, якая закладвае асновы развіцця асобы дзіцяці. Ад таго, як навучым іх адносіцца да сваёй Радзімы, падзей, што адбываюцца, да людзей – залежыць іх будучыня. Таму ўдвая радасна, што ў Год народнага адзінства мы яшчэ больш згуртаваліся, што ў доме-інтэрнаце пануе атмасфера салідарнасці і ўзаемаразумення. Мы ўсе – работнікі, выхаванцы – ведаем, што мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, – адна вялікая і дружная сям’я, і хочам жыць у стабільнасці і спакоі.

Святлана МУЧЫНСКАЯ, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра:

– У дзяцінстве я была вучаніцай Узбалацкай школы, дзе працаваў калектыў неверагодна прафесійных педагогаў, кіравала якімі  заслужаны настаўнік БССР Галіна Васільеўна Кароль. З дапамогай  іх, вельмі  разумных, дасведчаных інтэлігентаў, што карысталіся безумоўным аўтарытэтам у дарослых і дзяцей, у мяне сфарміравалася меркаванне адносна таго, якім павінна быць грамадства – адзіным і таму моцным. Нас вучылі трымацца адзін за аднаго, паважаць чужую думку, мірным шляхам дасягаць кансэнсусу па любых пытаннях. Шмат увагі надавалася патрыятычнаму выхаванню. На ўроках гісторыі, на пазакласных мерапремствах мы паглыбляліся ў тэму Вялікай Айчыннай вайны, вывучалі подзвіг савецкага народа ў барацьбе за свабоду і мір ва ўсім свеце. Ужо тады мы, дзеці, разумелі: СССР выстаяў, бо людзі, незважаючы на рознасць нацыянальных культур, былі разам. Я веру, што сённяшні збой у нашым грамадстве – часовы. Беларусы нават з чужакамі ніколі нічога не дзялілі, а між сабой – тым больш.

Мікалай ГАРНАСТАЙ, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, жыхар вёскі Сакаўшчына:

   –   Мір і згода – самае галоўнае ў жыцці. Якія могуць быць спрэчкі між беларусамі? Працаваць трэба, дабрабыт ствараць, дзяцей выхоўваць, Богу маліцца. Як можна з кімсьці не мірыцца, асабліва ў сваім жа асяроддзі? Некалі ў час вайны мы апошнім акрайцам хлеба дзяліліся з хлопцамі з Расіі, Украіны, Грузіі… А што, цяпер нават нас, беларусаў, хочуць перабаламуціць? Мы не дадзімся! Я – чалавек веруючы, кожны дзень малюся за свой народ, за простых людзей, за тых, хто пры ўладзе, каб усе разам прыдумалі, як справіцца з цяжкасцямі, і каб, колькі будзе існаваць свет, на нашай зямлі не гучала ні стрэлаў, ні лаянкі. Трэба быць адзінымі!

Антаніна ТРАЦЭЎСКАЯ, старшыня Валожынскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа:

– Лічу, што Год народнага адзінства закліканы згуртаваць людзей, прымірыць розныя светапогляды. Мы проста абавязаны адчуць сябе адзіным грамадствам – і гэта нас толькі ўмацуе. Сапраўдны патрыятызм кожнага, адданасць сваёй краіне, прытрымліванне яе інтарэсаў дазволіць Беларусі дасягнуць новых поспехаў, захаваць цэласнасць, узмоцніць аўтарытэт на міжнароднай арэне.

Чырвоны Крыж за стагоддзе свайго існавання падстаўляў плячо людзям у самых складаных жыццёвых сітуацыях, не чакаючы нічога ўзамен. Адзін з асноўных прынцыпаў таварыства – адзінства, якое аб’яднала па ўсім свеце тысячы людзей. Нягледзячы на нацыяльнасць, веравызнанне, палітычныя погляды, матэрыяльнае становішча, яны стараюцца дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу, канкрэтнымі справамі, учынкамі, ахвяраваннямі. Што мы адзіныя ў сваіх памкненнях, яшчэ раз пацвердзілі і ўсеагульныя намаганні ў барацьбе з COVID-19.

Давайце будзем добрымі, цярпімымі і паважлівымі адзін да аднаго дзеля нашай будучыні і будучыні нашых дзяцей!