На стадыёне – якасныя змены

Культура Общество

На мінулым тыдні завяршыліся работы па рэканструкцыі стадыёна ў мікрараёне Сельгастэхніка райцэнтра. Спартыўны аб’ект і адно з найбольш наведваемых месцаў у Валожыне істотна змянілася, папрыгажэла і набыло большую функцыянальнасць.

З абласнога бюджэту на рэканструкцыю было выдзелена 40 тысяч рублёў. За гэтыя сродкі пры дапамозе работнікаў філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ № 167» укладзена новае асфальтавае пакрыццё, закуплены будаўнічыя матэрыялы і дзве кабінкі для запасных ігракоў спартыўных спаборніцтваў. А вось за кошт таго, што ўкладка тратуарнай пліткі і мантаж кабінак вяліся сіламі работнікаў па комплексным абслугоўванні дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, удалося зэканоміць каля 5 тысяч рублёў. За гэтыя грошы былі набыты і ўстаноўлены антывандальныя вулічныя трэнажоры. У мінулую пятніцу іх ужо аблюбавала і пачала асвойваць мясцовая дзятва.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара